Юрыст «Вясны» Павал Сапелка прааналізаваў становішча бяздомных людзей ва ўмовах каранавіруснай інфэкцыі. Цалкам тэкст зьмешчаны на сайце арганізацыі.
Няма статыстычных дадзеных, якія маглі б даць уяўленьне аб колькасьці бяздомных у Беларусі. Гэта зьвязана, у першую чаргу, з адсутнасьцю ў прыярытэтах сацыяльнай дзейнасьці выяўленьня такіх людзей і іх сацыяльнай рэабілітацыі. Таксама гэтаму спрыяе адсутнасьць пэўнага разуменьня самога тэрміну «бяздомны».
Найбольш аб’ектыўнымі варта лічыць зьвесткі міністра працы і сацыяльнай абароны Марыянты Шчоткінай — 4000 чалавек, пра якія ў 2013 годзе яна паведаміла Аляксандру Лукашэнку.
Пакуль што адзіным адказам на праблему стала сыстэма цэнтраў (дамоў) начнога знаходжаньня, арганізаваных у 11 гарадах Беларусі. Гэтага недастаткова, бо няма адпаведных устаноў у 500-тысячным Гомелі, Берасьці ды іншых месцах.
З прыходам каранавірусу супрацоўнікі сацыяльных устаноў і грамадзкіх арганізацый казалі пра неабходнасьць мераў супрацьэпідэміялягічнай бясьпекі. Аднак эфэктыўных дзеяньняў кшталту засяленьня максымальнай колькасьці бяздомных на ўмовах пансіёну з рэгулярным харчаваньнем так і ня зроблена, мяркуе праваабаронца.
Хутчэй, надварот. У менскім «Доме начнога знаходжаньня асобаў без пэўнага месца жыхарства» быў уведзены карантын. Прыём новых людзей не праводзіўся, а да ранейшых патрабаваньняў аб праходжаньні мэдагляду дадалася «наяўнасьць адмоўнага тэсту на каранавірус».
З улікам пахаладаньня і магчымага росту захворваньня праблема забесьпячэньня бяздомных жыльлём, харчаваньнем і належным мэдабслугоўваньнем мусіць быць вырашана. Дзеля гэтага ўладам неабходна павялічыць колькасьць месцаў у сацыяльных установах, прапанаваць даступныя і бясьпечныя мэдычныя меры, каб усе кандыдаты бесперашкодна засяляліся на неабходны час.
«Жыльлё стала свайго роду крэпасьцю, якая абараняе ад каранавірусу. Гэта ў літаральным сэнсе пытаньне жыцьця і сьмерці», — заявіла спэцыяльны дакладчык па праве на адэкватнае жыльлё Лэйлані Фарха.
Экспэрты ААН выказаюць засьцярогу, што каранавірус прывядзе да росту арміі бяздомных. Многія людзі страцяць працу і сутыкнуцца з эканамічнымі цяжкасьцямі — ня змогуць плаціць за кватэру або выплачваць іпатэку.