Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня думаю, што Пуцін, калі не звар’яцеў, прапануе Лукашэнку вайсковую дапамогу». Паўлоўскі пра сустрэчу ў Сочы


Менск, 13 верасьня 2020
Менск, 13 верасьня 2020

У Сочы 14 верасьня павінна адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Яна пройдзе на фоне пратэстаў, якія ў Беларусі працягваюцца больш за месяц.

«Марш герояў» у Менску сабраў больш за 100 тысяч чалавек. ВІДЭА, ФОТА​

Напярэдадні гэтай сустрэчы пра чаканьні ад яе з расейскім палітолягам Глебам Паўлоўскім пагутарыла Ірына Рамалійская з тэлеканалу «Настоящее время».

— У нейкай ступені гэта вырашаецца сёньня ў Менску — што пакажа Менск, з чым і кім прыедзе Лукашэнка да Пуціна. Бо гэта вельмі важна для яго — паказаць, што ён усё яшчэ моцны бок. А Пуціну важна зразумець, з кім ён размаўляе і як шмат яму дапамагаць, як шмат яму даць і колькі зь яго можна ўзяць. Гэта важны момант, гэта вызначаюць у нейкай ступені сёньня грамадзяне Беларусі, жыхары Менску. І таму Лукашэнка сьцягнуў у Менск літаральна ўсе свае сілы, каб зьняць кароткамэтражку для Пуціна.

— Каб зьняць кароткамэтражку пра тое, як ён разганяе мірных пратэстоўцаў?

— Так, так. Які ён дужы, што ён моцны. І ў яго гэта, здаецца, ня вельмі атрымліваецца. Таму што ўжо цяпер парадку 150 тысяч людзей, прычым паводле ацэнак афіцыйных маскоўскіх інфармацыйных агенцтваў, у Менску. Значыць, ня вельмі ў яго і атрымалася. Але яшчэ ня вечар, мы разумеем.

— Вось ён пакажа Пуціну: «Вось я такі моцны, жорсткі, разагнаў гэтых усіх людзей». І што Пуцін у адказ павінен зрабіць, ва ўяўленьні Лукашэнкі?

— Па-першае, яму трэба паказаць, кім ён прыедзе. Ён жа баіцца, ён сьмяротна баіцца папраўдзе націску Пуціна. Калі ён прыпаўзе да яго на карачках і будзе прасіць дапамогі, то Пуцін можа зрабіць зь яго ўсё. І ён ня хоча гэтай сытуацыі. Значыць, яму трэба паказаць, што ён кантралюе Беларусь. А ён яе не кантралюе. Ён кантралюе сілавы каркас па-ранейшаму, кантралюе людзей бяз формы і апазнавальных знакаў, якіх, здаецца, называюць у Беларусі «ціхары», якія могуць быць кім заўгодна насамрэч і якія не зьвязаныя законам, увогуле кажучы, у сваіх дзеяньнях. Але гэтага мала, для Пуціна гэтага недастаткова.

Зь іншага боку, Пуцін вырашае: гэты чалавек яшчэ можа мець шанец, хоць бы адзін шанец са ста вярнуць сабе ўладу над гэтымі людзьмі? Можа быць, яны на наступным тыдні супакояцца і разыдуцца? Вось гэтыя рэчы ў двоеўладзьдзі, якое ўсталявалася ў Беларусі, вельмі важныя, вельмі важнае вось гэтае адчуваньне. Зь яго лёгка можна зрабіць памылковыя высновы. І памылковыя высновы можа зрабіць, вядома, і беларуская апазыцыя.

— Якія?

— Ну ня ведаю, яны, па-першае, могуць быць тактычнымі. Я ня ведаю, ці так ужо складана знайсьці гэтыя самыя Дразды. Дразды, як я разумею, — гэта нешта накшталт маскоўскай Рублёўкі. Але звычайна такія месцы ахоўваюцца, абараняюцца нават мацней, чым дзяржаўныя будынкі, таму што гэта мяккае падбрушша ўлады, гэта месца, дзе яна адчувае сябе сабой, дзе яна спажывае сваю перавагу. Так што наступная рэакцыя будзе сьмяротная.

Тактыка, якую прынялі сёньня сілавікі — разьбіваць калёны і ствараць адчуваньне, што ёсьць проста асобныя ўчасткі, — не спрацавала. У выніку яны запоўнілі ўвесь горад калёнамі, агалілі іншыя гарады, як я разумею, мяркуючы па тым, што я бачу. Нейкія вельмі непераканаўчыя, я б сказаў, сілавыя кулакі ў іншых гарадах Беларусі.

І атрымліваецца, што ён паказаў, што ён не кантралюе, што гэтую краіну ён не кантралюе, і нават калі ён захоча яе прадаць Пуціну, Пуцін ня купіць, таму што ён ня ўпэўнены ў кантролі, ня ўпэўнены ў праве ўласнасьці. І таму я не чакаю вялікіх узрушэньняў ад заўтрашняга дня і я ня думаю, што Пуцін, калі ён не звар’яцеў, прапануе вайсковую дапамогу Лукашэнку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG