Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла звыш 100 бацькоў за ўдзел непаўналетніх у акцыях, пагражае забраць дзяцей 


За ўдзел непаўналетніх у масавых акцыях ім самім і іх бацькам пагражае адміністрацыйная адказнасьць: ад штрафу аж да забіраньня дзяцей зь сям’і.

Пра гэта начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генэральнай пракуратуры Аляксей Падвойскі заявіў у эфіры тэлеканалу СТБ.

Па яго словах, удзел непаўналетніх у несанкцыянаваных мерапрыемствах азначае парушэньне як унутраных, так і міжнародных прававых актаў. Маўляў, дзіця ў такім выпадку знаходзіцца ў месцы, дзе няма гарантый яго бясьпекі, а дарослыя нясуць адказнасьць за падобныя дзеяньні.

Цяпер з бацькамі, якія бралі дзяцей на акцыі, праводзяцца гутаркі, а таксама ў іх адрас выносяцца афіцыйныя папярэджаньні. Аднак у некаторых выпадках органы апекі могуць ставіць пытаньне аб сацыяльна небясьпечным становішчы дзіцяці.

Як расказаў прадстаўнік Генпракуратуры, калі ў акцыі бярэ ўдзел падлетак, старэйшы за 16 гадоў, на яго можа накладацца штраф. А калі на акцыі маладзейшае за гэты ўзрост дзіця, то адміністрацыйную адказнасьць могуць панесьці бацькі.

Ён удакладніў, што па розных фактах папярэдзілі больш за 100 бацькоў і дзяцей. Забіраньне дзіцяці зь сям’і ў некаторых выпадках таксама магчымае, адзначыў чыноўнік. Аднак з бацькамі вядзецца пераважна рэабілітацыйная работа, бо адабранне дзяцей ня ёсьць мэтай дзяржаўных органаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG