Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы за ўдзел у акцыі судзілі 79-гадовую жанчыну, зьняволеную нацысцкай турмы


Зінаіда Крывіцкая

Калі Зінаідзе Крывіцкай быў годзік, яна трапіла разам з маці ў нацысцкую турму за тое, што яе тата быў партызан. Сёньня 79-гадовую жанчыну судзілі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Рэчыцы.

Зінаіда Крывіцкая ўпершыню за 79 гадоў трапіла пад судовы перасьлед. 30 жніўня яна з кветкамі ішла ў калёне пратэстоўцаў па Рэчыцы. Міліцыя расцаніла гэта так: «Актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным вулічным шэсьці і мітынгу з мэтай выражэньня свайго пратэсту па факце несумленнага правядзеньня выбараў».

На судзе Зінаіда Іванаўна зазначыла, што ніколі не галасавала за Аляксандра Лукашэнку і ўпершыню за 26 гадоў займела магчымасьць выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю.

«А дзе я яе магу выказаць, як не на вуліцы?», — заўважыла пэнсіянэрка.

Яна не адмаўляла, што ішла з кветкамі ў калёне, але не прызнала сябе вінаватай, бо лічыць, што мае права выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю.

Суд прызнаў яе вінаватай паводле артыкулу 23.34 КААП і пакараў папярэджаньнем з заўвагай, што наступным разам, калі Зінаіда Іванаўна будзе ўдзельнічаць у мітынгу, на папярэджаньне не давядзецца разьлічваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG