Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Латвіі: Я хачу, каб Эўразьвяз займаўся Беларусью і ў будучыні, а ня толькі да канца гэтага тыдня


Эдгарс Рынкевічс
Эдгарс Рынкевічс

28 жніўня ў Бэрліне адбылася сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу. Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс расказаў Радыё Свабода пра вынікі нарады.

— Вы не расчараваныя тым, што санкцыйны сьпіс ня надта вялікі?

— Не, я думаю, што першапачатковая дыскусія была добрай. Я не чакаў ухваленьня дакладнай колькасьці людзей і дакладных імёнаў у сьпісе. Я хацеў, каб мы дамовіліся пачаць працэс і дапрацаваць сьпіс як мага хутчэй. Мы будзем даваць свае прапановы. Я думаю, што яго трэба пашырыць.

Мы не прынялі рашэньня, што там павінна быць нейкая фіксаваная колькасьць асобаў. Мы вырашылі, што краіны-чальцы, а таксама Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў (EEAS) будуць працаваць над гэтым сьпісам. Гэта павінна быць хуткім дзеяньнем.

— Ці не занадта слабы сыгнал, калі мы гаворым пра 20 чалавек?

— Мы гаворым аб прыкладна 20 чалавеках. Мы таксама разглядаем уласны сьпіс асобаў, якім будзе забаронены ўезд у Латвію. Нам разам трэба паслаць хуткі сыгнал. Тады, нават калі мы пачнём зь меншай колькасьці, чым, магчыма, хацелі б, мы захоўваем магчымасьць дадаваць новыя імёны, калі справы пагоршацца. І, дарэчы, арышты журналістаў і атрыманьні ўдзельнікаў акцыі пратэсту працягваюцца. Гэта сьведчыць пра тое, што нам трэба дзейнічаць хутчэй. Але ў той жа час я не хачу сказаць, што расчараваны...

— Санкцыі і дапамога грамадзянскай супольнасьці — што яшчэ можа зрабіць Эўразьвяз?

— Гэтыя дзьве рэчы насамрэч зьяўляюцца ключавымі. Мы накіруем моцны сыгнал з дапамогай індывідуальных абмежавальных мераў або санкцыяў.

Падтрымка грамадзянскай супольнасьцю тых, хто пацярпеў — гэта больш складанае і больш далікатнае пытаньне, чым здаецца на першы погляд. Я ня ведаю, ці зьвярнулі вы ўвагу, што нават апазыцыйныя дзеячы ў Беларусі сказалі, што яны ня хочуць непасрэдна ўдзельнічаць у акцыях, наўпрост завязаных на грошы ЭЗ, каб іх не абвінавацілі ў прыняцьці грошай ад ЭЗ, а нас — у падбухторваньні іх да нечага. Такім чынам, гэта даволі далікатная праблема, і я думаю, што нам яшчэ трэба знайсьці спосаб, як мы сапраўды можам выкарыстоўваць гэты вельмі магутны інструмэнт і як мы можам падтрымаць тых, хто пацярпеў.

Дарэчы, мы ў Латвіі вырашылі аказаць мэдычную і псыхалягічную дапамогу тым, хто прыняў пакуты. Але мы таксама павінны падтрымліваць, напрыклад, сродкі масавай інфармацыі. З аднаго боку, можна падтрымліваць журналістаў празь нейкія сэмінары і ўзаемадзеяньні, з другога боку, ёсьць патрэбы ў камэрах і іншым абсталяваньні, якое зламала міліцыя. А ў журналістаў на гэта няма грошай. Як яны могуць атрымаць новае абсталяваньне і працягваць сваю працу?

Было б ідэальна, каб мы знайшлі спосаб, як іх можна падтрымаць з вельмі практычнага пункту гледжаньня. Але мы мусім зрабіць гэта так, каб ніхто ня мог сказаць, што мы тут умешваемся, альбо ўмешваемся ва ўнутраную палітыку.

Вельмі важна, каб мы не забыліся на Беларусь. Праз два-тры тыдні адбудзецца нешта значнае ў іншым месцы сьвету, і вельмі важна, каб мы не забыліся пра тое, што будзе адбывацца ў тым гарачым пункце, які мы абмяркоўваем. Я хачу, каб ЭЗ займаўся Беларусьсю і ў будучыні, а ня толькі да канца гэтага тыдня.

Нам трэба працягваць рабіць палітычны ціск праз мэханізмы АБСЭ, праз узаемадзеяньне з Расеяй, праз мэханізм ААН, праз двухбаковыя кантакты.

— Вас непакояць заявы Расеі, што яны могуць накіраваць войскі ў Беларусь, а значыць бліжэй да Латвіі?

— Калі Расея хоча накіраваць войскі да беларускай мяжы ці нават празь мяжу, я думаю, што гэта была б велізарная памылка. Я думаю, што гэта будзе велізарная памылка зь іх уласнага пункту гледжаньня, таму што ў гэтым выпадку яны насамрэч адштурхнуць ад сябе многіх беларусаў. Я думаю, што ўсе разумеюць, што NATO і ЭЗ не плянуюць рабіць нічога дрэннага для Беларусі. Мы не зьбіраецца атакаваць Беларусь. Мы не зьбіраецца забіраць часткі Беларусі і далучаць да сябе яе часткі, і ніхто не будзе ўмешвацца ў справы Беларусі. Але зусім недапушчальна тое, што мірныя дэманстранты, журналісты перасьледуюцца.

І тады, вядома, ЭЗ дзейнічае так, як мы дзейнічалі шмат дзе ў сьвеце — у Вэнэсуэле, у любой іншай краіне, дзе парушаюцца правы чалавека альбо парушаюцца палітычныя свабоды.

Таму я думаю, што гэта будзе памылкай. І хоць я сапраўды лічу, што гэта манэўраваньне, не для фактычнага ўварваньня ў Беларусь ці фактычнага ўварваньня ў краіны NATO, гэта больш своеасаблівая палітычная заява. Але, вядома, мы павінны гэта заўважыць. І так, я лічу, што калі гэтыя войскі будуць там, калі яны будуць бліжэй да межаў Латвіі, то, вядома, нам трэба абмеркаваць у NATO, якія дадатковыя меры бясьпекі мы можам прыняць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG