Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На месцы Лукашэнкі я асьцерагаўся б адзіных сьцягоў — расейскіх», — віцэ-міністар замежных справаў Польшчы


Падчас відэабрыфінгу з намесьнікам міністра замежных справаў Польшчы Марцінам Пшыдачам

Польша разам з ЭЗ распрацоўвае плян падтрымкі Беларусі — своеасаблівы «плян Маршала». Канкрэтныя сумы пакуль не называюцца. На думку польскага МЗС, заявамі аб закрыцьці межаў улады спрабуюць запалохаць беларусаў, Польшча ня мае плянаў мяняць усходнія межы і пагатоў прэтэндаваць на Горадню.

Пра гэта на відэабрыфінгу заявіў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач, які адказвае за пытаньні ўсходняй палітыкі.

«Лукашэнка пакуль не гатовы размаўляць ні са сваім народам, ні са сваім суседам»

Беларусь зараз знаходзіцца ў палітычным і эканамічным крызісе — для Польшчы гэта відавочна, заявіў намесьнік міністра.

«Аднак вы — наш найбліжэйшы сусед, і мы хочам, каб вы былі незалежнай дэмакратычнай дзяржавай. Таму будзем заўсёды вас падтрымліваць», — запэўніў Марцін Пшыдач.

Польскі дыплямат падкрэсьліў, што павінен быць кантакт паміж грамадзтвам і ўладай, але Лукашэнка пакуль не гатовы размаўляць з народам.

«Лукашэнка не гатовы размаўляць і са сваім суседам. У нас было некалькі спробаў завязаць дыялёг паміж уладамі Беларусі і краінамі Эўразьвязу, аднак ніводная зь іх не ўдалася. Лукашэнка зараз гатовы размаўляць толькі з Пуціным. Хаця яшчэ год таму ён казаў, што ня хоча ўставаць на калені перад Пуціным і прасіць дапамогі. Але цяпер ён стаіць на каленях перад Пуціным. Пуцін гатовы падтрымаць яго, але, на мой погляд, часова. Немагчыма падтрымліваць увесь час палітыкаў, якія ня маюць падтрымкі ў грамадзтве», — заявіў Марцін Пшыдач.

Марцін Пшыдач
Марцін Пшыдач

«Мы пакуль ня кажам пра канкрэтныя лічбы, пра сумы — гэта будзе рашэньне ЭЗ»

Марцін Пшыдач расказаў, што зараз ёсьць тры пляны падтрымкі Беларусі. Два дзейнічаюць, наконт трэцяга ідуць перамовы. Першы плян мае сацыяльны характар. Каля 50 чалавек зь Беларусі ўжо атрымліваюць мэдычную і рэабілітацыйную дапамогу ў Польшчы. Ёсьць адмысловая праграма для студэнтаў — каля 1 тысячы студэнтаў атрымаюць стыпэндыю ад польскага ўраду. Двое беларускіх лідэраў зараз у Польшчы — Павал Латушка і Вольга Кавалькова.

Другі плян — эканамічная падтрымка бізнэсу, ІТ-сэктару.

«Мы заўсёды адкрыта будзем вас прымаць, для беларусаў у нас ёсьць месца. Гэта часова. Усе хочуць вярнуцца дадому і працаваць на радзіме. Але часова людзі павінны мець падтрымку», — кажа польскі дыплямат Трэці плян (так званы «плян Маршала») таксама мае эканамічны характар.

Марцін Пшыдач паведаміў, што Польшча пачала дыялёг з эўрапейскімі партнэрамі — зь дзяржавамі Вышаградзкай групы, з краінамі Балтыі, каб выпрацаваць канкрэтны плян дапамогі Беларусі, беларускаму грамадзтву.

«З нашага боку ёсьць некалькі элемэнтаў гэтай праграмы. Прычым ня толькі зь бюджэту Эўразьвязу, але і ад МВФ, Усясьветнага банку, іншых фондаў і інстытутаў, якія можна запрасіць для эканамічнай падтрымкі Беларусі.

Мы пакуль ня кажам пра канкрэтныя лічбы, пра сумы — гэта будзе рашэньне ЭЗ. Пакуль можам толькі прапаноўваць нейкія ідэі. Вырашаць будзе Эўразьвяз», — кажа намесьнік міністра замежных справаў Польшчы. Аднак трэці плян падтрымкі будзе рэалізоўвацца, толькі калі адбудуцца свабодныя сумленныя выбары з назіраньнем АБСЭ.

Заявамі аб закрыцьці межаў улады спрабуюць запалохаць беларусаў

Марцін Пшыдач кажа, што ўжо абмяркоўваў учорашнюю пагрозу Лукашэнкі закрыць межы, літаральна сёньня размаўляў з памежнікамі, а таксама зь літоўскімі і ўкраінскімі калегамі. Пакуль на польска-беларускай мяжы нічога не адбываецца. На беларуска-літоўскай — таксама.

«Польшча будзе адкрытая для беларусаў. А Лукашэнка імкнецца напалохаць. Заява ўладаў Беларусі — гэта эмацыйная рэакцыя, гэта спроба запалохаць беларускае грамадзтва... Наколькі мы разумеем, Аляксандар Лукашэнка гуляе ў псыхалягічную гульню зь беларускім грамадзтвам і кажа рэчы, якія ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю», — адзначае намесьнік міністра.


Пра ваенную пагрозу і «прэтэнзіі» палякаў на Горадню

Паводле Марціна Пшыдача, Аляксандар Лукашэнка ня першы раз кажа пра ваенную пагрозу з боку Польшчы і NATO, пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі Польшчы. Такім чынам палохала савецкая прапаганда.

«Польшча ня мае плянаў мяняць усходнія межы — не было такіх намераў і цяпер няма. На ўсіх міжнародных форумах мы падкрэсьліваем, што тэрытарыяльная цэласнасьць краіны — асноўны фактар. На прыкладзе Ўкраіны гэта бачна. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў 2015 годзе ў ААН увесь свой выступ прысьвяціў міжнароднаму праву і важнасьці тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў.

Мне падаецца, мова, якую выкарыстоўвае кіраўнік Беларусі, — мінулы век. Ніхто ўжо так ня кажа. Мы паважаем выбар Беларусі, мы за незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі ў тых межах, якія ёсьць цяпер. А на месцы Лукашэнкі я баяўся б адзіных сьцягоў — расейскіх. Бо адзіная краіна, якая ўмешваецца ў справы іншых і спрабуе захапіць тэрыторыі, — гэта Расея», кажа Марцін Пшыдач.

Польшчу, натуральна, хвалюе, што да межаў сьцягваюць войскі.

«Мы гэта аналізуем. Назіраем, адзначаем перакідваньне войскаў зь Віцебску ў Горадню. Але заклікаем улады Беларусі не абвастраць сытуацыю. Польшча — сябра NATO, ёсьць артыкул 5 Статуту NATO — адзін за ўсіх, усе за аднаго.

А Лукашэнка вядзе псыхалягічную гульню, хоча свой народ напалохаць, каб усё трымалася на страху. Польшча ў гэтым удзельнічаць ня будзе», — запэўніў намесьнік міністра замежных справаў Марцін Пшыдач.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG