Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі
Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі

Эўразьвяз ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам. Судовы канвэер. Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

15:12 15.9.2020

ПАРЭ: Празрыстае і бесстароньняе расьсьледаваньне дзеяньняў сілавікоў — першы крок для аднаўленьня даверу грамадзян Беларусі да ўладаў

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць рэпрэсіі і гвалт у дачыненьні да грамадзян, вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў пратэстаў і пачаць празрыстае і бесстароньняе расьсьледаваньне ўсіх шматлікіх выпадкаў гвалту і жорсткасьці з боку сілавікоў з мэтай прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых, гаворыцца ў дэклярацыі, прынятай 15 верасьня сталым камітэтам ПАРЭ, паведамляе БелаПАН.

У ПАРЭ таксама лічаць, што Беларусі неабходны «дэмакратычны, шырокамаштабны і інклюзіўны палітычны дыялёг» з паўнавартасным удзелам у ім грамадзянскай супольнасьці для мірнага выхаду з крызісу. У краіне неабходна правесьці рэформы, пачынаючы з канстытуцыйнай і выбарчай, адзначаецца ў дэклярацыі.

Дэклярацыю падтрымалі 24 краіны, супраць выказалася толькі Расея.

15:15 15.9.2020

Горадзенскаму анархісту далі папярэджаньне за несанкцыянаванае мерапрыемства пад судом

Горадзенскаму анархісту Ігару Банцару, якога затрымалі сёньня каля абласнога суду, далі папярэджаньне за несанкцыянаванае мерапрыемства пад судом і выпусьцілі.

Ігар Банцар 15 верасьня прыйшоў на абскарджваньне свайго ранейшага пакараньня – арышту на 10 дзён за ўдзел у недазволеным мітынгу. Банцара не пусьцілі ў суд у шортах. Ён стаў пад будынкам суду са сьветла-ружовым сьцягам і танцаваў пад музыку. Зь ягоных словаў, пэрформанс сымбалізаваў фарс судовай сыстэмы. Цяпер ён у Ленінскім РАУС Горадні.

15:19 15.9.2020

Выпускнікі, выкладчыкі і студэнты акадэміі музыкі далучыліся да кампаніі #FreeKalesnikava

Тысяча выпускнікоў, выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі далучыліся да кампаніі #FreeKalesnikava, абвешчанай беларускім Свабодным тэатрам. Яны падпісалі адкрыты ліст у абарону Марыі Калесьнікавай з патрабаваньнем спыніць яе незаконны перасьлед.

Сярод падпісантаў ляўрэаты міжнародных конкурсаў, вядомыя ў Беларусі і сьвеце кампазытары, выканаўцы і дырыжоры, паведаміў ініцыятар кампаніі Мікалай Халезін, разьмясьціўшы адкрыты ліст на сваёй старонцы ў Facebook.

15:46 15.9.2020

Штрафы журналістам у Менску і Бабруйску

Журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага аштрафавалі на 1375 рублёў кожнага за «парушэньне заканадаўства аб СМІ» (справу аб «непадпарадкаваньні міліцыі» «адправілі на дапрацоўку»), паведамляе БАЖ. Іх трымалі ў няволі з 12 верасьня.

У Бабруйску аштрафавалі на 270 рублёў Ірыну Купцэвіч — журналістку Reform.by. Яна прызнала віну ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу 6 верасьня, піша Tut.by.

Тым часам справу затрыманага разам з журналістамі Уладзімерам Грыдзіным і Раманам Васюковічам Ягора Калягіна «адправілі на дапрацоўку», але зноў могуць судзіць — да 18 гадзінаў судзьдзя сказала быць адвакату ў судзе.

15:48 15.9.2020

Вольгу Кавалькову прынялі ў Стакгольме

Міністарка замежных справаў Швэцыі Эн Ліндэ ў панядзелак прыняла ў Стакгольме сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Беларусі Вольгу Кавалькову.

Эн Ліндэ асудзіла «непрымальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі» і абмеркавала з Кавальковай шляхі да нацыянальнага дыялёгу. Міністарка назвала сустрэчу «плённай» і апублікавала фота з Кавальковай у сябе ў Twitter.

15:50 15.9.2020

Студэнцкія акцыі ў Менску: чытаньне вершаў, пэрформанс з завязанымі вачыма, песьні і «ланцуг салідарнасьці»

Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі. Студэнты з завязанымі вачыма трымалі ў руках вытрымкі зь беларускіх законаў, якія «груба парушаюцца штодня».

Тым часам у Менску студэнты хімічнага факультэту БДУ сьпяваюць «Тры чарапахі».

Каля БДУІР цяпер студэнты чытаюць вершы, а на гістарычным факультэце БДУ студэнты і выкладчыкі сталі ў «ланцуг салідарнасьці».

15:55 15.9.2020

Заснавальнік Wargaming распавёў, ці зьбіраецца кампанія сыходзіць зь Беларусі

На пытаньне, як будзе існаваць Wargaming як найбуйнейшая IT-кампанія Беларусі «ў новай палітычнай рэчаіснасьці» і ці зьбіраецца кампанія зьяжджаць зь Беларусі Віктар Кіслы адказаў:

«Я не казаў, што мы будзем перамяшчаць кампанію. Але ёсьць група распрацоўнікаў, якая можа захацець пераехаць. Яны могуць падысьці да мяне і пагаварыць. Калі яны адчуваюць, што ім будзе камфортней у іншым месцы, то мы як кампанія ўсім ім дапаможам. А як будзе выглядаць будучыня, у мяне няма такіх зьвестак».

У канцы інтэрвію Віктар Кіслы яшчэ раз падкрэсьліў: «Зь Менску мы нікуды сыходзіць не зьбіраемся». Цалкам чытайце тут.

16:16 15.9.2020

Абаронцы Калесьнікавай і Знака патрабуюць спыніць іх крымінальны перасьлед

15 верасьня адвакатка Людміла Казак падала хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу Марыі Калесьнікавай. Абаронца лічыць, што ў публічных выступах Марыі не было заклікаў да захопу дзяржаўнай улады або ажыцьцяўленьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы. Яна заявіла, што перасьлед Марыі Калесьнікавай матываваны палітычна.

Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі таксама падаў хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу. Як лічыць Дзьмітры Лаеўскі, з боку Максіма Знака «адсутнічалі заклікі як такія, а выказваньні і камэнтары Знака ў публічнай прасторы ніяк не былі накіраваныя супраць нацыянальнай бясьпекі, ён не заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, а наадварот, растлумачваў права». Цалкам чытайце тут.

16:37 15.9.2020

Справы фотакарэспандэнтаў Васюковіча і Грыдзіна адправілі на дапрацоўку

Справы фотакарэспандэнтаў Уладзімера Грыдзіна і Рамана Васюковіча накіравалі на выпраўленьне недахопаў у РУУС. Пакуль не зразумела, ці застануцца журналісты пад вартай. Іх судзяць за несанкцыянаваную акцыю.

Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча затрымалі 14 верасьня а 21-й гадзіне ў менскім бары «1067» разам зь сябрам Ягорам Калягіным.

17:30 15.9.2020

Старшыня Незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» трымае галадоўку ў ізалятары

Старшыня суполкі Незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» 56-гадовы Сяргей Гурло трымае галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня, піша інтэрнэт-выданьне «Бабруйскі кур’ер» са спасылкай на вызваленых удзельнікаў мясцовых акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў. Паводле пратэстоўцаў прафсаюзны актывіст пачуваецца кепска, бо «належная мэдычная дапамога не аказваецца».

Сяргея Гурло забралі 12 верасьня з дому. Асудзілі на 5 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Жонка Алена Іванаўна ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды апавяла, што спрабавала сустрэцца з мужам, каб пераканаць яго спыніць галадоўку, але ёй не дазволілі пабачыцца з ім у ізалятары. У жанчыны ўзялі лекі, якія стабілізуюць ціск, ды цёплую вопратку. Ежу адмовіліся прымаць. Ахоўнікі запэўнілі яе, што «з мужам усё ў парадку і ён выйдзе раніцай 17 верасьня».

17:43 15.9.2020

«Самая вялікая мара — быць свабоднымі». Нобэлеўскі ляўрэат Марыё Варгас Льлёса выказаўся пра Беларусь

«Літаратура павінна быць зброяй, з дапамогай якой мы можам весьці барацьбу супраць таго, што лічым няправільным у грамадзтве», — сказаў пэруанскі празаік і драматург Марыё Варгас Льлёса ў дыскусіі, падчас якой абмяркоўвалі ролю культуры і літаратуры ў станаўленьні і абароне дэмакратыі.

Льлёса падкрэсьліў, што тое, што адбываецца ў Беларусі, а таксама ў Вэнэсуэле, Нікарагуа, на Кубе і ня толькі там, паказвае, як важна для мастацтва і літаратуры адкрываць магчымасьці, абуджаць прагу пераменаў. «Мы пачынаем марыць, — сказаў ён, — а потым пачынаем рэалізоўваць нашыя мары. І самая вялікая мара — быць свабоднымі».

17:43 15.9.2020

Дачнікаў засьцерагаюць, каб не вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на сваіх участках

Чытачы даслалі нам лісты, якія сталі прыходзіць старшыням розных таварыстваў уласьнікаў у Заслаўі.

17:56 15.9.2020

Беларускі суд: «Меў дамову з адвакатам — значыць, зьбіраўся парушыць закон»

11 верасьня айцішніку Паўлу Манько прысудзілі штраф у 540 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Судзьдзя Жанна Хвайніцкая ў пастанове ўказала: тое, што Павал Манько заключыў дамову з адвакатам, кажа пра тое, што ён загадзя меў намер удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях, піша Tut.by.

У Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў адзначаюць, што «наяўнасьць папярэдне падпісанай дамовы з адвакатам сьведчыць не пра намер асобы зьдзяйсьняць правапарушэньне, а пра адваротнае: пра тое, што асоба жадае вырашаць усе магчымыя канфлікты выключна ў рамках прававога поля і законнымі мэтадамі». Да таго ж у калегіі нагадваюць, што абаронца ня можа быць дапытаны ў якасьці сьведкі па адміністрацыйнай справе адносна абставінаў, якія сталі яму вядомыя ў сувязі з выкананьнем абавязкаў абаронцы (арт. 4.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Цалкам чытайце тут.

17:58 15.9.2020

У Бабруйску сястра прыйшла на суд да брата — асудзілі і яе

Івана Хамрэнку затрымалі яшчэ 25 жніўня, склалі пратакол за ўдзел у шэсьці і адпусьцілі дамоў. Суд над ім пачаўся 9 верасьня і цягнуўся некалькі дзён. Раніцай 15 верасьня на абвяшчэньне выраку прыйшла сястра Івана, журналістка Reform.by Ірына Купцэвіч. Яе проста з будынку суду міліцыянты адвезьлі ў ГУУС на складаньне пратаколу, таксама за ўдзел у шэсьці 13 верасьня.

Тым часам Івану прысудзілі штраф 675 рублёў і проста ў залі суду затрымалі другі раз, цяпер ужо за ўдзел у шэсьці 13 верасьня.

Па абедзе над братам і сястрой адбыліся суды. Ірына Купцэвіч атрымала пакараньне ў выглядзе 270 рублёў штрафу, а Іван Хамрэнка, на дадатак да папярэдняга штрафу, — 7 сутак арышту.

18:41 15.9.2020

Чаму не сьціхаюць пратэсты

Разважае журналіст і блогер Севярын Квяткоўскі. Сьцісла:

  • Людзі бачаць, што ўлада, спрабуючы задушыць грамадзкі пратэст, выдыхаецца і фізычна, і маральна. «Сілавікоў» не хапае на ўсіх; зь дзяржаўнай сыстэмы пачалі сыходзіць службоўцы.
  • Людзі так доўга жылі пры дыктатуры, што некалькі гадзін свабоды падчас маршу пратэсту прыносяць эўфарыю, якую хочацца адчуваць зноў.
  • Людзі разумеюць, што назад дарогі няма. Спыніцца — даць магчымасьць уладам падняць хвалю масавых рэпрэсій.

Цалкам чытайце па спасылцы.

18:42 15.9.2020

Студэнт БДУІР заявіў у судзе пра катаваньні

Міхася Клачкова сёньня судзілі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску за ўдзел у «Маршы герояў» 13 верасьня, прысудзілі арышт на 10 дзён. Задзіночаньне беларускіх студэнтаў паведамляе, што на судзе ён заявіў: супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС зьбівалі яго, пакуль ён ня страціў прытомнасьць, каб атрымаць доступ да тэлефона. У выніку доступ атрымалі.

Суд праходзіў па відэасувязі, але выяву бачыла толькі судзьдзя — прысутныя ня ведаюць, у якім стане Міхась цяпер. Адваката запрасіць не пасьпелі — пра суд стала вядома за 40 хвілін да пачатку. Засакрэчаны сьведка-міліцыянт на судзе заявіў, што ня памятае, дзе бачыў Міхася і як той быў апрануты.

18:53 15.9.2020

«У Лукашэнкі не засталося ні кроплі легітымнасьці». Амэрыканскія сэнатары падрыхтавалі рэзалюцыю аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў

Двухпартыйная група з 13 сэнатараў прадставіла рэзалюцыю, якая заклікае ўвесьці адрасныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за падаўленьне мірных дэманстрацый у краіне. Санкцыі плянуецца каардынаваць з Эўрапейскім Зьвязам і іншымі міжнароднымі партнэрамі.

У тэксьце рэзалюцыі гаворыцца, што прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», а іх афіцыйныя вынікі, абвешчаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, названыя несапраўднымі. Падрабязнасьці тут.

19:03 15.9.2020

Ціханоўская: «Улада перайшла чарговую мяжу прававой сваволі. За прафэсійную дзейнасьць пачалі арыштоўваць адвакатаў»

У відэазвароце ў падтрымку арыштаванага адваката Максіма Знака Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «беларусы могуць страціць апошнія магчымасьці абароны» — менавіта таму арышт Знака патрабуе асаблівай увагі. Яна сьцьвярджае, што арыштаваны працаваў над тым, каб працэс стварэньня і дзейнасьці Каардынацыйнай рады адбываўся ў прававым полі. Ціханоўская запатрабавала вызваліць Знака і іншых палітычных зьняволеных

19:20 15.9.2020

Цапкала: юрысты рыхтуюць дакумэнты для прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці ў судзе ў Гаазе

Група замежных юрыстаў рыхтуе дакумэнты для прыцягненьня кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці ў міжнародным судзе Гаагі, заявіў экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала ў відэа, якое ён апублікаваў на сваім YouTube-канале.

«У нас ужо ёсьць група замежных юрыстаў, якія рыхтуюць усе неабходныя дакумэнты, якія будуць прадстаўленыя ў міжнародным судзе ў Гаазе», — паведаміў Валер Цапкала. Гаворка ідзе пра адказнасьць Лукашэнкі за гвалт супраць дэманстрантаў у першыя дні пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Паводле Цапкалы, цяпер ідзе збор сьведчаньняў і паказаньняў пацярпелых грамадзян.

Адказваючы на пытаньне, якой павінна быць рэакцыя Захаду на тое, што адбываецца ў Беларусі, Валер Цапкала сказаў, што будзе «больш чым дастаткова», калі краіны Эўразьвязу ўвядуць супраць Лукашэнкі і яго сям’і пэрсанальныя санкцыі.

19:57 15.9.2020

Макей прызнаў, што выбары ў Беларусі прайшлі не ідэальна

«У нас прайшлі выбары, хай па некаторых высокіх канонах і не ідэальна, аднак народ сваёй большасьцю, гэта сёньня складана паставіць пад сумнеў, вызначыў іх пераможцу. Хацелася б зразумець, на якой падставе прадстаўнікі Эўразьвязу ставяць сябе ўпоравень зь беларускім народам і лічаць, што маюць права аднаасобна выносіць вэрдыкты аб прымальнасьці для беларусаў вынікаў выбараў», — заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей, камэнтуючы сёньняшні выступ кіраўніка зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Жузэпа Бурэля на сэсіі Эўрапарлямэнту.

У ім Бурэль заявіў, што Эўразьвяз лічыць выбары ў Беларусі сфальсыфікаванымі — і таму лічыць Лукашэнку нелегітымным прэзыдэнтам Беларусі. Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG