Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International запатрабавала ад беларускіх уладаў раскрыць месцазнаходжаньне Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Беларускія ўлады павінны неадкладна паведаміць пра лёс і месцазнаходжаньне лідэркі апазыцыі Марыі Калесьнікавай і неадкладна вызваліць яе, заявіла 8 верасьня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

«Беларускія ўлады зьвярнуліся да арыштаў, якія нагадваюць выкраданьні, каб расправіцца са сваімі апанэнтамі. Паводле сьведак, Марыю Калесьнікаву проста зацягнулі ў фургон людзі ў масках. Такім чынам яна стала апошняй у доўгай чарадзе зьніклых бязь вестак крытыкаў ураду за апошнія 20 гадоў», — заявіла Мары Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Яна заклікала неадкладна вызваліць Марыю Калесьнікаву і спыніць кампанію запалохваньня і палітычнага перасьледу праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Выкраданьне Марыі Калесьнікавай адбылося ўсьлед за сотнямі новых арыштаў актывістаў у мінулую нядзелю, запалохваньнем навучэнцаў школ і ўнівэрсытэтаў і гвалтоўным выгнаньнем з краіны лідэраў пратэсту. Мы патрабуем вяртаньня да вяршэнства закону і поўнай павагі да правоў чалавека ў Беларусі», — дадала яна.

7 верасьня СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што Калесьнікаву невядомыя людзі каля Нацыянальнага мастацкага музэю пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку.

З раніцы 8 верасьня стала вядома, што Марыю Калесьнікаву затрымалі на мяжы. Як расказалі пазьней сябры Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў, якія выехалі ва Ўкраіну, Марыю Калесьнікаву хацелі вывезьці зь Беларусі гвалтам, але яна парвала свой пашпарт на дробныя кавалкі. Тады яе затрымалі. Яе дакладнага месцазнаходжаньня ўлады афіцыйна так і не назвалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG