Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская перакладчыца: «Стомленыя і абыякавыя людзі сталі нацыяй, якая паўстала»


Сьвятлана Ўранава з Паўлам Севярынцам.
Сьвятлана Ўранава з Паўлам Севярынцам.

Сьвятлана Ўранава (Světlana Vránová), чэская перакладчыца беларускай літаратуры, верыць, што калі ў Беларусі зьменіцца рэжым, беларуская мова вернецца да жыцьця ў грамадзтве.

Пра гэта перакладчыца сказала ў інтэрвію чэскаму інтэрнэт-рэсурсу Aktualne.cz.

Прапануем вам некалькі цытатаў з гэтай размовы.

Пра пратэсты

«Можна было чакаць жорсткай рэакцыі (рэжыму на пратэсты. — РС), пытаньне толькі ў тым, што будзе пасьля гэтай рэакцыі. Ці будуць запалохваць людзей, як гэта было дзесяць гадоў таму, калі пасьля расправы на плошчы перад урадавым будынкам уся краіна, здавалася, на некалькі дзён перастала дыхаць у жаху, а ў наступныя гады была паралізавана страхам, ці на гэты раз будзе інакш?

Жорсткасьць разгону дэманстрантаў шакавала ўсіх. Людзі выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсыфікацыі выбараў. Але ў наступныя дні яны выходзілі ня толькі з прычыны выбараў. Яны былі там, каб выказаць свой пратэст супраць гвалту. Гэтым разам рэжым Лукашэнкі выклікаў тое, на што мала хто спадзяваўся. Стомленыя і абыякавыя людзі сталі нацыяй, якая паўстала, каб абараніць сваё права на справядлівасьць. Калі што-небудзь мяне зьдзівіла, то гэта, і вельмі станоўча».

Пра стаўленьне беларусаў да Расеі

«На мой погляд, большасьць беларусаў знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне. Яны хочуць незалежнай сувэрэннай дзяржавы, якая будзе мець добрыя адносіны з усімі суседзямі, уключна з Расеяй».

Пра сваё зацікаўленьне беларускай мовай

«Калі я ўпершыню прыехала ў Беларусь, то вакол сябе чула толькі расейскую мову. Сябры мне казалі: расейцы адабралі ў нас культуру, адабралі ідэнтычнасьць, сфальсыфікавалі гісторыю, акупавалі нас дзесяцігодзьдзямі. Я спыталася ў іх: добра, але чаму вы расказваеце мне ўсё гэта на іхнай мове, калі думаеце, што яны так вас пакрыўдзілі?

А потым я нарэшце пачула беларускую. Яна мяне адразу зачаравала. Гэта вельмі прыемная, мяккая мова на слых. Я яе добра разумела, яна здавалася падобнай да польскай. І вось я сказала сваім (беларускім. — РС) сябрам: я магу вам даказаць, што гэта магчыма, нават бяз тых некалькіх гадзін беларускай мовы ў школе, без бабак і дзядоў на вёсцы і безь беларускіх газэт. Я вывучыла беларускую мову, з таго часу размаўляю зь беларусамі выключна па-беларуску».

Чаму беларусы не гавораць па-беларуску?

«Мой досьвед такі: калі я з кімсьці размаўляю па-беларуску, ён ці яна альбо пачне адказваць мне па-беларуску, альбо гэта адбудзецца празь некаторы час. У мяне ёсьць некалькі сяброў, якія былі чыста расейскамоўнымі, і празь некалькі дзён разам пачалі размаўляць па-беларуску.

Увесь мой досьвед толькі пацьвярджае мае першапачатковыя ўражаньні. Любы зь беларусаў можа пачаць размаўляць па-беларуску адразу, а астатняе — апраўданьні. Напачатку яны будуць рабіць памылкі, блытацца, але вельмі хутка загавораць. Уся праблема ў тым, што большасьць зь іх гэтага ня хоча. (…)

Падчас цяперашняй рэвалюцыі цікава назіраць, як людзі на вуліцах рэагуюць на беларускія пытаньні рэпартэраў незалежных СМІ. Шмат хто пачынае адказваць па-беларуску, але пасьля некалькіх фразаў спыняецца і пераходзіць на расейскую. Я лічу, што, як толькі ў краіне зьменіцца рэжым, беларуская мова можа вярнуцца даволі хутка».

Даведка:

Сьвятлана Ўранава пераклала на чэскую мову пяць беларускіх кніг, сярод іх «Сем камянёў» Аляксея Шэіна, «Чарвяк» Зьмітра Дашкевіча, «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца, «Споведзь» Ларысы Геніюш. Публікавала свае мініятуры па-беларуску ў свабодаўскай рубрыцы «100 словаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG