Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі суд: «Меў дамову з адвакатам — значыць, зьбіраўся парушыць закон»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Судзьдзя ў пастанове ўказала: тое, што айцішнік Павал Манько заключыў дамову з адвакатам, кажа пра тое, што ён загадзя меў намер удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях, піша Tut.by.

Суд Заводзкага раёну Менску 11 верасьня разглядаў справу айцішніка Паўла Манько, якога судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Паўла пакаралі штрафам у 540 рублёў. У судзе Паўла Манько абараняла адвакатка Алена Шынкарэвіч.

Вытрымка з пастановы па справе Паўла Манько разышлася па тэлеграм-каналах. Судзьдзя Жанна Хвайніцкая даслоўна ўказала:

«Агучаныя ў судовым пасяджэньні абаронцам Шынкарэвіч зьвесткі аб наяўнасьці ў яе дамовы з Манько ад 3 жніўня 2020 году аб прадстаўленьні інтарэсаў на выпадак яго затрыманьня сьведчаць аб тым, што Манько меў намер удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях, што і зрабіў 27 жніўня 2020 году».

Як патлумачыла адвакатка, пастанова суду пакуль не набыла законнай сілы, таму яна разам са сваім кліентам мае намер яе абскардзіць.

Паводле Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў. Супрацьдзеяньне аказаньню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца (арт. 62 Канстытуцыі).

Tut.by зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай пракамэнтаваць довад судзьдзі Жанны Хвайніцкай, аднак камэнтароў пакуль не атрымаў.

У Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў растлумачылі:

«Мяркуем, што наяўнасьць папярэдне падпісанай дамовы з адвакатам сьведчыць не пра намер асобы зьдзяйсьняць правапарушэньне, а пра адваротнае: пра тое, што асоба жадае вырашаць усе магчымыя канфлікты выключна ў рамках прававога поля і законнымі мэтадамі.

Прывядзем аналёгію. Чалавек страхуе сваё жыцьцё і здароўе ў страхавой арганізацыі альбо набывае мэдычную страхоўку. Гэта не азначае, што ён мае намер памерці, захварэць або трапіць у ДТЗ. Гэта азначае, што чалавек карыстаецца сродкамі, якія дала яму дзяржава, для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў ад магчымых парушэньняў».

У калегіі дадалі, што сярод беларусаў пакуль недастаткова распаўсюджаная практыка, якая «зьяўляецца натуральнай у іншых дзяржавах» — калі чалавек атрымлівае кансультацыю адваката ці заключае дамову на аказаньне юрыдычнай дапамогі папярэдне, да зьдзяйсьненьня якіх-небудзь юрыдычна значных дзеяньняў.

У калегіі нагадваюць, што абаронца ня можа быць дапытаны ў якасьці сьведкі па адміністрацыйнай справе адносна абставінаў, якія сталі яму вядомыя ў сувязі з выкананьнем абавязкаў абаронцы (арт. 4.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях).

«Такім чынам, тлумачэньні абаронцы ня могуць зьяўляцца доказам віны асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасьці», — дадалі ў калегіі адвакатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG