Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайты бяз фота. Эўрапарлямэнт заклікае да санкцый. Ціханоўская складае «сьпіс Тарайкоўскага». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў 40-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

08:02 17.9.2020

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заклікаў усе краіны, асабліва Расею, «паважаць сувэрэнітэт Беларусі».

Пампэо падкрэсьліў, што Вашынгтон каардынуе зь Вялікай Брытаніяй і Эўразьвязам санкцыі, якія прызваны абараніць «законныя патрабаваньні беларускага народу».

«Беларусы, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, сапраўды натхняюць усіх нас. Жорсткасьць да ніх мусіць спыніцца. І ўлады павінны вызваліць грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава, якога затрымалі памылкова», – сказаў Пампэо.

10:05 17.9.2020

Сьвятлана Ціханоўская складае санкцыйны «сьпіс Тарайкоўскага»

«Нам перадалі імёны і прозьвішчы тых, хто катуе і б'е людзей. Таму мы рыхтуем асобны сьпіс чыноўнікаў і сілавікоў, якія ўдзельнічалі і працягваюць удзельнічаць у міліцэйскім свавольстве. Мы назвалі яго «сьпісам Тарайкоўскага». Аляксандар Тарайкоўскі стаў першай ахвярай міліцэйскага гвалту. У санкцыйны сьпіс увойдуць асобы, датычныя да катаваньняў, незаконных арыштаў і зьдзекаў з затрыманых. Для ідэнтыфікацыі вінаватых мы актыўна працуем з праваабаронцамі і праектам «Чорная кніга Беларусі». Сьпіс будзе апублікаваны і будзе пастаянна пашырацца.

Я прапаную сілавікам спыніць гвалт і перайсьці на бок беларускага народу. У адваротным выпадку вам не пазьбегнуць справядлівага суду і пакараньня», інфармуе Пул Первой.

10:18 17.9.2020

Затрымалі сябра страйкаму ААТ «Беларуськалія» Рамана Бандароўца, піша тэлеграм-канал страйкаму. Затрыманы знаходзіцца ў Салігорскім РАУС.

10:38 17.9.2020

Дабрачынны фонд дапамагае адлічаным беларускім студэнтам паступіць у ВНУ Ўкраіны

Дабрачынны фонд «Беларусь будучыні» інфармуе, што студэнтам, якіх незаконна адлічылі зь беларускіх ВНУ, фонд аказвае дапамогу на тэрыторыі Ўкраіны з паступленьнем ва ўкраінскія ўнівэрсытэты. Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале Валер Цапкала.

З пытаньнямі ці па неабходную дапамогу фонд прапануе зьвяртацца на электронны адрас helpbelarus.by@gmail.com.

10:51 17.9.2020

17 верасьня галоўныя старонкі сайтаў незалежных мэдыя выходзяць без фатаздымкаў. Такім чынам журналісты выказваюць салідарнасьць з фотарэпартэрамі Аляксандрам Васюковічам і Аляксандрам Грыдзінам, якіх учора асудзілі за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Яны выконвалі прафэсійныя абавязкі, асьвятляючы акцыю пратэсту «Марш герояў».

11:22 17.9.2020

Намесьнік міністра замежных спраў Украіны: «Улады Беларусі парушаюць сваё ўласнае заканадаўства»

Беларускія ўлады «літаральна некалькі дзён таму ўносяць Ізраіль у чырвоны сьпіс: для грамадзян, якія прыбываюць з гэтай дзяржавы, забаронены нават элемэнтарна транзыт. Але беларускія ўлады вырашаюць парушыць чамусьці сваё ўласнае заканадаўства і дазваляюць уезд на тэрыторыю сваёй краіны соцень і соцень прадстаўнікоў Дзяржавы Ізраіль. Больш за тое, яны ствараюць умовы для іх транзыту ў бок украінска-беларускай мяжы. Яны відавочна сьвядома садзейнічаюць таму, каб у раёне пунктаў пропуску была вялікая колькасьць людзей, што відавочна не спрыяе прафіляктыцы распаўсюджваньня COVID-19».

Больш прачытаць можна тут.

11:51 17.9.2020

За што звольнілі пасла Беларусі ў Латвіі Марковіча

Лукашэнка вызваліў ад пасады Васіля Маркавіча і пазбавіў дыпляматычнага рангу за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў». Мы сабралі важныя факты пра Васіля Марковіча.

➖ Яму 64 гады. Родам зь Берасьцейшчыны. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Гаворыць па-нямецку і па-чэску. Жанаты, мае сына і дачку
➖ Быў генэральным консулам Беларусі ў Латвіі, начальнікам аддзелу ўпраўленьня кадраў МЗС, начальнікам Службы дзяржаўнага пратаколу МЗС, паслом Беларусі ў Чэхіі і Латвіі.
➖ У Чэхіі пасольства прафінансавала выданьне мапы «Беларуская Прага», якую стварылі беларускія студэнты Карлавага ўнівэрсытэту.
➖ У часе кіраваньня Генэральным консульствам у Даўгаўпілсе Марковіч спрычыніўся да адкрыцьця Цэнтру беларускай культуры.
➖ Падчас прэзыдэнцкіх выбараў агульны вынік галасаваньня беларусаў у Латвіі быў наступны: 59% за Святлану Ціханоўскую і 34% – за Аляксандра Лукашэнку.
➖ У канцы жніўня Марковіча выклікалі ў МЗС Беларусі, дзе запатрабавалі тлумачэньняў у сувязі з прамовай Лукашэнкі, які сьцьвярджаў, што беларускія пратэсты кіруюцца ў тым ліку і ў МЗС Латвіі.
➖ У канцы жніўня стала вядома, што візыт Лукашэнкі ў Рыгу, які плянаваўся яшчэ ў красавіку, «зьняты з парадку дня». Як растлумачыў кіраўнік МЗС Латвіі, «з прычыны апошніх падзей у Беларусі і таго, што Латвія і іншыя краіны Эўразьвязу не прызнаюць вынікаў выбараў».

12:07 17.9.2020

Польшча адкрыла мяжу для беларусаў, умовай застаецца 10-дзённы карантын

Ад 17 верасьня ўсе грамадзяне Беларусі, якія маюць турыстычныя польскія і шэнгенскія візы, зноў могуць трапіць на тэрыторыю Польшчы, нягледзячы на тое, што захоўваецца карантын па каранавірусе.

Раней сьпіс грамадзян Беларусі, якія маюць права на ўезд на тэрыторыю Польшчы ва ўмовах каранавіруса абмяжоваўся студэнтамі, уладальнікамі карты паляка, віду на жыхарства, дыпляматычнага пашпарту, кіроўцаў і некаторых іншых катэгорый.

16 верасьня Памежная служба Польшчы апублікавала новы дакумэнт аб перасячэньні мяжы ва ўмовах каранавірусу.

У ім сярод тых, хто можа ўяжджаць у краіну зьявіўся яшчэ адзін пункт, які пачынае дзейнічаць з 17 верасьня — грамадзяне Беларусі, якія перасякаюць мяжу Польскай рэспублікі на падставе турыстычнай візы.

Фактычна ў параўнаньні зь іншымі замежнікамі беларусам робіцца выключэньне. Такім чынам любы беларус з візай можа выехаць у Польшчу, але з умовай 10-дзённага карантыну па каранавірусе.

12:35 17.9.2020

Старшыню суполкі Незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» Сяргея Гурло, які галадае ў бабруйскім ізалятары супраць незаконнага зьняволеньня, пакінулі ў няволі яшчэ на два дні.

17 верасьня яго мусілі вызваліць пасьля 5 сутак адміністрацыйнага арышту за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».

Інфармацыю пра тое, што 56-гадовы Гурло застанецца ў ізалятары даседжваць неадбытыя раней «суткі», пацьвердзілі ягонай жонцы Алене.
Пра ягоную галадоўку з 12 верасьня стала вядома ад выпушчаных з ізалятару пратэстоўцаў.

12:37 17.9.2020

Супраць уласьнікаў будынку, дзе разьмяшчаўся штаб Бабарыкі, завялі крымінальную справу

Пра затрыманьне братоў Анішчанкаў, якія кіруюць кампаніяй «Белцяжмаш», стала вядома 16 верасьня.

Афіцыйная інфармацыя пра затрыманьне ўладальнікаў будынку, дзе разьмяшчаўся штаб Віктара Бабарыкі і Каардынацыйная рада, зьявілася ў тэлеграм-канале Камітэту дзяржкантролю.

«Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю 16 верасьня 2020 году за ўхіленьне ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры ў дачыненьні да службовых асобаў ЗАТ „Белцяжмаш“ распачата крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў паведамленьні КДК. — Сума нявыплачаных падаткаў склала больш за 6 мільёнаў рублёў. Праз падазрэньне ў злачынстве затрымалі 5 асобаў, у тым ліку кіраўніка таварыства. Праводзяцца сьледчыя дзеяньні».

Кампаніі «Белцяжмаш» належыць будынак па вуліцы Харужай 25/1, дзе ад траўня разьмяшчаўся офіс выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, а затым — Каардынацыйнай рады. Ігар Анішчанка таксама вядомы тым, што ў сакавіку 2017 году пагадзіўся спыніць будаўніцтва ў раёне ўрочышча Курапаты пасьля пратэсту жыхароў Менску.

12:56 17.9.2020

Трэнэра, які прынёс Беларусі чатыры алімпійскія перамогі, пазбавілі імянной прэзыдэнцкай стыпэндыі

Ганна Гуськова і Мікалай Казека
Ганна Гуськова і Мікалай Казека

Аднаго з самых тытуляваных трэнэраў Беларусі, нязьменнага кіраўніка зборнай фрыстайлістаў Мікалая Казеку пазбавілі імянной прэзыдэнцкай стыпэндыі, паведамляе Sport.tut.by са спасылкай на адпаведны дакумэнт.

У дакумэнце РЦАП па фрыстайле з подпісам дырэктара паведамляецца, што Мікалай Казека пазбаўлены імянной стыпэндыі прэзыдэнта. Акрамя таго, зь яго спаганяюць сродкі, выплачаныя «у пэрыяд з 2019/07/13 па 2020/06/02» (як адміністрацыйнае спагнаньне). У лісце яму прапануюць вярнуць гэтыя грошы ў добраахвотным дасудовым парадку.

У РЦАП па фрыстайле Tut.by пацьвердзілі сапраўднасьць дакумэнта, а таксама сказалі, што 16 верасня Казека быў азнаёмлены зь ім.

На дакумэнце ёсьць камэнтар за яго подпісам: «Зьвярнуўся да міністра зь лістом-зваротам па тлумачэньне сутнасьці прэтэнзій па вяртаньні атрыманых сродкаў».

13:09 17.9.2020

Палітэмігрант Краўцоў патрабуе ад Сьледчага камітэту завесьці справу аб ягоным выкраданьні і незаконным пазбаўленьні волі

Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў
Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў

Выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў, які 7 верасьня разам з калегам Антонам Раднянковым быў затрыманы спэцслужбамі і прымусова выпраўлены ва Ўкраіну, накіраваў заяву ў Сьледчы камітэт з патрабаваньнем пачаць крымінальную справу аб выкраданьні і незаконным пазбаўленьні волі.

У тэксьце заявы, якая маецца ў распараджэньні Свабоды, Іван Краўцоў заявіў аб учыненых супраць яго 7 і 8 верасьня супрацьпраўных дзеяньнях.

«Гэтыя дзеяньні чыніліся невядомымі мне асобамі, частка якіх традыцыйна хавалася за маскамі. З таго, што цягам дня я ўтрымліваўся ў будынках дзяржаўных органаў — ГУБАЗіК МУС і ДФР КДК Беларусі — можна меркаваць, што да гэтага датычныя супрацоўнікі згаданых сілавых органаў», — мяркуе Іван Краўцоў.

Па яго словах, перасьлед у адносінах яго ніяк працэсуальна ня афармляўся. Ніякіх дакумэнтаў ён не падпісваў, таксама было адмоўлена ў выкліку адваката для аказаньня юрыдычнай дапамогі.

«У сувязі з гэтым дадзеныя дзеяньні нельга расцэньваць як затрыманьне ў парадку, якi прадугледжаны КаАП або КПК Беларусі. Такія захады невядомых асобаў маюць прыкметы перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў», — настойвае заяўнік.

Ён просіць прызнаць сябе пацярпелым і каб Сьледчы камітэт распачаў па апісаных фактах крымінальную справу для пакараньня вінаватых.

13:24 17.9.2020

Рада Міжнароднай фэдэрацыі хакею абмяркуе, ці праводзіць у Беларусі ЧС-2021

Сёньня адбудзецца пасяджэньне Рады Міжнароднай фэдэрацыі хакею (ІІХФ). Адным з галоўных пытаньняў стане правядзеньне ЧС-2021.

У пачатку жніўня віцэ-прэзыдэнт ІІХФ Калерва Кумала ўзьняў пытаньне аб зьмене месца правядзеньня турніру з прычыны падзеяў у Беларусі, яго падтрымала Латвія.

Таксама сёньня Эўрапарлямэнт будзе галасаваць па рэзалюцыі аб Беларусі. Дэпутаты заклікаюць перанесьці зь Менску ЧС-2021.

13:40 17.9.2020

Сьледчы, які пасьля выбараў звольніўся на знак пратэсту, папрасіў палітычнага прыстанішча ў Польшчы

27-гадовы Андрэй Астаповіч служыў у Следчым камітэце Беларусі і звольніўся 16 жніўня, пасьля пачатку масавых пратэстаў па выніках прэзыдэнцкіх выбараў, разгону дэманстрантаў, катаваньняў і забойстваў.

Астаповіч прыехаў у Расею, каб пасьля перабрацца ў Латвію, але ў чаканьні візы быў затрыманы ў Пскове. Пасьля шуму ў прэсе расейскія сілавікі не адважыліся перадаць яго ў рукі беларускім калегам, а проста перавезьлі празь мяжу і пакінулі каля памежных пунктаў у Віцебскай вобласьці.

15 верасьня стала вядома, што былы сьледчы доўга хаваўся ў лясах Беларусі, пасьля чаго знайшоў спосаб выбрацца на тэрыторыю Эўразьвязу і трапіць у Варшаву

13:53 17.9.2020

Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі напісаў заяву на звальненьне. Раней ён заявіў пра рэйтынг Лукашэнкі ў 24%

Генадзь Коршунаў піша на Facebook, што апошнім днём яго працы ў інстытуце будзе 18 верасьня. Прычыны ён не называе: «сёлета абставіны склаліся такім чынам», што яму давялося «прасіць звольніць паводле згоды бакоў».

Коршунаў у чэрвені пацьвярджаў, што рэйтынг даверу Лукашэнку быў яшчэ да пачатку эпідэміі каранавірусу на ўзроўні 24% у Менску

14:10 17.9.2020

Эўрапарлямэнт не пагадзіўся лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам і прапанаваў санкцыі

17 верасьня на пасяджэньні сэсіі Эўрапарлямэнту дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб Беларусі, у якой пацьвердзілі, што не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Эўрапарлямэнт ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам.

Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Эўракамісіі:

  • павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
  • замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам;
  • спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭББР;
  • арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў;
  • прыпыніць зь Беларусьсю перамовы аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства;
  • стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітычным уцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту;
  • распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў;
  • заклікаць не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату сьвету ў хакеі ў 2021 годзе.

    Эўрапарлямэнт заклікаў таксама інстытуты Эўразьвязу і ўрады краін ЭЗ «вывучыць магчымасьць пашырэньня санацыйнага сьпісу на прадмет уключэньня расейскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».

    За рэзалюцыю прагаласавалі 574 дэпутатаў, супраць – 37, устрымаліся – 82 .

14:32 17.9.2020

Эўразійскі банк гатовы ў выпадку санкцыяў выручыць Беларусь


Падзяліцца
Глядзець камэнтары

Друкаваць

Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) будзе гатовы разгледзець магчымасьць замяшчэньня Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР), калі той выйдзе з праектаў у Беларусі, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» намесьнік старшыні праўленьня ЭАБР Андрэй Крайні.

Ён дадаў, што ў «банка ўжо ёсьць такі вопыт у Расейскай Фэдэрацыі, калі Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця вырашыў спыніць сваю дзейнасьць з прычыны рэжыму санкцыяў».

Цяпер у крэдытным партфэлі ЭАБР Беларусі (краіна далучылася да банку ў 2009 годзе, ад гэтага часу ў Менску разьмешчана яго прадстаўніцтва — ІФ) належыць 22,7%, наперадзе — Расея (36,3%) і Казахстан (38,1%), адзначыў Крайні. «За апошні час мы істотна нарасьцілі фінансаваньне праектаў у краіне. На сёньня бягучы інвэстыцыйны партфэль складае $ 971,1 млн. Усяго ў разьвіцьцё Беларусі ЭАБР уклаў $ 1 млрд 815,8 млн», паінфармаваў ён.

Эўрапарлямэнт прыняў 17 верасьня рэзалюцыю, якая прадугледжвае спыненьне апэрацыяў ЭБРР і Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку зь дзяржаўным сэктарам Беларусі.

14:33 17.9.2020

Плятформа «Голас» праводзіць апытаньне згодных са статусам Каардынацыйнай рады як свайго прадстаўніка

Дзеля гэтага да 22 верасьня трэба прайсьці на плятформе ананімнае апытаньне ў падтрымку рады, каб прызнаць яе ўпаўнаважаным прадстаўніком народу ў дыялёгу з уладамі.

Раней у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі заявілі: калі пратэставы рух хоча стаць рэальнай палітычнай сілай, ён мусіць аформіцца ў легальны інстытут.

«Відавочна, што Беларусь апынулася ў палітычным крызісе. Адзіны выхад з сытуацыі — дыялёг. Каардынацыйная рада стваралася з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай якраз для вырашэньня крызісу і арганізацыі дыялёгу. Давайце разам паскорым працэс!», — заклікае каманда «Голасу».

15:04 17.9.2020

Што скажуць Лукашэнку сябры Рады

Адзін з лідэраў Каардынацыйнай рады, былы віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай ІТ-кампаніі зь беларускімі каранямі EPAM Максім Баграцоў і сябра асноўнага складу Кааардынацыйнай рады, культурная экспэртка, трэнерка па бізнэс-камунікацыі Аксана Зарэцкая адказалі на пытаньні Свабоды і чытачы тэлеграм-каналу і youtube-каналу Свабоды.

15:04 17.9.2020

Дзьвюм лекаркам-анколягам, затрыманым на жаночым маршы, прысудзілі па 11 сутак

12 верасьня мэдыкаў Ангеліну Адамоніс і Валянціну Харытонаву затрымалі на жаночым маршы, а пазьней асудзілі кожную на 11 сутак, паведамляе «Эўрарадыё».

Ангеліна Адамоніс — цытагенэтык РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, спэцыяліст у галіне спадчынных захворваньняў і паталёгій.

«Яны павінны займацца лячэньнем дзяцей, а не сядзець у камэрах, — абураецца яе брат Аляксандар. — Іх затрымалі ў самым пачатку маршу. Яны падышлі ў раён станцыі мэтро „Грушаўка“ і праз 15 хвілін апынуліся ў аўтазаку. Дзяўчат акружылі сілавікі і сталі „выдзіраць“. Ангеліна сказала, што затрыманьне было жорсткім, але ў аўтазаку ня білі».

Пасьля затрыманьня Ангеліна і Валянціна правялі двое сутак у менскім ізалятары на завулку Акрэсьціна. 14 верасьня іх судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі 11 суткамі адміністрацыйнага арышту. Затым перавезьлі зь Менска ў Жодзіна.

«Ангеліна падпісала пратакол. Валянціна не падпісала, выклікала адваката. Але абедзьвюм далі па 11 сутак. Я падаў скаргу на перагляд прысуду, папрасіў, каб у РНПЦ напісалі ад імя дырэктара хадайніцтва, што дзяўчаты працуюць у цэнтры — адзіным такім у краіне», — паведаміў Аляксандар Адамоніс.

Ангеліна і Валянціна павінны выйсьці з ізалятару 23 верасьня.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG