Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік БПЦ загадаў спыніць збор подпісаў супраць горадзенскага архіяпіскапа, які асудзіў гвалт уладаў


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, выступіў супраць збору подпісаў за адкліканьне зь япіскапскай катэдры архіяпіскапа Арцемія, які асудзіў гвалт сілавікоў, піша БелаПАН.

«Ніякіх подпісаў не зьбіраць ні ў які бок! Усё на гэтым. (...) Ніякіх подпісаў, ніякіх проціпастаўленьняў! Толькі разам [вырашаем праблемы] — у міры», — сказаў кіраўнік БПЦ па-беларуску падчас размовы ў Горадні.

14 жніўня архіяпіскап Арцемій выступіў са зваротам да вернікаў і кліру, асудзіў гвалт супраць мірных дэманстрантаў і падтрымаў жанчын, якія выйшлі на пратэст з кветкамі, сказаўшы, што верыць у здольнасьць любові і міру «вярнуць праўду ў нашы душы». «Кроў ахвяраў і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленьні тых, хто сьвядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — адзначыў праваслаўны герарх.

Падчас пропаведзі 16 жніўня ў катэдральным саборы Горадні архіяпіскап Арцемій заявіў, што «царква палітыкай не займаецца», але нельга маўчаць, калі «чыніцца беззаконьне»: «Нашы людзі ператварыліся ў зьвяроў і разьдзіраюць сваіх жа братоў. Да нас, сьвятароў, прыходзяць і расказваюць са сьлязьмі на вачах, „што з маёй дачкой робяць“. Да нас прыходзяць, расказваюць пажылыя людзі — на лавачцы сядзелі, а іх зьбілі, прынізілі. Яны жыцьцё аддавалі за нашу Айчыну!»

Пазьней у Беларускім экзархаце Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) заявілі, што адносна зьместу пропаведзі Арцемія патрыяршаму экзарху паступаюць «шматлікія звароты і зьдзіўленыя пытаньні».

Пасьля гэтага стала вядома пра збор подпісаў за адкліканьне Арцемія зь япіскапскай катэдры. Спачатку паведамлялася, што збор подпісаў ініцыявала ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла Глухава, аднак пазьней адказнасьць за збор подпісаў узяла на сябе Натальля Яцэвіч, якая напісала ў Фэйсбуку, што подпісы зьбірала яна, а ігуменьня Гаўрыіла пра гэта нават ня ведала.

Варта адзначыць, што ігуменьня Гаўрыіла, выступаючы 17 верасьня ў «Менск-Арэне» на арганізаваным у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі жаночым форуме «За Беларусь», рэзка скрытыкавала пратэсты, якія праходзяць у краіне. Сярод іншага ў сваім выступе ігуменьня назвала апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі «сэктантамі», а таксама зганьбіла нацыянальныя сымбалі Беларусі.

21 верасьня ў БПЦ выступілі з заявай, у якой падкрэсьлілі, што рэакцыя асобных прадстаўнікоў царквы на сытуацыю ў краіне адлюстроўвае выключна іх асабісты погляд на тое, што адбываецца, але не зьяўляецца афіцыйнай пазыцыяй БПЦ.

22 верасьня манахіня Гаўрыіла Глухава папрасіла прабачэньня ва ўсіх, каго абразіў або зачапіў яе выступ на жаночым форуме «За Беларусь» 17 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG