Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра «гарантыі бясьпекі» Лукашэнку: пытаньні, на якія няма адказу


Пратэсты ў Менску, 13 верасьня 2020

Можна зразумець, чым кіруецца Святлана Ціханоўская, калі кажа, што ў выпадку мірнага сыходу Лукашэнкі ён атрымае гарантыі бясьпекі.

Ясна, што ў дылеме — добраахвотны сыход Лукашэнкі і ягонае спакойнае жыцьцё на Рублёўцы альбо сыход Лукашэнкі коштам хаця б яшчэ адной ахвяры і пажыцьцёвае ягонае зьняволеньне — выбіраеш першае: ня вартыя ягоныя пакуты жыцьця яшчэ аднаго чалавека.

Але вось пытаньне, на якое пакуль няма адказу.

А адстаўка Лукашэнкі, калі б яна адбылася сёньня (серада, 16 верасьня) — яна лічылася б мірнай? Пасьля пяці забітых, дзясяткаў зьніклых бязь вестак (не кажу пра сотні цяжка параненых і тысячы катаваных і пабітых)?

Пасьля ўсталяваньня, па сутнасьці, тэрору праваахоўных ворганаў супраць грамадзян, калі невядомыя ў масках хапаюць людзей ужо ня толькі на вуліцах, але і ў іх кватэрах?

Я хацеў напісаць, што падобнага не адбывалася з часоў сталінізму, але тое было б недакладна: апэратыўнікі НКВД-МГБ, калі забіралі людзей, усё ж называліся і прад’яўлялі фармальныя ордэры на вобшук. Выглядае, тут больш правільна казаць пра часы нацысцкай акупацыі.

Што такое — «мірны сыход»? Які крытэр «мірнасьці»?

І дзе, кажучы сучасным тэрмінам, дэдлайн, пасьля якога гарантыі ўжо ня будуць працаваць?

Я задаю гэтыя пытаньні як журналіст, у мяне няма на іх адказу.

Але ў тых, хто ўзяў на сабе місыю прадстаўляць пратэставы рух, прадстаўляць народ і ад яго імя заяўляць такія гарантыі, адказ павінен быць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG