Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік хэштэгу #ямыбатька распавёў, чаму падтрымлівае Лукашэнку


Дзьмітры Эмпат, фота з інстаграму

Дзьмітры Эмпат (просіць яго называць так, бо яму не падабаецца ўласнае прозьвішча, яно вядомае рэдакцыі. — РС) стварыў хэштэг «ямыбатька» і сетку адпаведных ТГ-каналаў. Ён шчыруе за Лукашэнку ў Tik-tok, Instagram, VK і кажа, што робіць гэта «на покліч сэрца».

Дзьмітры расказаў пра палітычную сытуацыю ў краіне, пагрозы ад апазыцыянэраў, стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці, міліцэйскага гвалту і свабоды ў дыктатуры.

Дзьмітры Эмпат стаў вядомы публіцы пасьля допісу ў тэлеграм-канале Nexta.

Ён ня хоча называць сваё месца працы і жыхарства, бо «і так шмат пагрозаў ідзе мне ў Тэлеграм, і адна з сотні можа стаць рэальнай, ну прыйдуць, дзьверы мне абмалююць, яшчэ нешта».

«Мая патрыятычнасьць прыносіць мне кайф»

Малады чалавек стварыў хэштэг «ямыбатька» і запусьціў яго ў інтэрнэт 28 ліпеня.

«Ніхто мяне не прасіў. У мяне гэтая думка зьявілася сама. Бо гартаў TikTok і бачыў там шмат допісаў у стылі „я-мы-97%“. Я зьдзівіўся — чаму так мала відэа электарату Лукашэнкі? Чаму людзі ня кажуць адкрыта, што яны падтрымліваюць яго? Вырашыў стварыць нешта такое, што аб’яднала б людзей пад адным лёзунгам. Каб людзі маглі паказаць, што яны за Лукашэнку, што гэтыя людзі існуюць, і іх ня 3%. Гэта мела эфэкт! Мне пачалі пісаць многія людзі, пачалі аб’ядноўвацца. Адна жанчына была вельмі ўдзячная мне. Бо, казала, у яе сям’і ўсе за Ціханоўскую, і яна пачала думаць ужо, што яна адна такая дурніца — за Лукашэнку», — расказаў Дзьмітры.

Ён кажа, што «такая патрыятычнасьць, якая [ў ім] усплыла», падабаецца яму і «прыносіць кайф».

«Я стаў дарослым, я стаў разумець, што гэта мая краіна, і „Бацьку“ нельга нікому аддаваць, бо ён павінен быць прэзыдэнтам прынамсі бліжэйшыя пяць гадоў», — кажа малады чалавек.

У сучаснай Беларусі Дзьмітрыю падабаецца «абсалютна ўсё», а ў Лукашэнку яму падабаецца «цьвёрдасьць характару і тое, што чалавек проста зубамі ўчапіўся ў гэтую краіну і нікому яе не аддасьць».

«Міліцыя ў нас працуе проста афігенна!»

«А што мне павінна не падабацца? У мяне ёсьць пэрспэктывы, у мяне ёсьць грошы. Я захварэў і магу пайсьці на бальнічны. Я адвучыўся бясплатна. Ёсьць усе ўмовы, каб жыць у гэтай краіне. Я не разумею — якіх пэрспэктываў хочуць маладыя людзі? Катэдж за горадам, дарагі аўтамабіль, дарагія рэстараны? Я выходжу на вуліцу і ведаю, што мяне ніхто ня будзе чапаць. Я магу сьмела хадзіць, бо міліцыя ў нас працуе проста афігенна!», — захапляецца Дзьмітры. Яму важна, каб у краіне было бясьпечна, і ён ўпэўнены, што «пры Лукашэнку так і будзе, я толькі яму веру».

«Пра катаваньні — гэта пікантнае ці строгае пытаньне, гэта перабольшанае ўсё»

Ён чуў пра катаваньні і гвалт з боку міліцыі, але «сам ня бачыў».

«Ну гэта такое пікантнае ці строгае пытаньне... Я бачыў, што гэтую тэму форсілі, але гэта ўсё занадта перабольшанае. Пакажыце мне факты! Я не пераношу СМІ, якія падаюць толькі нэгатыўную інфармацыю. Тут шмат пытаньняў — за што былі пабітыя гэтыя людзі? Я чытаў, што аднаму хлопцу прапаноўвалі быць „згвалчаным“ АМАПам. Ну дапускаю, што была нейкая жорсткасьць. Але Караеў за ўсе выпадкі выбачыўся! МУС не адмаўляе, што некага маглі выпадкова затрымаць. Але навошта вы ідзяце туды, дзе мітынг, калі вы бачыце, што адбываецца на вуліцы? Я ў такія месцы і носам ня сунуся, калі ведаю, што там будзе нейкі збор людзей. Там могуць быць і мірныя пратэстоўцы, і радыкалы, і правакатары — дык навошта ісьці туды?», — кажа Дзьмітры.

Яму хапае свабоды, у тым ліку выказваньня, думак, сходаў. Бо, кажа, Ціханоўская праводзіла мітынгі — «і ёй ніхто не забараняў».

«Я, вы ж бачыце, свабодна выказваю сваю думку ўва ўсіх сацыяльных сетках! Я быў на мітынгах за Лукашэнку і Ціханоўскую. І там крычалі і пляскалі ў ладкі, і ніхто нікому нічога не забараняў. Але калі рабіць гэта адэкватна, а ня так, як Сяргей Ціханоўскі крычаў «Стоп таракан», — кажа малады чалавек.

«Раней глядзеў Nexta і Марата Мінскага, цяпер разабраўся, што да чаго»

Дзьмітры кажа, што калі яму было 19-20 гадоў, то яму не падабалася палітыка дзейнага кіраўніка дзяржавы. Пазьней ён глядзеў такіх блогераў, як Nexta і Марата Мінскага. «Але пасьля зьяўленьня Ціханоўскага я стаў больш зьвяртаць увагі на ўнутраную палітыку дзяржавы, пачаў разьбірацца — што да чаго. Бо тое, што прапаноўваюць нам незалежныя СМІ і Nexta, — ну гэта лухта несусьветная проста! Вось Nexta — што ён цяпер робіць? Каардынуе пратэсты, кажа ісьці страйкаваць, рабіць кактэйлі Молатава! Я падрос і зразумеў — нам трэба толькі Лукашэнка», — кажа малады чалавек.

Пасьля абразаў і пагрозаў, якія прыходзяць Дзьмітрыю ў сацыяльныя сеткі, ён не зьбіраецца ісьці ў міліцыю.

«Я чакаў, што нешта можа на мяне выкаціцца, калі браўся за сацыяльныя сеткі. Але ў мяне ўсё адкрыта і нармальна. Ну пішуць пагрозы, але я не пайду плакацца і скардзіцца ў міліцыю, што мяне хочуць павесіць — такога фашыста, які абараняе дыктатуру. Сабакі брэшуць — караван ідзе», — кажа Дзьмітры.


Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG