Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на чатырнаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

00:18 23.8.2020

«Я правёў бы новыя выбары», — Зяленскі пра палітычны крызіс у Беларусі

У інтэрвію тэлеканалу Euronews украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі расказаў, што зрабіў бы для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі, калі б апынуўся на месцы Аляксандра Лукашэнкі.

«Давайце ўявім, што я ўпэўнены ў сабе, я ўпэўнены ў выбары народу. Я — упэўнены чалавек. Як можна ўсіх супакоіць? Я б дакладна сказаў — празь месяц новыя выбары. Я іду. Ідзіце, хто хоча. Міжнародныя назіральнікі — я ўсіх бы запрасіў, усіх. І сказаў бы народу Беларусі: калі ласка, выбірайце. І пасьля такога выніку ніхто б ня меў пытаньняў».

00:00 23.8.2020

Лідэр гурту «Дай Дарогу» Юры Стыльскі выйшаў на волю.

Пра гэта піша тэлеграм-канал «Белсату» са спасылкай на свайго карэспандэнта.

Стыльскага затрымалі ў Берасьці 20 жніўня. Лідэр гурту «Дай дарогу» Юры Стыльскі выйшаў на волю, паведамляе наш карэспандэнт. Музыка быў затрыманы ў Берасьці 20 жніўня.

23:59 22.8.2020

Акцыі ў Менску і Берасьці, Лукашэнка заявіў, што 60% сьведчаньняў пра катаваньні — «пастановачныя кадры». Найважнейшае за 22 жніўня

23:58 22.8.2020

«Іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць „адшчапенцамі“», — мітрапаліт Кандрусевіч

22 жніўня, на ўрачыстай імшы з нагоды фэсту Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся наконт падзеяў у краіне, паведамляе catholic.by. Ён сказаў, што згодна з духам Эвангельля і сацыяльнага вучэньня Касьцёла ўлада павінна служыць людзям і дбаць пра агульнае дабро ўсіх без выключэньня грамадзянаў.

«У сучасным дэмакратычным грамадзтве нармальнай справай павінна быць розьніца поглядаў, а іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць „адшчапенцамі“ ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі. Пры гэтым кожная палітычная і грамадзкая сіла павінна служыць не сваім вузкім інтарэсам і выгодам, а ўсяму народу.

Каб гэта адбылося, неабходная перамена сэрцаў. Гэта першы і самы важны крок, які мы павінны зрабіць на шляху да перамен, якіх мы чакаем. Безь перамены сэрца ня будзе сапраўднай перамены грамадзтва», — сьцьвердзіў Тадэвуш Кандрусевіч. Цалкам чытайце тут.

23:27 22.8.2020

Дэпутат Варанецкі заклікаў расьсьледаваць факты гвалту сілавікоў

Валеры Варанецкі ў сваім Фэйсбуку пракамэнтаваў заяву міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які сказаў, што не даваў «камандаў на жорсткае абыходжаньне зь людзьмі, што на вуліцах, што па шляху канваяваньня, тым больш у месцах утрыманьня».

«Менавіта таму сёньня, не адкладаючы, наша праваахоўная сыстэма, дзяржава ў цэлым павінны апэратыўна даць прававую ацэнку таму, што адбылося. Факты гвалту, зьдзекаў і катаваньняў вядомыя са шматлікіх зваротаў грамадзян, у тым ліку і да нас, дэпутатаў», — напісаў Валеры Варанецкі.

Варанецкі перакананы, што па кожным звароце пацярпелых павінна быць праведзена належная і старанная праверка ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону, і вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Таксама дэпутат заявіў, што інфармацыя пра дапушчаныя парушэньні з боку сілавікоў павінна своечасова асьвятляцца ў СМІ.

23:25 22.8.2020

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа: заявы беларускага рэжыму пра пагрозы беспадстаўныя

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заяўляе, што выказваньні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі аб вонкавых пагрозах, зь якімі сутыкаецца Беларусь, ня маюць пад сабой ніякіх падстаў, і таму мэта такіх выказваньняў — адцягнуць увагу ад унутраных праблем.

«Рэжым любой цаной спрабуе адцягнуць увагу ад унутраных праблем Беларусі, кажучы пра меркаваныя вонкавыя пагрозы, якія ня маюць пад сабой ніякіх падстаў», — сказаў прэзыдэнт у камэнтары BNS пра выказваньні Лукашэнкі, што каля мяжы Беларусі быў зафіксаваны «сур’ёзны рух» сіл NATO, што прывяло да ўвядзеньня высокай баявой гатоўнасьці.

23:05 22.8.2020

Некалькі сотняў берасьцейцаў прыйшлі ўвечары на месца, дзе падчас пратэстаў атрымаў сьмяротнае раненьне Генадзь Шутаў

Некалькі сотняў берасьцейцаў прыйшлі на месца забойства Генадзя Шутава 22 жніўня. Людзі скандавалі «Не забудзем, не даруем!» і іншыя лёзунгі. Айцец Ігар Кандрацьеў прачытаў на месцы забойства малітву, паведамляе «Белсат».

Прысутныя ўсклалі кветкі да месца, дзе быў паранены Шутаў. Акцыя завяршылася хвілінай маўчаньня.

22:08 22.8.2020

28-гадовага Мікіту Крыўцова з Жодзіна, які 10 дзён лічыўся зьніклым бязь вестак, знайшлі мёртвым

22 жніўня 28-гадовага Мікіту Крыўцова знайшлі нежывым у лесе ў Партызанскім раёне Менску. Як удакладніла Onliner прэс-сакратарка ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч, яго труп быў знойдзены 22 жніўня павешаным на дрэве ў 14:00 у раёне вуліцы Парніковай.

Мікіта Крыўцоў апошні раз выходзіў на сувязь 12 жніўня. Жонка паведамляла, што ягоны тэлефон апошні раз быў уключаны ў раёне РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску (гэта непадалёк ад вуліцы Парніковай). З 12 жніўня ён лічыўся зьніклым бязь вестак.

«Я ня ведаю, удзельнічаў ён у мітынгах ці не, ня ведаю, ці быў ён затрыманы ці не, — распавяла яна жонка Мікіты Алена Крыўцова Onliner. — Ён 12-га жніўня перастаў выходзіць на сувязь — і ўсё: чалавек зьнік. А сёньня нам патэлефанавалі і сказалі, што яго знайшлі павешаным». Цалкам чытайце тут.

21:44 22.8.2020

З БТ працягваюць звальняцца тэлевядоўцы

З БТ звольніліся вядоўцы і кіраўнік жаночага ток-шоў «Дзень у вялікім горадзе». Пра гэта аведаміла на сваёй старонцы Фэйсбуку тэлевядоўца Вольга Плотнікава. Паводле яе, «Дзень у вялікім горадзе» больш ня выйдзе ў эфір на «Беларусь 1».

Разам зь ёй пакінулі «Белтэлерадыёкампанію» кіраўніца праекту Саша Сьнегіна, а таксама тэлевядоўцы Вольга Сарока і Іна Югава.

20 жніўня спартовы тэлеканал «Беларусь 5» пакінулі 4 супрацоўнікі каналу: тэлевядоўцы Арташэс Антанян, Яраслаў Пісарэнка, Уладзіслаў Татур і кіраўнік аддзелу карэспандэнтаў Андрэй Іваноў.

21:28 22.8.2020

«Нават немцы такога не рабілі», — берасьцейскі хірург, які ратаваў параненых падчас пратэстаў 10 жніўня

Загадчык першай хірургіі ў бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Берасьця Аляксей Шпока, які дзяжурыў увечары 10 жніўня, калі гарадзкая міліцыя страляла ў пратэстоўцаў, распавёў выданьню «Бинокль», што гэта дзяжурства запомніць на ўсё жыцьцё.

Паводле яго, у тую ноч бальніца нагадвала вайскова-палявы шпіталь. А 10-й вечара да іх пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным, узрост — ад 17 да 52 гадоў. Хворых сартавалі паводле «прынцыпу мэдыцыны катастроф» — на тых, каго неадкладна трэба было апэрыраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў бальніцу па дапамогу зьвярнуліся каля 100 чалавек з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, зьбітыя, у траўматычным шоку, расказвае хірург.

«Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні», — кажа Аляксей Шпока.

Паводле яго, з параненых вымалі 2 віды куль — плястмасавыя і гумовыя; характар пашкоджаньняў і проста «вырваныя» кавалкі плоці памерам з кулак кажуць пра тое, што стралялі ва ўпор. «Я дасьведчаны хірург, бачыў за 17 гадоў шмат што ў сваёй практыцы, праводзіў шмат гадзін запар, стоячы на нагах за апэрацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усьведамленьня таго, што гэтыя раненьні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе», — кажа хірург. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:21 22.8.2020

«Забастоўка — адзіная форма ўплыву рабочых на ўладу», — кіраўнік бізнэс-саюзу

Палітычны крызіс акажа хваравітае ўзьдзеяньне на беларускую эканоміку, заявіў у інтэрвію Tut.by кіраўнік Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Аляксандар Швец.

«Такой колькасьці страху і запалохваньня ў нашай краіне я ня памятаю! Гэта вельмі кепская сытуацыя, калі людзі ня могуць бясьпечна выказваць сваё меркаваньне нават у рамках Канстытуцыі і дзейных законаў. Запыт беларускага грамадзтва на справядлівасьць, мабыць, ніколі яшчэ не быў так ярка выяўлены. І без задавальненьня гэтага запыту згоды не дасягнуць», — кажа Швец.

Адказваючы на пытаньне пра эканамічныя наступствы палітычнага крызісу, ён заўважыў, што дзеяньні сілавых ведамстваў — «вельмі нэгатыўны сыгнал для бізнэсу, як айчыннага, так і замежнага». «Мы ўжо бачым, што пачалі скарачацца інвэстыцыйныя патокі, спыняцца ўгоды, многія задумваюцца аб пераезьдзе».

Ён дадае, што забастоўка рабочых — гэта адзіная форма ўплыву на ўладу, каб паказаць, што працоўныя калектывы абураныя несправядлівасьцю і невыкананьнем заканадаўства самой уладай. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:43 22.8.2020

«АМАП абяцаў мне другое абразаньне». Грамадзянін Ізраілю пра жахі Акрэсьціна

«Такое я бачыў толькі ў cэктары Газа», — грамадзяніна Ізраілю Аляксандра Фурмана затрымалі падчас акцый пратэсту 10 жніўня. Мужчына расказаў, як катавалі затрыманых.

20:09 22.8.2020

Amnesty International: ва ўмовах жорсткага здушэньня мірных пратэстаў у Беларусі бізнэс нясе адказнасьць за правы чалавека

Амаль поўнае адключэньне мабільнага інтэрнэту на працягу першых трох дзён пратэстаў у Беларусі, што, паводле шырока распаўсюджанай думкі, стала вынікам умяшаньня ўладаў у працу апэратараў сувязі, нэгатыўна адбілася на правах на свабоду выказваньня думак, мірных сходаў і магчымасьці для людзей свабодна шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю.

«Падзеі, якія разгортваюцца ў Беларусі, зьяўляюцца выразным напамінам: бізнэс таксама адыгрывае пэўную ролю і нясе прамую адказнасьць там, дзе гаворка заходзіць пра правы чалавека», — кажа Дзяніс Крывашэеў, выканаўца абавязкаў дырэктара Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:06 22.8.2020

Акцыя на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Фота

Каля 20-й гадзіны на плошчу Незалежнасьці прыйшла кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава.

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

20:00 22.8.2020

Сёньня на Браслаўшчыне. Фота даслалі чытачы Свабоды

19:41 22.8.2020

Літоўская тэлевізія зьмяніла лягатып на знак салідарнасьці зь Беларусьсю

19:36 22.8.2020

На плошчы Незалежнасьці ў Менску зноў зьбіраюцца людзі, прыйшоў Павал Латушка

Сёньня на плошчу Незалежнасьці ў Менску прыйшоў і звольнены дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка, які цяпер уваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады для трансфэру ўлады ў Беларусі.

Павал Латушка, сярод іншага, пракамэнтаваў сёньняшнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра «фэйкавыя відэа» ў сацыяльных сетках, на якіх сілавікі жорстка зьбіваюць затрыманых падчас акцый пратэсту пасьля выбараў у Беларусі.

Падтрымаць пратэстоўцаў прыехалі і раварысты.

19:13 22.8.2020

У Горадні каля 100 чалавек выйшлі на «ланцуг салідарнасьці»

У Горадні каля ста чалавек сталі ў «ланцуг салідарнасьці» на плошчы Леніна.

Яшчэ каля ста чалавек сабраліся на плошчы. Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Міма езьдзяць міліцэйскія машыны і папярэджваюць, што мерапрыемства недазволенае.

У папярэднія дні на тыдні ў гэты час людзі зьбіраліся на мітынгі. Аўтамабілі сыгналяць пратэстоўцам.

Горадзенскія анархісты
Горадзенскія анархісты

Каля паловы на дзявятую мітынг пратэстоўцаў на плошчы Леніна скончыўся. Людзі выказваліся са сцэны, сьпявалі песьні, мірна скандавалі лёзунгі. Міліцыя некалькі разоў папярэджвала, што сход несанкцыянаваны. Удзельнікі дамовіліся сустрэцца ў нядзелю а 14-ай гадзіне.

Некалькі чалавек, якія ўдзельнічалі ў мітынгу, затрымалі людзі ў цывільным, пасадзілі ў мікрааўтобус без азначэньняў. Гэта адбылося ў 10 хвілінах хады ад плошчы Леніна, на Віленскім завулку.

19:07 22.8.2020

«Беларуская прапаганда хлусіць пра замежную агрэсію», — канцылярыя прэзыдэнта Польшы

Кіраўнік Канцылярыі прэзыдэнта Польшы Кшыштаф Шчэрскі зрабіў заяву пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб «замежнай агрэсіі», паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Польшча — дзяржава, якая пасьлядоўна выказваецца за вяршэнства міжнароднага права ў адносінах паміж дзяржавамі. Падмуркам гэтага права ёсьць прынцып сувэрэннасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Польшча трымаецца яго на форуме ААН і рэалізуе ў сваёй замежнай палітыцы, абараняючы краіны нашага рэгіёну ад імпэрыялізму і агрэсіі, якія парушаюць гэты прынцып», — адзначыў прадстаўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі.

У сувязі з гэтым Кшыштаф Шчэрскі выказаў зьдзіўленьне тым фактам, што ў прапагандзе ўладаў Беларусі зьяўляюцца намёкі на тое, быццам Польшча мае намер парушыць тэрытарыяльную цэласнасьць суседняй дзяржавы. Якраз наадварот, падкрэсьліў ён.

18:47 22.8.2020

Сымбаль, але ня лідэр. Ці паўплывае на пратэст нежаданьне Ціханоўскай вяртацца ў Беларусь пры Лукашэнку

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» адназначна сказала, што ня вернецца ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Яна таксама адмовілася называць сябе абраным прэзыдэнтам і не плянуе ўдзельнічаць ў новых выбарах. Асабліва нечаканымі гэтыя заявы ня сталі, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч. Цалкам чытайце па спасылцы.

Сьцісла:

  • Ціханоўская сказала, што ня вернецца, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Але яе ніхто і ня пусьціць.
  • Яе знаходжаньне ў Літве добра кладзецца ў афіцыйны канструкт, маўляў Захад арганізоўвае «каляровую рэвалюцыю».
  • Калі прызнаць перамогу Ціханоўскай, то паводле Канстытуцыі яна можа заняць пасаду прэзыдэнта не раней за 6 лістапада.
  • Прадстаўнікі Эўразьвязу не гатовыя прызнаваць Ціханоўскую прэзыдэнтам, бо немагчыма юрыдычна зафіксаваць яе перамогу.
  • Новыя выбары — адзіны выхад з гэтага праўнага тупіку.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG