Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020 як год калектыўнага беларускага імунітэту — супраць дыктатуры


Цяпер на дзесяцігодзьдзі ў памяці беларусаў застанецца, што аўтарытарызм — гэта ня проста неадэкватныя заявы нездаровага кіраўніка, ня жартачкі, не пацешныя мітынгі прыгонных «ябацек». Гэта зьверствы, забойствы, гэта адбіраньне дзяцей, гэта ўдар з развароту маёрскім кулаком у твар жанчыны, гэта валачэньне ў аўтазак цяжарнай, гэта арышты ратавальнікаў за тое, што не дазволілі людзям патануць.

Нярэдка кажуць — як добра было б, калі б Лукашэнка сышоў раней. Напрыклад, у якім 2006 годзе. Ну ці хаця б у 2015-м.

З пункту гледжаньня пакутаў, якія нам, беларусам, яшчэ давядзецца вытрымаць праз агонію цяперашняга крымінальнага рэжыму, гэта, вядома ж, было б лепей. А ў нейкай фантазійнай і прыгожай альтэрнатыўнай беларускай гісторыі ўвогуле «лепей» было б, каб лукашэнкаўскай дыктатуры не было ў прынцыпе, і быў бы гэта чужы жахлівы сон.

Але з гледзішча ўрокаў гісторыі парадаксальным чынам заканамерна і, на жаль, непазьбежна, што мы дайшлі да сёньняшняй, жахлівай і нялюдзкай стадыі аўтарытарызму і дыктатуры. Калі б Лукашэнка сышоў у якім 2006 годзе — у пэрыяд эканамічнага росту і даволі высокай папулярнасьці — народ забыў бы многія ягоныя грахі, гісторыкі спрачаліся б, а ці такім ужо кепскім быў аўтарытарызм і што станоўчага ён прынёс краіне. Горка прызнаваць, але гэта праўда — да 2020 году значная частка беларусаў бачыла ў аўтарытарнай уладзе нешта станоўчае.

Аднак цяпер, у 2020 годзе, праўду і рэальнасьць убачылі ня толькі тыя 30-40 працэнтаў беларусаў, якія заўсёды ведалі, што кіраваньне Лукашэнкі, аўтарытарызм — гэта гора, заняпад і дэградацыя. Сёлета, асабліва пасьля зьверстваў і забойстваў у жніўні і ў сувязі зь непазьбежным эканамічным і сацыяльным крызісам, катастрофа аўтарытарызму стала відавочнай для абсалютнай большасьці беларусаў.

Ня будзем крытыкаваць іх за тое, што толькі цяпер яны ўбачылі рэчы, якія нам — «сьвядомым», «старым», «змагарам» — былі відавочныя даўно. Эпідэмія каранавірусу ці эканоміка, беспардонны нават для ўладаў узровень хлусьні ці нябачаны раней узровень фальсыфікацыі выбараў — ня так і важна, што раскрыла вочы цяпер ужо большасьці беларусаў.

Цяпер важна, што ў наступных пакаленьняў беларусаў на дзесяцігодзьдзі ня будзе ніякіх ілюзіяў наконт «неадназначнасьці» аўтарытарызму, ягонай «ня чорна-белай карціны», розных «адценьняў». На дзесяцігодзьдзі ў памяці беларусаў застанецца, што аўтарытарызм — гэта ня проста неадэкватныя заявы нездаровага кіраўніка, ня жартачкі, не пацешныя мітынгі прыгонных «ябацек». Гэта зьверствы, забойствы, гэта адбіраньне дзяцей, гэта ўдар з развароту маёрскім кулаком у твар жанчыны, гэта валачэньне ў аўтазак цяжарнай, гэта арышты ратавальнікаў за тое, што не дазволілі людзям патануць. Гэта дэградацыя закону ажно да поўнай яго адмены, гэта гопнікі на вуліцах з дубінамі і зброяй у руках.

Я гэтыя дні ляжу ў шпіталі, прымаю па 12 уколаў у дзень супраць сваёй кавіднай двухбаковай пнэўманіі і спадзяюся, што ўсё гэта не дарма, што мой арганізм выпрацуе імунітэт ад гэтай страшнай хваробы. Імунітэт, які не дазволіць мне захварэць самому і стаць заразным для іншых. Гэтаксама я спадзяюся, што сёньняшнія пакуты беларусаў не дарэмныя, што ў псыхіцы здаровых людзей больш ніколі ня ўзьнікне ідэя пра магчымасьць і пажаданасьць «моцнай рукі» на нашай зямлі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG