Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі тэатар імя Франка запрасіў звольненых купалаўцаў адсьвяткаваць юбілей беларускага тэатру ва Ўкраіне


Звольненыя супрацоўнікі Купалаўскага тэатру
Звольненыя супрацоўнікі Купалаўскага тэатру

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Івана Франка ў жніўні адзначыў свой стагадовы юбілей. У сувязі з карантынам, які трывае ва Ўкраіне з прычыны эпідэміі каранавірусу, урачыстая юбілейная праграма адбылася толькі цяпер.

Генэральны дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатру, народны артыст Украіны Міхайла Захарэвіч са сцэны прапанаваў звольненаму калектыву Купалаўскага тэатру адсьвяткаваць 100-гадовы юбілей у Кіеве, на сцэне легендарнага ўкраінскага тэатру. Гэтую ініцыятыву гледачы ўспрынялі бурнымі воплескамі.

У інтэрвію Свабодзе Міхайла Захарэвіч расказаў, чаму вырашыў падтрымаць купалаўцаў.

Ініцыятыву падтрымалі ўлады

Міхайла Захарэвіч
Міхайла Захарэвіч

«Наш тэатар зьвязваюць з Купалаўскім тэатрам даўнія творчыя сувязі яшчэ з тых часоў, калі там працаваў Валер Раеўскі. Мы кантактавалі, ставілі спэктаклі — Раеўскі ў нас, мы езьдзілі ў Купалаўскі, у Беларусь. І таму ў цяжкія для Беларусі часы мы, вядома, павінны падставіць сяброўскае плячо для пабрацімаў з тэатру імя Янкі Купалы», — сказаў Міхайла Захарэвіч.

Паводле яго, ініцыятыву ўжо падтрымала Міністэрства культуры Ўкраіны.

«Гледачы дужа прыхільна паставіліся да маёй прапановы, якую я агучыў на сьвяткаваньні 100-годзьдзя нашага тэатру. У нас была бура воплескаў, калі я са сцэны агучыў гэтую ініцыятыву. Гледачы ўспрынялі яе з захапленьням, каб дапамагчы беларусам. Бо 100 гадоў бывае толькі аднойчы».

«Не баімся нічога!»

Кіраўнік украінскага тэатру дадаў, што не баіцца, калі ў выпадку падтрымкі звольненага калектыву будуць страчаныя магчымасьці гастраляваць у Беларусі і падтрымліваць кантакты з тэатрам імя Янкі Купалы:

«Мы нічога не баімся. Калі трэба падтрымаць нашых сяброў, то мы іх будзем падтрымліваць, нават тады, калі для нас будзе нейкая непагадзь на вуліцы».

На сьвяткаваньні стагодзьдзя Кеўскага тэатра імя Івана Франка міністар культуры Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка падтрымаў ініцыятыву
На сьвяткаваньні стагодзьдзя Кеўскага тэатра імя Івана Франка міністар культуры Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка падтрымаў ініцыятыву

Прымем у любы час

Міхайла Захарэвіч дадаў, што чакае рэакцыі звольненага калектыву на ягоную ініцыятыву, каб абмеркаваць усе арганізацыйныя пытаньні, і гатовы ўнесьці зьмены ў афішу свайго тэатру.

«Калі беларускія калегі адгукнуцца на прапанову, мы абмяркуем усе пэрспэктывы — калі гэта магчыма, што будзе, якая колькасьць чалавек да нас прыедзе. Мусім абмеркаваць усе арганізацыйныя пытаньні. Я меў запрашэньне на сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею тэатру з подпісам Паўла Латушкі і Мікалая Пінігіна. Я зьбіраўся ехаць, каб павіншаваць купалаўцаў. Але я разумею, што там у гэты дзень ня будзе юбілею, і таму ў мяне зьявілася такая ідэя — запрасіць іх сюды. Ня ведаю, ці пасьпеюць яны арганізавацца да 14 верасьня, але мы згодныя прыняць і ў верасьні, і ў кастрычніку — калі яны змогуць прыехаць і адсьвяткаваць юбілей».

«Спадзяюся, што беларусы перамогуць»

Кіраўнік украінскага тэатру паведаміў, што назірае за падзеямі ў Беларусі, суперажывае беларусам і надзвычайна ганарыцца такой салідарнасьцю нацыі:

«Я спадзяюся, што народ Беларусі даб’ецца свабоды, і вельмі спачуваю тым, хто арыштаваны. Мы перажылі амаль што такі ж пэрыяд, і ў нас тады загінуў наш супрацоўнік, які стаў Героем Украіны на Майдане. Мы, як ніхто разумеем, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Дай Божа здароўя і перамогі! Мы турбуемся і зробім усё, што ад нас залежыць, каб дапамагчы нашым калегам-тэатралам адсьвяткаваць сваё стагодзьдзе як мага лепей».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG