Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Што адбываецца ў Беларусі на трынаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і брутальнага гвалту сілавікоў.


Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020
20:02 21.8.2020

20:01 21.8.2020

Са шматпавярховага дома на вуліцы Багдановіча ў Менску невядомыя выкінулі на пратэстоўцаў некалькі бутэлек з-пад гарэлкі. Ані ў кога ня трапілі, пацярпелых не было. Людзі зьвярнуліся да міліцыі, але тая не адрэагавала, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

19:54 21.8.2020

У Менску затрымалі журналістаў расейскай службы Радыё Свабода

Сёньня ўдзень у Менску затрымалі журналістаў расейскай службы Радыё Свабода Юлію Вішнявецкую і Андрэя Кісялёва.

Іх спынілі для праверкі дакумэнтаў. Ужо некалькі гадзін яны знаходзяцца ў Партызанскім РУУС. Вішнявецкая і Кісялёў – супрацоўнікі Маскоўскага бюро Радыё Свабода. Перад іх ад'ездам у Менск рэдакцыя запрасіла ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі афіцыйны дазвол на акрэдытацыю сваіх супрацоўнікаў для працы на тэрыторыі краіны. Пакуль Радыё Свабода не ўдалося атрымаць у беларускіх уладаў тлумачэньняў таго, што здарылася.

19:50 21.8.2020

Віцябляне выйшлі на музычны шпацыр

Віцябляне выйшлі на музычны шпацыр па вуліцах гораду. На чале калёны — барабаншчыкі. Гараджане рушылі ад пешаходнай вуліцы Суворава ў гістарычны цэнтар.

Міліцыянты некалькі разоў папярэджвалі людзей, каб тыя разышліся. Але гараджане акцэнтуюць, што гэта ня мітынг, а шпацыр па вольным горадзе. Яны нясуць плякаты з надпісам «Слова пацана».

У панядзелак, 17 жніўня, старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў на сустрэчы з 15 дэлегатамі паабяцаў не затрымліваць мірных дэманстрантаў.

На плошчы Перамогі чакалі два аўтазакі. Міліцыянты двойчы папрасілі дэманстрантаў разысьціся, але нікога не затрымлівалі. Калёна рушыла далей — па Маскоўскім праспэкце.

Віцябляне прайшліся па гарадзкіх вуліцах, каля аблвыканкаму і вярнуліся ў гістарычны цэнтар. Музычны шпацыр скончыўся каля помніка князю Альгерду.

19:36 21.8.2020

Гомельскую настаўніцу, якую затрымалі, калі яна выкідала сьмецьце, пасадзілі ў ізалятар

Гомельскую настаўніцу Іну Барысенку, затрыманую сёньня, пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду, які будзе ў панядзелак. Пра гэта Свабодзе паведаміла яе дачка Тацяна. Па якім артыкуле будзе суд — невядома.

Сёньня каля 13.30 Іна Барысенка пайшла выкідаць сьмецьце ў хатнім адзеньні і не вярнулася дахаты. Дачка шукала яе і даведалася, што маці схапіла міліцыя. Яна больш за чатыры гадзіны прастаяла пад Цэнтральным РАУС, але ніхто ёй ня даў ніякай інфармацыі пра маці.

Тацяна дадала, што маці хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Гомлі, давала інтэрвію незалежным СМІ.

19:30 21.8.2020

Ланцуг салідарнасьці ў Менску. ФОТА

19:26 21.8.2020

Затрымалі журналіста «Белсату»

Як паведаміў «Белсат», затрымалі журналіста гэтага тэлеканалу Яўгена Меркіса. Падрабязнасьці пакуль невядомыя.

19:16 21.8.2020

У Гомлі перакрылі вуліцу Савецкую, на плошчу Леніна гоняць трактары і камбайны

У Гомлі каля 19-й гадзіны перакрылі цэнтральную вуліцу Савецкую. Па ёй цяпер ідзе калёна сельскагаспадарчай тэхнікі – камбайнаў і трактараў.

Яны едуць на плошчу Леніна і там будуць стаяць. Імаверна, каб заняць плошчу, дзе ў мінулую нядзелю быў масавы пратэст.

Сёньня на плошчы Леніна спрабавалі сабрацца прыхільнікі пераменаў, але іх разагнала міліцыя.

Тады ўдзельнікі акцыі пайшлі на традыцыйнае месца збору – пляцоўку ля цырку. Але сёньня цырк завесілі вялікай чырвона-зялёнай стужкай. А побач, на плошчы Паўстаньня, праходзіць мітынг «За «Бацьку».

Міліцыя папярэджвае ўдзельнікаў акцыі на цырку, што акцыя несанкцыянаваная.

19:12 21.8.2020

У Гомлі з пачаткам пратэстаў перасталі прадаваць алькаголь пасьля 17 гадзіны

Гомельскі гарвыканкам чарговы раз прыняў рашэньне забараніць продаж алькаголю ад 17.00 да 08.00. Забарона пачала дзейнічаць 11 жніўня, з пачаткам масавых пратэстаў.

Спачатку забарону на гарэлку, віно і піва прынялі па 17 жніўня. Улады патлумачылі гэта «правядзеньнем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду і папулярызацыю здаровага ладу жыцьця, прафіляктыку п’янства і алькагалізму». Але 17 жніўня алькаголь не сталі прадаваць зноў — гарвыканкам працягнуў забарону да 18 жніўня, цяпер — да 23 жніўня.

19:09 21.8.2020

Горадня: на мітынгу сабралася некалькі сотняў чалавек, у тым ліку работнікі «Гродна Азот»

На плошчы Леніна сабраліся некалькі сотняў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Відаць работнікаў «Гродна Азот» у працоўнай форме.

Людзі скандуюць «Жыве Беларусь». Сыгналяць аўтамабілі. Побач дзяжураць некалькі экіпажаў ДАІ, спыняюць і правяраюць аўтамабілі.

Як стала вядома, горадзенскія актывісты, якія падавалі апавяшчэньні аб мітынгу 23 жніўня ў цэнтры Горадні, атрымалі адказ, што паводле новага рашэньня мітынгі на плошчы Савецкай і плошчы Леніна не дазволеныя. 22 жніўня на плошчы Леніна ў Горадні мае адбыцца мітынг у падтрымку дзейнай улады.

19:06 21.8.2020

Праўладная акцыя за Лукашэнку на праспэкце Незалежнасьці

Тым часам на праспэкце Незалежнасьці ў Менску зьявілася акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі пад афіцыйнымі дзяржаўнымі сьцягамі.

19:02 21.8.2020

Згвалтаваньні дубінкамі і чалавечнасьць

Мы ўсёй краінай быццам апынуліся пад уладай садыста, які ненавідзіць сваю ахвяру, але нізавошта ня хоча яе адпускаць, піша блогерка Свабоды Наста Захарэвіч. Гэта моцна пакалечыла нас і адначасова зрабіла больш чалавечнымі і ўвогуле добрымі адно да аднаго.

Катаваньні і згвалтаваньні ў турме на Акрэсьціна асуджаюцца практычна аднагалосна, а калі нехта заікаецца пра «ня трэба было нарывацца», дык гэтага чалавека асуджаюць гучна і безапэляцыйна. Цяперашнія ахвяры садыстаў у пагонах атрымліваюць такую грамадзкую рэакцыю, якую мусяць атрымліваць усе людзі, якія заяўляюць, што былі зьбіты альбо згвалчаны. І я вельмі спадзяюся, што такі падыход застанецца з намі назаўжды, — піша Наста Захарэвіч. Далей чытайце па спасылцы.

18:48 21.8.2020

Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „Мала вас у Расеі б’юць, вы яшчэ і ў Беларусь прыехалі“

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

Чарговую гісторыю нам распавёў Аляксей Абрамаў, 39 гадоў, пецярбурскі праграміст (Расея), затрыманы ў Горадні. Чытайце цалкам па спасылцы.

18:43 21.8.2020

МУС дало сваё тлумачэньне наконт зьніклых людзей

Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала адмысловае паведамленьне наконт масавых зваротаў аб зьнікненьні людзей. Паводле міністэрства, з 9 жніўня па ўсёй Беларусі паступілі сотні зваротаў і заяваў грамадзян аб зьнікненьні іх сваякоў і знаёмых. Большасьць тых, хто зьвярнуўся, лічаць, што зьнікненьні зьвязаныя з затрыманьнямі ўдзельнікаў масавых беспарадкаў.

Паводле МУС, у выніку праведзенай супрацоўнікамі падразьдзяленьняў крымінальнага вышуку працы можна зрабіць наступныя высновы:

  • некаторыя грамадзяне адбываюць пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту за супрацьпраўныя дзеяньні;
  • значная частка заяўленых грамадзян зьехала на заробкі ці ў адпачынак за мяжу, нікога не папярэдзіўшы;
  • частка людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, зьнікалі рэгулярна і раней;
  • большасьць грамадзян з правераных затрымлівалі праваахоўнікі, але на момант праверкі іх вызвалілі і яны былі зьдзіўленыя тым, што хтосьці разьмясьціў іх дадзеныя ў агульным доступе. Цалкам чытайце па спасылцы.
18:38 21.8.2020

Ад імя Ціханоўскай у Вярхоўны суд падалі скаргу аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў

Адвакат Максім Знак, які прадстаўляе інтарэсы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, падаў у Вярхоўны суд скаргу аб прызнаньні выбараў 9 жніўня несапраўднымі. Рашэньне аб пачатку вядзеньня будзе агучана цягам трох дзён, удакладніў ён.

Напярэдадні экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая таксама падала ў Вярхоўны суд скаргу на прызнаньне несапраўднымі выбараў прэзыдэнта.

18:37 21.8.2020

Перамовы: Эўразьвяз — за дыялёг у Беларусі, Расея вінаваціць краіны ЭЗ у правакаваньні канфрантацыі

Учора адбыліся перамовы паміж высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэпам Бурэлем і міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым.Адной з тэмаў была сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

Жузэп Бурэль паўтарыў, што Эўразьвяз ня лічыць гэтыя выбары ані свабоднымі, ані справядлівымі і таму не прызнае іх вынікаў. Ён заявіў пра неабходнасьць правесьці ў Беларусі нацыянальны інклюзіўны дыялёг, які прывядзе да канструктыўнага і мірнага вырашэньня крызісу. Усякага нэгатыўнага вонкавага ўмяшаньня неабходна пазьбягаць — падкрэсьліў высокі прадстаўнік ЭЗ. Ён паведаміў, што ЭЗ гатовы зрабіць свой унёсак у наладжваньне мірнага і канструктыўнага дыялёгу ў Беларусі.

З свайго боку кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заклікаў высокага прадстаўніка ЭЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі прыняць меры, каб пэўныя краіны ЭЗ не правакавалі канфрантацыю паміж уладамі і апазыцыяй Беларусі. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:32 21.8.2020

«Ланцуг пакаяньня» на Нямізе. Фота

Увечары 21 жніўня ў Менску ад мэмарыялу ў Курапатах да турмы на Акрэсьціна людзі становяцца ў «ланцуг пакаяньня»: ад урочышча Курапаты праз вуліцы Мірашнічэнкі, Кальцова, плошчу Бангалор, Нямігу, мэтро «Грушаўка» да турмы на завулку Акрэсьціна.

На фота — «ланцуг пакаяньня» ў раёне Нямігі. Карэспандэнт Свабоды кажа, што ланцуг цягнецца ад Гарадзкога Валу да вуліцы Багдановіча.

Мужчына на Нямізе кажа, што прыйшоў падтрымаць свабоду ў Беларусі. Называе зьбіцьцё людзей, іх зьнішчэньне генацыдам беларускага народу і фашызмам.

18:28 21.8.2020

«Лукашэнка выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады фашысцкія мэтады», — партыя «Справядлівы сьвет» зьвярнулася да Расеі

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» выступіла са зваротам да органаў дзяржаўнай улады, партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, грамадзян Расеі.

Нягледзячы на тое, што пратэсты ў Беларусі маюць унутраныя прычыны, з вуснаў некаторых расейскіх палітыкаў і шэрагу СМІ яны тэндэнцыйна трактуюцца як «антырасейскія». Пры гэтым менавіта Аляксандар Лукашэнка ўжо працяглы час наносіць адчувальны ўрон двухбаковым адносінам». У гэтай сытуацыі «Справядлівы сьвет» зьвяртаецца з заклікам да органаў дзяржаўнай улады, палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі:

  • Падтрымаць беларускі народ у яго патрабаваньнях адстаўкі Лукашэнкі, які выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады «фашысцкія мэтады»
  • Асудзіць дзеяньні беларускіх уладаў, якія дапускаюць грубы гвалт у дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і простых грамадзянаў
  • Запатрабаваць выпусьціць усіх затрыманых і палітычных зьняволеных і спыніць перасьлед паводле палітычных матываў
  • Садзейнічаць кансалідацыі намаганьняў грамадзян, палітычных і грамадзкіх арганізацый дзьвюх краін, якія выступаюць за разьвіцьцё суседзкіх адносінаў паміж народамі Беларусі і Расеі. Падрабязна чытайце па спасылцы.
18:17 21.8.2020

«Ланцуг пакаяньня» ад Курапатаў да Акрэсьціна. УЖЫВУЮ

Увечары 21 жніўня ў Менску ад мэмарыялу ў Курапатах да турмы на Акрэсьціна людзі становяцца ў «ланцуг пакаяньня». Свабода вядзе жывую трансьляцыю.​

Людзі плянуюць стаць ад урочышча Курапаты праз вуліцы Мірашнічэнкі, Кальцова, плошчу Бангалор, Нямігу, мэтро «Грушаўка» да турмы на завулку Акрэсьціна.

18.20 Дзяўчына ў Курапатах згадвае сталінскія рэпрэсіі, падабенства іх зь сёньняшнімі падзеямі ў Беларусі. Называе зьбіцьцё і арышты людзей за выказваньне сваёй думкі незаконнымі.

18.30 Абаронца Курапатаў і ўдзельніца «Курапацкай варты» Ганна Шапуцька кажа, што ўдзельнічала ў акцыях з 2006 году. У 2020 годзе ўлады фактычна стварылі ўмовы, пры якіх могуць адбывацца новыя катаваньні. У наш час, у цэнтры Эўропы. Зьбіцьці, згвалтаваньні, сьмерці — ці было падобнае ў сталінскія часы? Хто ты такі, Лукашэнка, што маеш права забіраць нашыя жыцьці? Ён парушае ўсё, ён жыве «по понятиям». Гэта злачынца і тыран, які мусіць пайсьці пад трыбунал разам з сваімі служкамі. Беларусь ніколі ня будзе такой, як раней.

Яна кажа, што не разумела выбарчую кампанію, не падтрымлівала кандыдата, але «калі здарылася гэтая бойня, кожны зь беларусаў ня мае права маўчаць».

18.25 Мужчына кажа, што за 55 гадоў не адчуваў такога эмацыйнага ўдару. Кажа, што пакаленьне 20-гадовых выявілася сьмелымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія ня будуць жыць пры камунізьме. Далей чытайце па спасылцы.

18:13 21.8.2020

Акторы Купалаўскага тэатру пацьвярджаюць намер звольніцца, калі ня выканаюць іх патрабаваньні

«Пазыцыя, якую заняў Купалаўскі тэатар, не зьмянілася. Мы пацьвярджаем свой намер сысьці з тэатру ў выпадку невыкананьня заяўленых патрабаваньняў», — акрэсьлілі Свабодзе сваю пазыцыю супрацоўнікі Купалаўскага тэатру.

Цяпер яны ня могуць падаць заявы аб звальненьні, бо не ва ўсіх ёсьць магчымасьць трапіць у будынак. «Мы адмаўляемся ад індывідуальных сустрэч зь дзейным выканаўцам абавязкаў дырэктара. Усе неабходныя пытаньні павінны вырашацца ў прысутнасьці ўсяго калектыву», — заяўляюць супрацоўнікі Купалаўскага.

Яны заявілі, што патрабуюць ад уладаў:

  • Вызваліць усіх палітвязьняў і затрыманых падчас выбарчай кампаніі і мірных акцый, зьвязаных з ёй.
  • Расьсьледаваць усе выпадкі гвалту над пратэстоўцамі і выпадковымі людзьмі. Завесьці крымінальныя справы ў дачыненьні да сілавікоў, якія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі.
  • Дапусьціць прадстаўнікоў СМІ, адвакатаў і мэдыкаў да тых, каго яшчэ ўтрымліваюць у ізалятарах.
  • Спыніць ціск на супрацоўнікаў, якія ўдзельнічаюць у мірных акцыях пратэсту і выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю.
  • Правесьці новыя выбары прэзыдэнта з новым складам ЦВК з допускам незалежных міжнародных і нацыянальных назіральнікаў.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG