Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайты бяз фота. Эўрапарлямэнт заклікае да санкцый. Ціханоўская складае «сьпіс Тарайкоўскага». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў 40-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.


15:05 17.9.2020

32-гадовы мянчук страціў частку ступні ад выбуху сьвятлашумавой гранаты

Ноччу 10 жніўня Георгі Сайкоўскі вяртаўся дадому каля мэтро «Пушкінская»​ ў Менску. Калі да пад’​езду заставалася 200 мэтраў, у яго пад нагамі выбухнула сьвятлашумавая граната. Людзі дапамаглі дабрацца да лякарні.

Раніцай хлопец зразумеў, што пасьля апэрацыі ў яго фактычна не засталося ступні. Наперадзе ў Георгія цяжкі працэс рэабілітацыі.

15:14 17.9.2020

Міліцыя затрымала мужчыну, які не даваў прыбраць бела-чырвона-белыя стужкі ў сваім двары. ВІДЭА

15:22 17.9.2020

«За імі нашая краіна». Непаўналетнюю гарадзенку затрымалі падчас «Маршу герояў» і апыталі без бацькоў

Пятнаццацігадовую Паліну Курс затрымалі ў Горадні разам з 25-гадовай сястрой Маргарытай 13 верасьня. Дзяўчыну апытвалі без прысутнасьці бацькоў.

Як расказала Паліна, яна разам з сястрой Маргарытай ішла ў заалягічную краму ў раёне вуліцы Горкага. Побач праходзіла калёна пратэстоўцаў, пачаліся затрыманьні. Амапаўцы хацелі схапіць пажылую жанчыну, дзяўчаты за яе заступіліся. Урэшце затрымалі і абедзьвюх дзяўчат, і бабулю. Ім заламалі рукі і адвялі ў аўтазак. Маргарыце сарвалі з твару маску, яна згубіла пры затрыманьні красоўку.

У Ленінскім РАУС іх сфатаграфавалі, перапісалі асабістыя дадзеныя.На дзьве гадзіны Паліну забралі ад старэйшай сястры ў асобны кабінэт. Яе адзін на адзін апытваў інспэктар па справах непаўналетніх, як яна зразумела. У гэты час у кабінэце не было ні бацькоў, ні сацыяльнага пэдагога ці псыхоляга. Пасьля апытаньня пазванілі ейнаму бацьку і перадалі дзяўчыну ў ягоныя рукі. Маргарыту дагэтуль ня выпусьцілі, яе перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Гая да суду. Суд яшчэ не адбыўся. Перадачы для яе не прынялі. Цалкам чытайце тут.

15:29 17.9.2020

Палітвязень Павал Севярынец адмовіўся даваць паказаньні ў СІЗА

Палітвязьня вадзілі на першы і пакуль што апошні допыт, падчас якога ён адмовіўся даваць паказаньні. Пра гэта Павал Севярынец напісаў у лісьце, які даслаў з-за кратаў журналістцы «Новага Часу».

Паўла Севярынца затрымалі напачатку чэрвеня ў пікеце за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Ад таго часу ён знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе яму дадавалі ўсё новыя адміністрацыйныя арышты. Амаль увесь час зьняволеньня там ён правёў у карцары. 20 жніўня стала вядома, што на Севярынца заведзена крымінальная справа, яго абвінавачваюць паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу — «масавыя беспарадкі». Падрабязнасьці тут.

16:48 17.9.2020

Тры найбуйнейшыя фракцыі Эўрапарлямэнту падтрымалі вылучэньне беларускай апазыцыі ў постаці Каардынацыйнай рады на прэмію Сахарава

«Мы падтрымліваем народ Беларусі ў барацьбе за годнасьць, свабоду і дэмакратыю», — гаворыцца ў афіцыйным Twitter фракцыі Эўрапейскай народнай партыі.

17:07 17.9.2020

Польшча і Літва падпісалі дэклярацыю пра Беларусь

Прэм'ер-міністры Польшчы і Літвы Матэвуш Маравецкі і Саўлюс Сквярняліс падчас міжурадавых кансультацый падпісалі дэклярацыю аб стратэгічным партнэрстве і Беларусі.

Бакі выказалі ў дэклярацыі падтрымку сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, паведамляе Польскае агенцтва друку. Урады Польшчы і Літвы таксама падтрымліваюць імкненьне беларускага народу жыць у свабоднай і дэмакратычнай дзяржаве, якая кіруецца лідэрамі, абранымі на свабодных і справядлівых выбарах.

Урады асудзілі гвалт і заклікалі як мага хутчэй правесьці свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары.

17:09 17.9.2020

У БНТУ супрацоўнікам забаранілі выказваць свае палітычныя сымпатыі і выкарыстоўваць «недзяржаўную сымболіку»

Рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ) Сяргей Харытончык зацьвердзіў правілы прафэсійнай этыкі супрацоўнікаў, паведамляе БелаПАН. Згодна зь імі, работнікам ВНУ забараняецца:

  • «публічна выказваць свае сымпатыі і антыпатыі» палітычным партыям, грамадзкім аб’яднаньням, якія маюць палiтычныя мэты,
  • выкарыстаньне недзяржаўнай сымболікі і «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да дзяржаўных сымбаляў»,
  • на тэрыторыі БНТУ нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы (мітынгі, шэсьці, дэманстрацыі, пікеты, спартовыя, культурныя, рэлігійныя акцыі) без узгадненьня з адміністрацыяй ВНУ,
  • работнік БНТУ ня мае права выдаваць інфармацыю аб дзейнасьці ўнівэрсытэта і зьвесткі аб прыватным жыцьці яго работнікаў, выкарыстоўваць яе з мэтамі, не зьвязанымі з выкананьнем службовых абавязкаў,
  • у непрацоўны час работнікі павінны «устрымацца ад дзеяньняў і выказваньняў», якія могуць нашкодзіць рэпутацыі БНТУ ці скампрамэтаваць, паставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць і бесстароннасьць ВНУ.

За невыкананьне правілаў работнік нясе «дысцыплінарную адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам».

17:21 17.9.2020

МЗС Беларусі пракамэнтавала рэзалюцыю Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі

«Мы расчараваныя тым, як Эўрапарлямэнт, які пазыцыянуе сябе ў якасьці сур’ёзнай, абʼектыўнай і дэмакратычнай структуры, ня змог знайсьці ў сабе палітычнай волі зазірнуць далей за свой нос, пераадолець аднабокасьць і ня стаць закладнікам ходкіх штампаў», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары на сайце МЗС.

«Недасканаласьць заклікаў да санкцый і згортваньня адносін для інтарэсаў людзей з Эўропы і Беларусі зусім відавочная. Але зразумела, што эўрапарлямэнтары, у адрозьненьне ад бізнэсу і простых грамадзян, на сабе гэта не адчуюць, таму так лёгка жанглююць гэтымі катэгорыямі. Але на ўсё ёсьць суд гісторыі», — гаворыцца ў камэнтары МЗС. Цалкам чытайце тут.

17:36 17.9.2020

У Беларусі палітычнымі вязьнямі прызнаныя яшчэ 12 чалавек. Агулам іх ужо 70

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 12 чалавек, якім выставілі абвінавачаньні ў «масавых беспарадках» (арт. 293 КК РБ), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гэта Cяргей Капанец, Дзяніс Кірэшчанка, Аляксей Караткоў, Станіслаў Міхайлаў, Алена Маўшук, Алег Мазгоў, Дэвід Масьціцкі, Мікалай Сасеў, Ігар Салавей, Ягор Сугойдзь, Дзяніс Чыкалёў і Вячаслаў Шэлямет.

17:48 17.9.2020

Перад праўладным канцэртам у Менску

17:57 17.9.2020

Ціханоўская выступіць 21 верасьня на сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу

21 верасьня Сьвятлана Ціханоўская выступіць на сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі, паведаміў афіцыйны Тэлеграм-канал «Страна для жизни», праект мужа Ціханоўскай палітвязьня Сяргея Ціханоўскага.

18:27 17.9.2020

«Адзін са сьцягоў мне прысьніўся»: Як мянчанка стварыла 14 сьцягоў раёнаў за 14 гадзін і не спыняецца

Жыхары многіх гарадоў і раёнаў ствараюць цяпер сваю сымболіку. Мянчанка Тацяна за паўдня намалявала 14 такіх выяваў. Натхніла яе фота сьцяга сталічнай Грушаўкі. Цяпер Тацяну просяць маляваць яшчэ, людзі хочуць сваю сымболіку для раёнаў і асобных вуліц.

Адну ідэю Тацяна ўбачыла ў сьне: гэта сымболіка Пушкінскай — чалавек з раскінутымі рукамі і прабітым сэрцам.

Каб запраектаваць сьцяг, Тацяна вывучае «гісторыю месца», але шмат у якіх выпадках «хочацца дадаць нейкага крэатыву». Цалкам чытайце па спасылцы.

18:28 17.9.2020

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс атрымаў 15 сутак арышту

17 верасьня суд Навабеліцкага раёну Гомля пакараў журналіста Яўгена Меркіса арыштам на 15 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суд над Меркісам праходзіў у будынку РАУС, туды нікога не пусьцілі.

Яўгена Меркіса затрымалі 14 верасьня разам з калегай Марынай Драбышэўскай. 15 верасьня суд пакараў Драбышэўскую арыштам на 10 сутак.

Апошні раз Яўгену Меркісу прысудзілі 5 сутак арышту 24 жніўня, абвінаваціўшы ў «парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства». Да гэтага журналіст таксама быў затрыманы і мусіў адседзець 15 сутак, але яго адпусьцілі праз трое сутак.

Цяпер 8 журналістаў знаходзяцца за кратамі па адміністрацыйных прысудах.

18:29 17.9.2020

Ціханоўская выступіць 21 верасьня на сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу

21 верасьня Сьвятлана Ціханоўская выступіць на сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі, паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал «Страна для жизни», праект мужа Сьвятланы Ціханоўскай палітвязьня Сяргея Ціханоўскага.

21 верасьня Рада Эўразьвязу на ўзроўні кіраўнікоў МЗС разгледзіць сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляецца ў апублікаваным у Брусэлі праекце парадку пасяджэньня рады. «Рада абмяркуе апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі, патэнцыйную падтрымку Эўразьвязам нацыянальнага інклюзіўнага дыялёгу, а таксама абноўленую інфармацыю аб фінансавай дапамозе Эўразьвязу народу Беларусі і кірунках перагляду адносін Эўразьвяз-Беларусь», — гаворыцца ў дакумэнце.

19:06 17.9.2020

Беларусы Гішпаніі запісалі відэазварот да землякоў

19:08 17.9.2020

У Менску мітынгуюць камуністы

На вуліцы Прытыцкага ў Менску сёньня сабраўся мітынг камуністаў. У мітынгоўцаў на расьцяжцы надпіс «Слава красной армии».

19:10 17.9.2020

Шмат каму на дзяржслужбе давядзецца альбо сябе памяняць, альбо сысьці, — былы супрацоўнік кіраўніцтва спраў прэзыдэнта

Анатоль Котаў звольніўся з пасады «па згодзе бакоў» 18 жніўня. Ён працаваў намесьнікам начальніка аддзелу фінансаваньня дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.

Котаў аддаў дзяржаўнай службе амаль 20 гадоў, але прызнаўся, што бліжэйшым часам працягваць яе не ўяўляецца магчымым. У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» Анатоль Котаў растлумачыў свой учынак і расказаў, якія, на яго погляд, у беларускіх чыноўнікаў засталіся пэрспэктывы. Чытайце па спасылцы.

19:17 17.9.2020

«Прапанавалі запісацца на гурткі сьпеваў». У Горадні студэнтаў выклікалі на гутарку за «Муры» і «Грай»

Каля 15 студэнтаў з трох факультэтаў ГрДУ (гісторыі, камунікацыі і турызму; біялёгіі і экалёгіі; юрыдычнага) выклікалі на прафіляктычную гутарку да прарэктара ўнівэрсытэту па выхаваўчай рабоце Васіля Сянько. Як ананімна расказалі некалькі студэнтаў, іх выклікалі паасобку, размаўлялі па некалькі хвілін.

Размова тычылася сьпеваў на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму 9 верасьня. Тады на перапынку каля 15 чалавек засьпявалі ўнутры будынку «Муры», «Тры чарапахі», «Грай». У студэнтаў пыталіся, што яны рабілі з 13:00 да 13:30 9 верасьня і ці будуць яны яшчэ ўдзельнічаць у нечым падобным. Некаторыя адказвалі, што будуць, калі гэта не перашкодзіць вучобе і будзе адпавядаць іхняй грамадзянскай пазыцыі. Кіраўніцтва сказала навучэнцам, што тыя ўдзельнічалі ў незаконным масавым мерапрыемстве. Цалкам чытайце тут.

19:20 17.9.2020

«Бачу свае сьцягі на акцыях і вельмі ганаруся». Менчука будуць судзіць за шыцьцё бел-чырвона-белага сьцяга

Міліцыянты пад выглядам прадстаўнікоў фірмы заказалі ў менчука Аляксандра 10 бел-чырвона-белых сьцягоў ды правялі кантрольную закупку вырабу, зробленага на заказ. У выніку 21 верасьня Аляксандра чакае суд паводле абвінавачаньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яму пагражае вялікі штраф.

«Заказалі 10 сьцягоў, знайшлі толькі адзін ужо пашыты, а потым запатрабавалі, каб узяў на сябе 10 чужых. Адмовіўся, напісаў у пратаколе, што пашыў толькі адзін сьцяг. Тады зьдзекаваліся, пагражалі, рвалі пратаколы», — згадвае Аляксандар падзеі ў райаддзеле міліцыі пасьля «кантрольнай закупкі».

Пасьля візыту міліцыянтаў Аляксандар аформіўся як рамесьнік і працягвае шыць бел-чырвона-белыя сьцягі, якія дорыць сябрам альбо прадае. «Хутка зраблю соты сьцяг. На вуліцы бачу ў людзей свае сьцягі і вельмі гэтым ганаруся. Веру, што наш сьцяг стане дзяржаўным». Цалкам чытайце па спасылцы.

19:23 17.9.2020

«Адказнасьць нясе найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі». Заклік дырэктара Ўсясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў

Генэральны сакратар Усясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў Джэральд Стэйброк заклікаў даць ацэнку дзеяньням рэжыму Лукашэнкі.

— Зафіксавана больш за 500 выпадкаў катаваньняў. Магчыма, іх нават больш, гэта тыя людзі, якія расказалі свае гісторыі. Тое, што адбывалася пасьля выбараў, — гэта сыстэматычныя, заплянаваныя катаваньні, учыненыя дзяржавай. Размова не ідзе пра асобны гнілы яблык у сыстэме. Мы бачым сплянаваны, арганізаваны гвалт, можна казаць пра палітыку брутальнасьці.

У міжнародным праве гэта называецца злачынствамі супраць чалавечнасьці. І гэта патрабуе міжнароднай увагі. Зараз беларуская дзяржава цалкам адмаўляе тое, што адбылося. Яны зьмянілі тактыку, але адмаўляюць гэта. Па ніводнай з гэтых спраў не вядзецца дасьледаваньне, ахвяры гвалту зазнаюць рэпрэсіі за ўдзел у нібыта незаконных дэманстрацыях, атрымліваючы за гэта сур’ёзнае пакараньне. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта крызіс правоў чалавека. Сьвет мае магчымасьць на яго адрэагаваць, узьняўшы пытаньне ў Радзе ААН па правах чалавека.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG