Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчага, які звольніўся з СК на знак пратэсту супраць гвалту, затрымалі ў Расеі


Пасьведчаньне і рапарт сьледчага СК Андрэя Астаповіча
Пасьведчаньне і рапарт сьледчага СК Андрэя Астаповіча

Сьледчага Партызанскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Менску, капітана юстыцыі Андрэя Астаповіча затрымалі расейскія паліцыянты ў Пскове. Пра гэта Свабодзе паведаміла жанчына, якая дапамагала яму падчас перабываньня ў Расеі.

Паводле яе, затрымалі мужчыну ўвечары 22 жніўня.

«Цяпер ён у паліцэйскім участку № 1 горада Пскова. Раніцай да яго не пусьцілі адваката і нічога не сказалі, чаму ён затрыманы і што зь ім будзе далей», — расказала жанчына праз тэлефон.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў і адвакат гарадзкой калегіі адвакатаў Вячаслаў Галавін. На відэа, якое трапіла ў рэдакцыю Свабоды, Галавін кажа, што падаў дакумэнты, каб прадстаўляць інтарэсы Астаповіча. Аднак яго дагэтуль не дапусьцілі да падабароннага. Ён падаў скаргу на імя мэра горада. Паводле адваката, Андрэя Астаповіча імаверна затрымалі на запыт органаў бясьпекі Беларусі.

16 жніўня старэйшы сьледчы Андрэй Астаповіч напісаў рапарт на звальненьне са Сьледчага камітэту і заклікаў беларусаў «змагацца да пераможнага канца, выганяючы дыктатара і безадказнасьць разам зь ім».

18 жніўня Андрэй Астаповіч прыехаў зь Беларусі ў Маскву. У інтэрвію тэлеканалу «Дождь» ён сказаў, што беларускія сілавікі зьнішчаюць доказы сваіх супрацьпраўных дзеяньняў адносна мірных дэманстрантаў. Абурыла сьледчага і тое, што на некаторых грамадзян, якіх зьбіваў АМАП, завялі крымінальныя справы аб нападзе на міліцыянтаў, а вось заводзіць справы па заявах грамадзян аб іх зьбіцьці АМАПам не дазваляюць. Былы сьледчы, зь ягоных словаў, быў сьведкам пабіцьця затрыманых людзей у Партызанскім РУУС Менску, што ён лічыць праявай беззаконьня.

Андрэй Астаповіч расказаў расейскім журналістам, што пакінуў свой рапарт у службовым кабінэце і мусіў тэрмінова зьехаць, бо, як яму паведамілі крыніцы, «па яго ўжо выехалі».

«Дапамажыце. Вельмі страшна за жыцьцё Андрэя і свае жыцьці таксама», — кажа жанчына.

Дзяжурны 1-га аддзелу паліцыі ўпраўленьня ўнутраных справаў Расеі ў Пскове адмовіўся пацьвердзіць затрыманьне Андрэя Астаповіча.

«Вы хто яму, сваяк? Не, тады камэнтар не даём. Вось з сваякамі будзем размаўляць пазьней», — і накіраваў да прэсавай службы. Яе тэлефон не адказвае.

Тэлефоны Сьледчага камітэту пакуль недаступныя для камэнтароў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG