Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай гімназіі выступіла лектарка зь міліцыі. Бацькі выклікалі на размову дырэктара


Менская гімназія №4
Менская гімназія №4

Раніцай 14 верасьня больш за сотню бацькоў сабраліся на тэрыторыі менскай беларускай гімназіі № 4, каб выказаць прэтэнзіі дырэктару навучальнай установы Андрэю Гоцману.

Прычынай стаў пятнічны прыход у гімназію супрацоўніцы інспэкцыі ў справах непаўналетніх Фрунзэнскага РУУС Менска Вікторыі Рудой. 11 верасьня школьнікаў 8-х клясаў сабралі ў актавую залю, дзе прадстаўніца праваахоўных органаў папярэдзіла дзяцей пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, расказала пра «фашысцкія сымбалі», пад якімі ходзіць апазыцыя, а таксама папярэдзіла, каб больш за двое не зьбіраліся, бо гэта ўжо «масавая акцыя».

«Прадстаўніца міліцыі запалохвала падлеткаў»

Паводле саміх вучняў, многія дэманстратыўна пайшлі з сустрэчы, а іншыя запісалі прамову на тэлефоны і перадалі бацькам.

«Усе мерапрыемствы, якія адбываюцца ў краіне, несанкцыянаваныя, — пачала супрацоўніца інспэкцыі. — Праз гэта многія людзі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Бойкі, напады, выкарыстаньне хлапушак, кактэйляў Молатава і сьвятлашумавых гранатаў на мітынгах — бандыцкія апэрацыі, за якія прадугледжана ўжо не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасьць».

Далей Вікторыя Рудая прыгразіла падлеткам, што «ня дай Бог, яна кагосьці пабачыць з гэтым сьцягам або белую стужачку на руцэ».

«Я потым пагляджу, можаце адразу здымаць (шум у залі, абурэньне). Калі вы чыталі гісторыю, пад гэтым сьцягам хадзілі немцы, ён зьяўляецца нацысцкім сымбалем. Я прашу супакоіцца, будзеце задаваць пытаньні потым... Мы як органы ўнутраных спраў лічым, што захоп улады пачынаецца з таго моманту, калі ідуць заклікі ў сацсетках: давайце станем вакол РУУС або пойдзем на плошчу Незалежнасьці. Калі людзі так гуртуюцца, намер на захоп улады ў іх ужо ёсьць. Той жа Nexta піша: зьбіраемся там і там. Гэта заклік да экстрэмісцкіх дзеяньняў».

Абураныя бацькі вырашылі дазнацца, на якой падставе кіраўніцтва дапускае ў навучальную ўстанову такіх «лектараў». Па іх словах, супрацоўніца міліцыі пералічыла ўсё тое, за што можна прыцягваць да адказнасьці сілавікоў — гвалт, ужываньне зброі, адсутнасьць ідэнтыфікацыі.

14 верасьня блізу 120 чалавек прыйшлі да прыступак гімназіі — у будынак наведнікаў не пускаюць з прычыны «эпідэмічнай сытуацыі». Ім было даведзена, што дырэктар на нарадзе, і параілі прыходзіць у прыёмны дзень — серада пасьля абеду. Такі расклад бацькоў не задаволіў, запатрабавалі прадстаўніка адміністрацыі. На ганак выйшла намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч.

Панаракала, што інспэктарка перад тым наведала восем установаў адукацыі, і ўсё было добра. А тут раптам нейкая незадаволенасьць. Сказала, што гэта плянавы візыт, бо з падлеткамі, у якіх ламаецца сьветапогляд, неабходна працаваць у тым ліку і праваахоўным органам. Пра зьмест прамовы ня ведала, бо зь імі тэкст ніхто не ўзгадняе. У выніку жорсткай гадзіннай размовы пагадзілася, што кіраўніцтва школы зьбярэ васьміклясьнікаў і скажа пра факталягічныя памылкі лектаркі. Пасьля гэтага ў прыёмнай зарэгістравалі калектыўную заяву бацькоў навучэнцаў.

Калі большасьць людзей разышліся, прыехаў экіпаж міліцыі і Андрэй Гоцман. Сілавікоў выклікалі з вахты — «ці мала што». Зрэшты, неўзабаве тыя ад’ехалі. Дырэктар гімназіі запрасіў бацькоў у актавую залю і, як і ягоная намесьніца, зазначыў, што не ў ягонай кампэтэнцыі кантраляваць лектараў зь сілавых структураў. Паабяцаў праслухаць запіс і, калі нешта яму здасца непрымальным, агучыць свае прэтэнзіі кіраўнцтву інспэкцыі ў справах непаўналетніх. І запэўніў, што ў прысутнасьці дарослых сам пагаворыць з падлеткамі, зь якімі вяла гутарку Вікторыя Рудая.

«Старшыня камісіі забясьпечыў на выбарах яўку 107%»

Прэтэнзіі да Андрэя Гоцмана не абмяжоўваюцца толькі эпізодам з запрошанай міліцыянткай. Ён быў кіраўніком адной з участковых камісій, якія на час выбараў прыпісаліся ў гімназіі. Паводле незалежных назіральнікаў і падлікаў плятформы «Голас», разам з датэрміновым галасаваньнем яўка на ўчастку склала... 107%. Акрамя таго, 9 жніўня старшыня-дырэктар выклікаў АМАП, калі людзі запатрабавалі выніковых пратаколаў.

На гэтай падставе была падрыхтаваная і перададзеная калектыўная заява на 5 аркушах з амаль двума сотнямі подпісаў. У прыватнасьці, асуджаюцца парушэньні Выбарчага кодэксу, учыненыя чальцамі выбарчай камісіі на тэрыторыі гімназіі. Гэта абмежаваньне правоў і забарона прысутнасьці на выбарчых участках незалежных назіральнікаў, адмова назіральнікам у азнаямленьні з копіяй пратаколу, неадпаведнасьць колькасьці выбарнікаў у падліках назіральнікаў і пратаколах камісіі.

Падпісанты абураныя паводзінамі чальцоў выбарчых камісій пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Гэта тычыцца адмовы азнаёміць выбарнікаў з выніковым пратаколам, эвакуацыя чальцоў камісіі пад аховай супрацоўнікаў АМАП у той час, калі на тэрыторыі гімназіі знаходзіліся выбарнікі, бацькі вучняў, а таксама непаўналетнія дзеці.

Таксама асуджаюцца выказваньні «грамадзяніна Лукашэнкі» пра тое, што настаўнікам, якія не падтрымліваюць ідэалёгію дзяржавы, ня месца ў школьных сьценах. Згодна з артыкулам № 4 Канстытуцыі Беларусі, ідэалёгія палітычных партый, рэлігійных, ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў ня можа навязвацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў. А таму недапушчальны перасьлед, звальненьні і іншыя рэпрэсіі ў бок настаўнікаў, якія прытрымліваюцца альтэрнатыўных палітычных поглядаў.

Акрамя таго, бацькі катэгарычна забараняюць без дазволу законных прадстаўнікоў зьбіраць подпісы зь непаўналетніх пад любымі дакумэнтамі, адклікаць дзяцей з заняткаў для любых мэтаў, прадстаўнікам праваахоўных органаў весьці «прафіляктычныя» гутаркі, супрацоўнікам гімназіі праводзіць ідэалягічную працу, накіраваную на аднабаковае асьвятленьне палітычнай сытуацыі і гісторыі нацыянальных сымбаляў, а таксама пагражаць адказнасьцю за погляды навучэнцаў і іх бацькоў.

«Адмовіцца ад любых ахвяраваньняў на патрэбы школы»

Разам з тым ёсьць і іншыя прыклады. У гімназіі № 4 выкладае фізкультуру Сяргей Арцюшэўскі, які падпрацоўвае ратавальнікам. Яго на тры дні пасадзілі на Акрэсьціна за тое, што разам з калегамі ратаваў пратэстоўцаў 6 верасьня — падчас уцёкаў ад амапаўцаў тыя скакалі ў Камсамольскае возера. Абвінавацілі, што не перадаў у рукі праваахоўнікам, а вазіў на другі бераг.

10 верасьня яго судзілі, далі штраф 810 рублёў. Пагражалі звальненьнем. Адміністрацыя запэўнівае, што Арцюшэўскі будзе працаваць. Бацькі, якія сабраліся ля школы, віталі Сяргея авацыямі — ён якраз вёў школьнікаў на стадыён.

Тым ня меней бацькі вучняў занепакоеныя фактамі і тэндэнцыямі, якія выходзяць за межы прававога поля, і прыйшлі да наступнага рашэньня:

  • адмовіцца ад любых добраахвотных ахвяраваньняў на патрэбы школы;
  • адмовіцца ад фармаваньня бацькоўскіх камітэтаў і апякунскіх радаў;
  • адмовіцца ад прысутнасьці дзяцей на інфармацыйных гадзінах (палітінфармацыях) дзеля абароны ад інфармацыі ідэялагічнага характару;
  • адмовіцца ад удзелу дзяцей у любых мерапрыемствах, прапанаваных гімназіяй, якія не зьвязаныя наўпрост з вучэбным працэсам ці творчасьцю.

Згодна з артыкулам 3 Канстатуцыі Рэспублікі Беларусь, народ Беларусі ёсьць адзінай крыніцай улады ў краіне. На гэтай падставе арганізаваныя бацькі гімназістаў маюць намер і надалей сачыць за выкананьнем законаў адміністрацыяй і супрацоўнікамі навучальнай установы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG