Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт: Калесьнікаву затрымалі на мяжы з Украінай. Крыніца: яна парвала пашпарт пры спробе вывазу

абноўлена

Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Сябры Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў выехалі ва Ўкраіну. Марыю Калесьнікаву затрымалі на мяжы. Пра гэта Свабодзе паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.

Раніцай Telegram-канал дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-1» паведаміў, што ўначы Калесьнікава, Раднянкоў і Краўцоў «спрабавалі незаконна пакінуць тэрытэрыю Рэспублікі Беларусь» і што Калесьнікаву затрымалі. Тамсама апублікавалі два відэа. На адным Іван Краўцоў кажа, што «прыняў рашэньне пакінуць Беларусь на некаторы час». На другім відэа відаць, як аўтамабіль BMW праходзіць памежны кантроль на беларускай частцы мяжы. Ані хто ў ім, ані спробаў «прарыву мяжы» не відаць.

Афіцыйны прадстаўнік памежнага камітэту Антон Бычкоўскі спачатку сказаў Свабодзе, што мяжу пераехалі ўсе трое.

«На пачатку 5-й гадзіны раніцы яны прыехалі на памежны пераход Аляксандраўка, што ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці. Былі ўтраіх на адной машыне», — сказаў Бычкоўскі.

Ён ня змог патлумачыць, ці было гэта зроблена пад ціскам.

Пасьля 9:00 Бычкоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што Раднянкоў і Краўцоў пакінулі тэрыторыю Беларусі і апынуліся на сумежным баку, а Калесьнікаву затрымалі. «Цяпер ідзе разбор, каб даць гэтай сытуацыі прававую ацэнку», — сказаў Бычкоўскі.

Тэлефон Марыі Калесьнікавай працуе, але ніхто не здымае слухаўку.

Агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» з спасылкай на інфармаваную крыніцу паведаміла, што пры спробе гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі Калесьнікава парвала свой пашпарт. У памежным камітэце пакуль не пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Украінскі бок: гэта «гвалтоўнае выгнаньне»

У амбасадзе Ўкраіны ў Менску паведамілі Свабодзе, што ва Ўкраіне цяпер знаходзяцца толькі Краўцоў і Раднянкоў, Калесьнікавай там няма.​

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны пазьней пацьвердзіла, што Антон Раднянкоў і Іван Крацоў прыбылі ў адзін з украінскіх пунктаў пропуску ў межах Кіеўскай вобласьці для ўезду ва Ўкраіну. Цяпер яны праходзяць неабходны памежны кантроль у адпаведнасьці з заканадаўствам, якое вызначае парадак перасячэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Грамадзянка Беларусі Марыя Калесьнікава для праходжаньня памежнага кантролю не прыбывала.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выезд сяброў беларускай Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова з краіны быў «гвалтоўным выгнаньнем».

«Ад сябе дадам – гэта ня быў добраахвотны выезд. Гэта было гвалтоўнае выправаджэньне з роднай краіны. Марыю Калеснікаву не ўдалося выправадзіць зь Беларусі, таму што гэтая адважная жанчына распачала дзеяньні для прадухіленьня яе перамяшчэньня церазь мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – напісаў Герашчанка ў Facebook.

Што кажуць у Каардынацыйнай радзе

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак паведаміў Свабодзе, што ня можа пацьвердзіць выезд Калесьнікавай, Краўцова і Раднянкова ва Ўкраіну.

«Яны не выходзілі на сувязь. Акрамя таго, мы з Марыяй Калесьнікавай абмярковалі сытуацыю пасьля таго, што здарылася з Вольгай Кавальковай, якую вывезьлі ў Польшчу. І Марыя казала, што ні ў якім разе ня будзе згодная на выезд з краіны, калі такое здарыцца зь ёю», – сказаў Знак.

«Марыя Калеснікава павінна быць вызваленая неадкладна, як і ўсе раней затрыманыя члены Каардынацыйнай рады і палітвязьні», — заявіла былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Заяву 8 верасьня распаўсюдзіла яе прэс-служба.

Ціханоўская падкрэсьліла, што задача Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне — быць плятформай для перамоў.

«Іншага рашэньня няма, і Лукашэнка павінен гэта ўсьвядоміць, — падкрэсьліла кандыдат. — Нельга трымаць народ у закладніках. Выкрадаючы людзей сярод дня, Лукашэнка дэманструе сваю слабасьць і страх».

У 10:27 паплечнікі Калесьнікавай паведамілі, што ў Памежным камітэце не прадставілі яе адвакатам ніякай інфармацыі.

***

Напярэдадні, раніцай 7 верасьня, СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што Калесьнікаву невядомыя людзі каля Нацыянальнага мастацкага музэю пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку. Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка, у сваю чаргу, паведаміў «​Інтэрфаксу», што Калесьнікава, магчыма, затрыманая. У сваю чаргу, у ГУУС Менгарвыканкаму «​Інтэрфаксу» заявілі, што «менская міліцыя не затрымлівала» Калесьнікаву. У МУС Беларусі таксама адказалі, што не валодаюць інфармацыяй аб яе затрыманьні.

7 верасьня зьнікла сувязь і з выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым. У ягонай кватэры правялі ператрус прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.

5 верасьня сілавікі вывезьлі ў Польшчу сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову. За дзень да гэтага яе другі раз запар асудзілі на адміністрацыйны арышт.

11 жніўня пайшла ў ЦВК і не вярнулася экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская. Пазьней стала вядома, што сілавікі яе вывезьлі ў Літву.

Зь сямі сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады ў Беларусі і на волі засталіся толькі двое: юрыст Максім Знак і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG