Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны выклікалі на допыт пасьля заявы пра спэцапэрацыю з затрыманьнем «вагнэраўцаў» у Беларусі


Андрэй Богдан
Андрэй Богдан

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны выклікала на допыт Андрэя Богдана — экс-кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Напярэдадні Богдан у інтэрвію журналісту Дзьмітрыю Гардону пацьвердзіў, што ўкраінскія спэцслужбы рыхтавалі спэцапэрацыю, каб выманіць так званых «вагнэраўцаў» з Расеі празь Беларусь і захапіць іх.

Паводле Богдана, гэтым на працягу году займалася Галоўнае ўпраўленьне вайсковай выведкі пад кіраўніцтвам Васіля Бурбо: «вагнэраўцаў» плянавалі пасадзіць у самалёт у Менску і павезьці нібыта ў Стамбул, але насамрэч лайнэр павінен быў прызямліцца ва Ўкраіне. Курыравалі гэтую апэрацыю, па яго словах, «амэрыканцы».

«Я ня веру — я ведаю, што было менавіта так», — сказаў ён.

«Сапраўды была створана ў Вэнэсуэле фірма, набраны пэрсанал. Нейкія людзі ўжо туды паехалі працаваць на нейкія канкрэтныя вышкі, ім плацілі там рэальныя грошы, яны рэальна там ахоўвалі гэтыя вышкі, то бок гэта ня проста нейкая там казка, а калі нехта адтуль правяраў: „Дык а вы там, так? То бок тут вы працуеце, так?“ — „Так, зарплату атрымліваем, усё...“, — расказаў Богдан. — Гэтай апэрацыі больш як год. Яна была супэрсакрэтная і супэрсур’ёзная. Яе разбурыў адзін тэлефонны званок. І чалавек, які зрабіў гэты тэлефонны званок, — ён фактычна прызнаўся, што ён яго ўчыніў».

Богдан сказаў, што інфармацыю аб апэрацыі раскрыў чалавек з «найбліжэйшага» атачэньня прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Па словах Богдана, ён хоча верыць у тое, што сам Зяленскі ў раскрыцьці апэрацыі ня ўдзельнічаў. Аднак ён заўважыў, што палітык сумняваўся ў некаторых яе аспэктах.

20 жніўня кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак сказаў, што публікацыі аб вярбоўцы затрыманых у Менску наймітаў украінскімі спэцслужбамі — расейская дэзынфармацыя. Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў, што гэта магло быць апэрацыяй расейскіх спэцслужбаў. Так яны пракамэнтавалі публікацыі ва ўкраінскіх СМІ пра тое, што наймітаў спрабавалі захапіць для суду ў Кіеве.

Як пісала «Ўкраінская праўда» са спасылкай на свае крыніцы, у рамках спэцапэрацыі баевікоў нанялі паводле падробленых дамоваў ахоўваць нафтавыя вышкі ў Вэнэсуэле. Падчас вэрбаваньня яны далі пад запіс сьведчаньні аб злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны, бо думалі, што паказваюць «працадаўцу» ўзровень «кваліфікацыі».

Група складалася з 33 чалавек, сярод іх былі 28 баевікоў, якіх меліся затрымаць. 9 зь іх былі грамадзянамі Ўкраіны, 11 значыліся ў базе «Міратворца». Ня ўсе найміты служылі ў «ПВК Вагнэра».

Групу 24 ліпеня плянавалася прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група павінна была вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта зрабілася б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б «вагнэраўцаў». Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.

Паводле публікацыі, 24 ліпеня пра фінальную стадыю апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічалі кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.

25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбулу, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Паводле публікацыі, украінская выведка нібыта лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG