Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбаль, але ня лідэр. Ці паўплывае на пратэст нежаданьне Ціханоўскай вяртацца ў Беларусь пры Лукашэнку


Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вільні, 21 жніўня

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» адназначна сказала, што ня вернецца ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Яна таксама адмовілася называць сябе абраным прэзыдэнтам і не плянуе ўдзельнічаць ў новых выбарах. Асабліва нечаканымі гэтыя заявы ня сталі, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Сьцісла

  • Ціханоўская сказала, што ня вернецца, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Але яе ніхто і ня пусьціць.
  • Яе знаходжаньне ў Літве добра кладзецца ў афіцыйны канструкт, маўляў Захад арганізоўвае «каляровую рэвалюцыю».
  • Калі прызнаць перамогу Ціханоўскай, то паводле Канстытуцыі яна можа заняць пасаду прэзыдэнта не раней за 6 лістапада.
  • Прадстаўнікі Эўразьвязу не гатовыя прызнаваць Ціханоўскую прэзыдэнтам, бо немагчыма юрыдычна зафіксаваць яе перамогу.
  • Новыя выбары — адзіны выхад з гэтага праўнага тупіку.

Што тычыцца невяртаньня Ціханоўскай, то яе пры цяперашнім рэжыме ніхто ня ўпусьціць. Не для таго Сьвятлану вывозілі, выштурхалі адсюль. Бо калi сапраўдны пераможца выбараў знаходзіцца ў краіне, гэта небясьпечна для рэжыму. Яе публічныя прэтэнзіі на пасаду прэзыдэнта маглі стварыць псыхалягічную сытуацыю дваяўладзьдзя. А за мяжой яна менш небясьпечная. Пагатоў яе знаходжаньне ў Літве добра кладзецца ў афіцыйны канструкт, маўляў Захад арганізоўвае «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі.

Ціханоўская таксама адмовілася называць сябе абраным прэзыдэнтам. Рэч ня толькі ў тым, што яна з самага пачатку ня прагнула ўлады, а аказалася адзіным кандыдатам пратэставага электарату празь лёгіку палітычнага працэсу. Ёсьць палітычныя і праўныя чыньнікі, якія вымагаюць такога рашэньня.

Найперш варта нагадаць, што прэзыдэнцкая кадэнцыя Аляксандра Лукашэнкі заканчваецца 6 лістапада 2020 г. І, калі прызнаць перамогу Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 9 жніўня, то паводле Канстытуцыі яна можа заняць пасаду прэзыдэнта толькі з гэтай даты. То бок чакаць давялося б два з паловай месяцы.

Па-другое, як вынікае з заяваў афіцыйных прадстаўнікоў Эўразьвязу, яны не гатовыя прызнаваць Ціханоўскую прэзыдэнтам. Брусэль заклікае да новых выбараў. Чаму? Бо — і гэта сама галоўнае — немагчыма юрыдычна зафіксаваць перамогу Ціханоўскай. Афіцыйнае рашэньне ЦВК вядомае. А паводле Канстытуцыі ніякі іншы орган ня можа вызначаць вынікі выбараў.

Падчас пратэстаў гучалі заклікі пералічыць галасы на ўсіх участках. Але ўсе камісіі ўжо распусьцілі. Баюся, што і бюлетэні ўжо зьнішчылі. Таму ніякіх іншых варыянтаў выхаду з гэтага праўнага тупіку, акрамя новых выбараў, не існуе.

І тое, што Сьвятлана не зьбіраецца ўдзельнічаць у новых выбарах, таксама ня стала нечаканасьцю. Яна ўвесь час казала, што ў выпадку перамогі будзе знаходзіцца на сваёй пасадзе паўгода і правядзе новыя выбары.

Сьвятлана Ціханоўская з самага пачатку была ня лідэрам руху пратэсту, а толькі яго сымбалем. Народ галасаваў ня гэтулькі за яе, колькі супраць Лукашэнкі. Яе ад’езд у Літву, як і пачатковы заклік пад ціскам спэцслужбаў не выходзіць на вуліцу, не аказаў дэмаралізацыйнага ўплыву на пратэставы электарат, ня зьменшыў маштаб вулічных акцыяў.

Ня думаю, што цяперашнія заявы Сьвятланы неяк памяняюць сытуацыю у краіне.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG