Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш пратэсту ў Магілёве
Марш пратэсту ў Магілёве

Пратэст у шахце. Што адбываецца на 44-ы дзень беларускіх пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 44-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

МУС: Канфідэнцыйнай інфармацыі пра супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не было апублікавана

Ўцечкі пэрсанальных дадзеных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не было, заявіла ў эфіры тэлеканалу «Расея-24» прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава. Паводле яе, у сеціве апублікавалі сьпіс чатырохгадовай даўніны.

«За гэты час шэраг супрацоўнікаў перайшлі ўжо на іншыя пасады, у іншыя падразьдзяленьні і ведамствы. Некаторыя звольніліся ў сувязі з выслугай гадоў, – цытуе прэс-сакратара Sputnik.by».

Чамаданава назвала ілжывымі паведамленьні аб масавых звальненьнях супрацоўнікаў з праваахоўных органаў і пра тое, што пасьля апублікаваньня сьпісаў з дадзенымі многія зьвярнуліся па дапамогу і абаронай у розныя фонды. Паводле яе, за восем месяцаў бягучага года з органаў унутраных спраў звольнілася на 11% менш міліцыянтаў, чым за аналягічны пэрыяд 2019 году.

«Людзі сталі ў счэпку і пачалі даваць адпор амапаўцам». Актывіст – пра стрэлы сілавікоў на маршы ў Берасьці

Берасьцейскае выданьне «Бінокль» апублікавала відэа, на якім бачна, як сілавікі распыляюць газ у твары пратэстантам. Сілавікі ў Берасьці таксама стрэлілі ў паветра: пазьней у МУС пацьвердзілі, што гэта было зроблена «у папераджальных мэтах».

Актывіст зь Берасьця Віктар Клімус распавёў Настоящему времени, што адбывалася ў горадзе:


«Стрэл, па-мойму, быў адзін. Гэта была, па-мойму, трэцяя спроба разгону. Людзей стала больш, людзі арганізаваліся, сталі ў счэпку і пачалі даваць адпор амапаўцам. І яны стралялі, калі адчулі, што пратэстоўцы пачынаюць проста на іх напіраць і адбіваць людзей, якіх яны спрабуюць затрымаць».

«Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня

Жыхар Менску распавёў аб згвалтаваньні супрацоўнікам АМАПу. Адбылося гэта 11 жніўня. Тады сілавікі масава затрымлівалі жыхароў Менску па абвінавачваньнях ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.

Мужчына сьцьвярджае, што ў той вечар ён ня быў удзельнікам акцый, а толькі праходзіў побач. Яго і яшчэ пецярых чалавек зьмясьцілі ў аўтазак. Ўнутры супрацоўнікі АМАПу патрабавалі ад мужчыны разблякаваць яго тэлефон, зьбівалі, а потым, як мяркуе пацярпелы, верагодна, старшы па званьні супрацоўнік АМАПу згвалціў яго дубінкай.Цяпер мужчына выехаў з Беларусі і згадзіўся расказаць «Настоящему времени», як гэта адбывалася.

Ён не паказвае твар і не называе імя з прычыны боязі за ўласную бясьпеку і бясьпеку сваіх блізкіх. Ён перадаў рэдакцыі заключэньне мэдыкаў у пацьверджаньне таго, што адбылося.

2020 як год калектыўнага беларускага імунітэту — супраць дыктатуры

Цяпер на дзесяцігодзьдзі ў памяці беларусаў застанецца, што аўтарытарызм — гэта ня проста неадэкватныя заявы нездаровага кіраўніка, ня жартачкі, не пацешныя мітынгі прыгонных «ябацек». Гэта зьверствы, забойствы, гэта адбіраньне дзяцей, гэта ўдар з развароту маёрскім кулаком у твар жанчыны, гэта валачэньне ў аўтазак цяжарнай, гэта арышты ратавальнікаў за тое, што не дазволілі людзям патануць.

Нярэдка кажуць — як добра было б, калі б Лукашэнка сышоў раней. Напрыклад, у якім 2006 годзе. Ну ці хаця б у 2015-м.

Цалкам блог Віталя Цыганкова чытайце ТУТ.

«Надзелі форму і маскі». У Мазыры асудзілі рабаўнікоў, якія прыкінуліся міліцэйскім спэцназам

Суд Мазырскага раёну вынес прысуд па рэзананснай крымінальнай справе аб рабаваньні сямейнай пары сёлета ў студзені. Як піша «Жыцьцё Палесься», у Мазыры два чалавекі надзелі вопратку, падобную да формы супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня міліцыі, на галаву надзелі маскі.

Прадставіўшыся супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня, яны сказалі, што правяраюць паляўнічую зброю, «бо ў горадзе забіты дзяржаўны чыноўнік, мы праводзім маштабную праверку», і зайшлі ў кватэру да пацярпелых. Нападнікі зьвязалі мужа і жонку і забралі грошы на агульную суму 5400 рублёў.

Нападнікаў цяпер асудзілі на 9 і 6,5 года калёніі. Яшчэ адзін чалавек, якога прызналі «наводчыкам», атрымаў 4 гады калёніі.

У Гомлі ўшанавалі памяць затрыманага Аляксандра Віхора ў 40 дзён пасьля яго сьмерці

У атачэньні міліцыі шасьцёра дзяўчат у Гомлі ўсклалі кветкі на саракавы дзень пасьля сьмерці 25-гадовага Аляксандра Віхора.

Ціханоўская ў Брусэлі: што адказвае Эўропа?

Чаму Рада кіраўнікоў МЗС дзяржаваў Эўразьвязу не прыняла рашэньня пра санкцыі адносна Беларусі? Ці знойдуцца міжнародныя пасярэднікі, якія захочуць і змогуць наладзіць дыялёг паміж Лукашэнкам і Каардынацыйнай радай? Як будзе рэагаваць Эўразьвяз, калі Менск адмовіцца ад шматвэктарнай зьнешняй палітыкі, што прапануе старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць дырэктарка базаванага ў Браціславе міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.

Павел Сьлюнькін, першы сакратар упраўленьня Эўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі, на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў пра сыход з пасады

Колішні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка напісаў учора ў сваім тэлеграм-канале, што 30 дыпляматаў звольняць са структуры МЗС за выказваньні ў асабістых сацсетках пра нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і актамі гвалту над мірнымі дэманстрантамі з боку амапаўцаў.

Сьлюнькін быў адным з тых, хто рабіў такія выказваньні. У МЗС Беларусі інфармацыю пра звальненьні камэнтаваць адмовіліся.

Латушка заявіў, што гатовы выступіць у расейскай Думе. У адказ расейскі дэпутат назваў яго «ворагам Беларусі»

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка заявіў пра сваю гатоўнасьць выступіць у Дзяржаўнай Думе Расеі, каб патлумачыць там пазыцыю Рады. Латушка сказаў пра гэта пасьля свайго выступленьня ў Эўрапарлямэнце 21 верасьня.

Расейскае агенцтва «Новости» працытавала рэакцыю на гэтую заяву Латушкі з боку першага намесьніка камітэту па справах СНД у Дзярждуме Віктара Вадалацкага.

Вадалацкі абвінаваціў Каардынацыйную раду ў тым, што яна патрабуе санкцыяў, празь якія кожны беларус можа страціць працу, таму «гэта ўжо не апазыцыя, гэта ворагі Беларусі, а з ворагамі Беларусі нам няма пра што размаўляць».

Стаматоляг Вольга Рыбакова зь Берасьця, якая заступілася за людзей і атрымала раненьне ад амапаўцаў, сёньня выйшла на працу

У першы працоўны дзень пасьля лекаваньня Вольга Рыбакова прыняла двух пацыентаў:

«Сёньня я выйшла на працу і паціхеньку пачынаю працаваць і вяртаюся да жыцьця. Сёньня два пацыенты, заўтра — тры, і паціхеньку буду нарошчваць. Амаль паўтара месяца не працавала і пакуль не магу адразу вялікую нагрузку, паціхеньку ўсё прыйдзе ў норму».

У Чэхіі беларусу за ўдзел у баях супраць Украіны на Данбасе пагражае 15 гадоў турмы

У судзе Прагі абвінавачваньне папрасіла асудзіць на 15 гадоў пазбаўленьня волі і пажыцьцёвае выдварэньне з краіны грамадзяніна Беларусі, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях супраць Украіны на Данбасе.

Падсудны Аляксандар Фадзееў адмаўляе сваю віну і заяўляе, што хацеў толькі дапамагчы людзям абараніцца ад «украінскіх фашыстаў», але сам ня ўдзельнічаў у баях, паведамляе чэскае інфармацыйнае агенцтва ČTK.

Фадзеева абвінавачваюць паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Чэхіі пра «тэракт», які прадугледжвае пакараньне ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер Фадзееў у турме, бо асуджаны за іншае злачынства.

Пасьля 22 дзён адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю эканаміст, сябра руху «За свабоду» Андрэй Юркоў. Горацкі раённы суд на Магілёўшчыне адправіў актывіста ў мясцовы ізалятар за ўдзел у пратэставых акцыях. На Юркова горацкая міліцыя склала 4 пратаколы за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах». На волі актывіста сустракалі сябры і паплечнікі.

Андрэй Юркоў кажа пра холад і кепскую ежу ў ізалятары. Ён пацьвердзіў, што мясцовая прыхільніца пераменаў Ларыса Самсонава, асуджаная на 10 сутак, трымае галадоўку. Пэнсіянэрцы пастаянна выклікаюць мэдычную дапамогу. Пра яе арышт стала вядома 15 верасьня.

Увод першага энэргаблёку БелАЭС зноў перанесьлі: цяпер на I квартал 2021 году

Другі энэргаблёк на гэты момант плянуюць увесьці ў 2022 годзе.

Міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што першы энэргаблёк БелАЭС плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў першым квартале 2021 году, а другі — у 2022 годзе. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на 64-й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі МАГАТЭ ў Вене.

16 верасьня Аляксандар Лукашэнка казаў пра ўвод першага блёку АЭС у чацьвёртым квартале 2020 году, а менавіта 7 лістапада, у гадавіну кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе.

Няўзораў адказаў Уткіну: «Цяпер ёсьць толькі „Жыве Беларусь!“»

Вядомы расейскі журналіст і публіцыст Аляксандар Няўзораў адказаў на рэпліку папулярнага расейскага спартовага камэнтатара і блогера Васіля Уткіна пра пратэсты ў Беларусі.

«Пратэсты ў Беларусі? Я за гэты час ужо стаміўся б хадзіць па вуліцах. Мая цікавасьць да гэтага згасае», — казаў спартовы камэнтатар. Няўзораў адказаў наступным чынам:

«Так, гэтая рэвалюцыя разьвіваецца ня так, як бы мне хацелася, і ня так, як бы мне бачылася. Але гэта зусім ня важна! У дадзеным выпадку тут трэба ставіцца да паўстанцаў і пратэстоўцаў толькі як да людзей, якім на дадзены момант мы чартоўска патрэбныя... Таму і ў цябе, Васіль, у чалавека ўсё роўна для вельмі многіх людзей аўтарытэтнага, зь вельмі слушнай пазыцыяй па мностве пытаньняў, няма ніякага права ў дадзеным выпадку на расчараваньне, на стомленасьць, на індыфэрэнтнасьць — не. Вось цяпер ёсьць толькі «Жыве Беларусь!», – цытуе Няўзорава партал Tribuna.com.

«Зьяжджайце ў іншую краіну і гандлюйце там сваім целам». Гісторыі трох дзяўчат, затрыманых на акцыях

У Беларусі новы палітвязень — праваабаронца Марфа Рабкова

17 верасьня ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфу Рабкову і яе мужа Вадзіма Жаромскага.

Пры затрыманьні Рабковай паведамілі, што яна фігурантка крымінальнай справы паводле ч.3 арт. 293 — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаваньне такой дзейнасьці. 19 верасьня яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.

Марфа Рабкова разам з валянтэрамі «Вясны» ажыцьцяўляла назіраньне за правядзеньнем мірных сходаў, брала ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары», дакумэнтавала сьведчаньні катаваньняў і жорсткіх відаў абыходжаньня ў дачыненьні да затрыманых пратэстоўцаў.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці лічаць, што Марфу Рабкову пазбавілі волі за негвалтоўную дзейнасьць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў. На падставе гэтага Марфа Рабкова прызнаная палітычнай зьняволенай. Агулам у Беларусі такіх людзей ужо больш за 70.

Менскі гарадзкі суд пакінуў палітзьняволеных Марыю Калесьнікаву і Ільлю Салея пад вартай

Пасьля пасяджэньня, якое доўжылася больш за тры гадзіны, Менскі гарадзкі суд адмовіў у скарзе абароны Марыі Калесьнікавай на меру стрыманьня ў выглядзе арышту. Пра гэта Свабодзе паведаміла адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак.

«Прычыны не былі патлумачаныя судзьдзёй. Калі мы атрымаем пастанову, будзем далей яе абскарджваць у Вярхоўным судзе», — сказала Людміла Казак.

Марыя Калесьнікава ўдзельнічала ў пасяджэньні суду празь відэасувязь, дадала адвакатка:

«Яна выглядала цудоўна, была бадзёрая, вітала ўсіх. І ўсе ў залі адказалі ёй гучнымі аплядысмэнтамі, што не спадабалася судзьдзі».

У тым ліку яна вітала свайго бацьку Аляксея і заходніх амбасадараў і дыпляматаў, якія прыбылі на пасяджэньне і дачакаліся выраку. Дыпляматы мелі значкі «Свабоду палітвязьням».

Эўразьвяз перанёс пытаньне пра беларускія санкцыі, бо міністры замежных спраў сёньня ня здолелі дамовіцца. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

«Міністры абмеркавалі пытаньне санкцый. І нягледзячы на тое, што ёсьць дакладнае жаданьне зацьвердзіць гэтыя санкцыі, было немагчыма зрабіць гэта сёньня, бо неабходнай аднагалоснасьці не ўдалося дасягнуць. Гэтае пытаньне цяпер будзе разгледжана кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў пазьней на гэтым тыдні».

Асацыяцыя апэратараў Эўропы — пра адключэньне інтэрнэту ў Беларусі «на патрабаваньне дзяржорганаў»

Асацыяцыя эўрапейскіх апэратараў сувязі (ETNO), у якую з трох беларускіх апэратараў уваходзіць толькі А1, пракамэнтавала сытуацыю з адключэньнем інтэрнэту ў Беларусі і патлумачыла, чаму мабільныя апэратары вымушаныя зьніжаць хуткасьць перадачы дадзеных на патрабаваньне органаў улады, паведамляе Tut.by.

Галоўная прычына — манапольны кантроль дзяржавы над вонкавым каналам сувязі. ETNO абяцае працягнуць кансультацыі з Радай Эўропы па супрацьдзеяньні абмежаваньню правоў на інтэрнэт-доступ у Беларусі з боку ўладаў.

«Мы пільна сочым за падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі, а таксама далейшымі дзеяньнямі эўрапейскіх устаноў і Эўрапарлямэнту ў сувязі зь імі», — гаворыцца ў лісьце Асацыяцыі.

21 затрыманага на «Беларуськаліі» выпусьцілі зь міліцыі, лідэра страйкоўцаў Бокуна будуць судзіць

На аднаго зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна склалі пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства, яго будуць судзіць, з астатнімі правялі гутаркі і выпусьцілі — паведамілі Свабодзе ў Менскай абласной управе ўнутраных спраў.

Днём 21 верасьня прадстаўнік прэс-службы УУС Менскай вобласьці Сяргей Чабатароў сказаў Свабодзе, што ў Салігорску на «Беларуськаліі» затрымалі 22 чалавек.

Яны выйшлі падтрымаць шахтара Алега Кудзёлку, які адмовіўся падымацца з шахты на знак пратэсту супраць фальшывых выбараў і гвалту ў краіне.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG