Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскім парлямэнце ў закрытым рэжыме вырашалі, якой будзе пазыцыя Ўкраіны да падзей у Беларусі


Украінскі парлямэнт, ілюстрацыйнае фота
Украінскі парлямэнт, ілюстрацыйнае фота

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Саламія Баброўская (фракцыя «Голас») заявіла, што сёньня на закрытым пасяджэньні парлямэнцкага камітэту ў замежных справах вырашалі, якой мусіць быць афіцыйная пазыцыя парлямэнту што да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Спадзяёмся, што заўтра заяву разгледзяць на пасяджэньні парлямэнту», — сказала Саламія Баброўская, якая ўваходзіць у склад міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь».

Паводле яе, пасяджэньне камітэту адбывалася пры ўдзеле ўкраінскага амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма, выкліканага для кансультацый ў Кіеў, а таксама прадстаўнікоў ўкраінскай вонкавай выведкі і Службы бясьпекі Ўкраіны.

Сакратарыят Вярхоўнай Рады Ўкраіны зарэгістраваў чатыры праекты пастаноў аб сытуацыі ў Беларусі, але толькі адна зь іх накіраваная на непрызнаньне вынікаў выбараў прэзыдэнта 9 жніўня.

«Усе заявы досыць мяккія. У іх адзначаецца, што выбары прайшлі несвабодна і недэмакратычна, але няма прамога непрызнаньня вынікаў выбараў, як гэта прапанавала аб’яднаньне „За дэмакратычную Беларусь“. Я спадзяюся, што заўтра пытаньне будзе на парадку дня і адбудзецца галасаваньне. Але я думаю, што ў залі будзе вельмі горача пры абмеркаваньні гэтай заявы», — мяркуе Саламія Баброўская.

Дэпутатка дадала, што фракцыя «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» увогуле настойвае на тым, каб парлямэнт Украіны асудзіў дзеяньні ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Партыю «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“», якая мае ў Вярхоўнай Радзе сваю фракцыю, узначальвае кум расейскага прэзыдэнта Віктар Медзьвядчук. Летась ён неаднаразова сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам — двойчы ў Менску і адзін раз у Сочы.

Украінскія СМІ зьвязвалі Віктара Медзьвядчука з нафтавым бізнэсам ва Ўкраіне і Беларусі — у 2019 годзе стала вядома аб продажы беларускаму нафтабітумнаму заводу часткі статутнага капіталу ўкраінскага ТАА «Прыкарпатзахадтранс» (горад Роўна).

2 верасьня Віктар Медзьвядчук разам з дэпутатам сваёй фракцыі Ільлём Ківам прынесьлі ў Вярхоўную Раду дзяржаўны сьцяг Беларусі і сфатаграфаваліся зь ім у сэсійнай залі. Пад фатаздымкам быў зьмешчаны наступны подпіс:

«Мы зь беларускім народам, які абараніў канстытуцыйны лад і сваю краіну ад захопу і прыгнёту!».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG