Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіць 21 верасьня на сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу


Сьвятлана Ціханоўская

21 верасьня Сьвятлана Ціханоўская выступіць на сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі, паведаміў афіцыйны Тэлеграм-канал «Страна для жизни», праект мужа Сьвятланы Ціханоўскай палітвязьня Сяргея Ціханоўскага.

21 верасьня Рада Эўразьвязу на ўзроўні кіраўнікоў МЗС разгледзіць сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляецца ў апублікаваным у Брусэлі праекце парадку пасяджэньня рады.

«Рада абмяркуе апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі, патэнцыйную падтрымку Эўразьвязам нацыянальнага інклюзіўнага дыялёгу, а таксама абноўленую інфармацыю аб фінансавай дапамозе народу Беларусі ад Эўразьвязу і кірунках перагляду адносін Эўразьвяз-Беларусь», — гаворыцца ў дакумэнце.

17 верасьня на пасяджэньні сэсіі Эўрапарлямэнту дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб Беларусі, у якой пацьвердзілі, ​што не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Эўрапарлямэнт ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам. Эўрапарлямэнт прызнаў Каардынацыйную Раду «часовым прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных перамен у Беларусі».

Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Эўракамісіі:

  • павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
  • замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам;
  • спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭББР;
  • арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў;
  • прыпыніць зь Беларусьсю перамовы аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства;
  • стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітычным уцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту;
  • распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў;
  • заклікаць не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2021 годзе.

Эўрапарлямэнт заклікаў таксама інстытуты Эўразьвязу і ўрады краін ЭЗ «вывучыць магчымасьць пашырэньня санкцыйнага сьпісу на прадмет уключэньня расейскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».

За рэзалюцыю прагаласавалі 574 дэпутатаў, супраць — 37, устрымаліся — 82.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG