Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятро Парашэнка: «Важна, каб сьвет не загнаў Беларусь у Расею»


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

У эксклюзіўным інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка расказаў, якім можа быць варыянт разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі, ці карэктна параўноўваць Рэвалюцыю годнасьці ва Ўкраіне 2014 году з пратэстамі ў Беларусі, што можа зрабіць Захад, каб дапамагчы, і пра магчымы ўплыў Расеі. Зь ім пагутарыла Ірына Рамалійская.

— Як вы ацэньваеце тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Выбары, якія адбыліся 9 жніўня, былі свабоднымі, дэмакратычнымі і адпавядалі стандартам дэмакратыі, стандартам АБСЭ, стандартам Рады Эўропы? Я думаю, што адказ відавочны, і тут сапраўды нельга гуляць у маўчанку. Калі выбары не былі дэмакратычнымі, ці могуць вынікі гэтых выбараў прызнавацца сусьветнай супольнасьцю і кожнай асобнай краінай, якая супрацоўнічае зь Беларусьсю? Я вельмі ўважліва сачу за Беларусьсю. Беларусь — гэта ня проста наш сусед, нашы добрыя, надзейныя сябры, фантастычны народ. Беларусь — гэта яшчэ і вельмі значны і ўплывовы фактар бясьпекі для Ўкраіны, таму што ў нас агульная мяжа. Ва ўмовах агрэсіі супраць Украіны з боку Расейскай Фэдэрацыі фактар абароны незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі — вельмі важнае пытаньне нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.

Калі пачалася расейская агрэсія і калі вырашалася, дзе менавіта павінны праходзіць пасяджэньні Трохбаковай кантактнай групы паміж Украінай, Расейскай Фэдэрацыяй і АБСЭ, я быў тым чалавекам, які прапанаваў, каб гэтыя сустрэчы праходзілі ў Менску. І ня толькі дзеля лягістычных магчымасьцяў. У першую чаргу дзеля таго, каб прарваць тую ізаляцыю, у якой знаходзілася Беларусь, зьмякчыць рэжым санкцый і забясьпечыць магутную матывацыю для беларускіх уладаў. Каб беларусы і беларуская ўлада не адчувалі сябе загнанымі ў кут і прыпертымі да Расейскай Фэдэрацыі. Тады ў мяне былі вельмі вялікія надзеі.

Увесь сьвет ужо вывучыў вітаньне «Жыве Беларусь!»

На жаль, цяпер я вымушаны канстатаваць, што тыя кадры, якія мы бачым цяпер зь Менску, з Гомля, з Горадні, зь Пінску, з Мазыра і вялікай колькасьці беларускіх гарадоў, тое, што там адбывалася 9 жніўня, тое, зь якой жорсткай сілай ціснулі на беларускіх грамадзян, гэта вельмі і вельмі расчаравала, з аднаго боку. А з другога боку, мужнасьць і рашучасьць заўсёды спакойных і ўзважаных беларусаў змагацца за дэмакратыю, змагацца за волю, змагацца за незалежнасьць сваёй дзяржавы выклікалі вялізнае захапленьне. Увесь сьвет ужо вывучыў вітаньне «Жыве Беларусь!».

І яшчэ вельмі важна абараніць Беларусь ад спробы ўплыву на яе звонку. У першую чаргу не дапусьціць уплыву з боку Расейскай Фэдэрацыі. І гэта мы гаворым ня толькі пра пагрозу вайсковага ўмяшаньня, пра якую цяпер ня кажа толькі лянівы. Я лічу, што гэта немагчыма, бо беларусы ня прымуць такі спосаб уплыву на іх сувэрэнітэт, на іх незалежнасьць. Нягледзячы на тое, што ўвесь час прыходзіць інфармацыя аб перамяшчэньні частак «Росгвардии», асабовага складу, аўтамабіляў, бронетранспартэраў [у бок беларускай мяжы]. Я вельмі спадзяюся і малюся, каб гэтага не адбылося. Спадзяюся, што крывавыя ўрокі анэксіі Крыму і агрэсіі на Данбасе і тая высокая цана, якую Расея заплаціла і яшчэ заплаціць за гэтыя абсалютна безадказныя дзеяньні, спыняць Пуціна ад падобных рэчаў.

«Рэвалюцыя Годнасьці вельмі адрозьніваецца ад працэсаў у Беларусі»

— Вы былі актыўным удзельнікам двух украінскіх Майданаў. У чым вы бачыце ключавое адрозьненьне і, магчыма, падабенства з тым, што адбываецца цяпер у Беларусі?

— Дзьве ўкраінскія рэвалюцыі вельмі адрозьніваюцца адна ад адной. Памаранчавая рэвалюцыя 2004 году — гэта быў пратэст мільёнаў украінцаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, супраць [спробы] захапіць уладу. І ў Беларусі цяпер грамадзяне пратэстуюць супраць фальсыфікацыі выбараў.

А вось у 2014-м украінцы выйшлі змагацца за свой эўрапейскі выбар. Яны процідзейнічалі спробе ўлады спыніць эўрапейскую і эўраатлянтычную інтэграцыю, спробе разьвярнуць краіну і зацягнуць яе назад у Расейскую імпэрыю, назад у Савецкі Саюз. Я ўпэўнены, што Рэвалюцыя годнасьці мае вельмі вялікія адрозьненьні ад тых працэсаў, якія адбываюцца цяпер у Беларусі.


«Калі б я мог раіць Лукашэнку...»​

На жаль, я хачу сказаць пра Беларусь — гэта ня будзе вельмі кароткі працэс. І, на жаль, мне здаецца, будуць спробы з боку беларускай улады ўтрымацца і супрацьстаяць волі народу. Хоць я б бачыў разьвіцьцё сытуацыі па-іншаму. У інтарэсах Беларусі было б запрасіць АБСЭ, пачаць дыялёг з Радай Эўропы, тэрмінова прыняць важныя рашэньні для захаваньня спакою, стабільнасьці і пачаць падрыхтоўку да новых выбараў. Гэтыя новыя выбары трэба правесьці ў дакладнай адпаведнасьці са стандартамі дэмакратыі і свабоды. Ніякіх іншых сцэнараў, накіраваных на падтрымку дзяржаўнасьці Беларусі, не існуе.

— А Лукашэнка на гэта пойдзе?

— Я думаю, што Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі. Калі б я мог яму раіць, я б цьвёрда сказаў, што проста не існуе іншага спосабу. Другая пазыцыя, на якой я б сапраўды настойваў, — гэта неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных. Бо гэта толькі абвастрае канфлікт і радыкалізуе працэсы. Я вітаю, што на сёньняшні дзень усе сапраўдныя сябры Беларусі — гэта і Эўразьвяз, і ЗША — не маўчаць. Я спадзяюся, што і Ўкраіна ўрэшце выкажа сваю пазыцыю. Бо маўчаньне ўкраінскіх уладаў ня проста незразумелае, яно непрымальнае.

— Вы былі міністрам эканомікі, вы бізнэсовец. Таму хачу спытаць у вас: ці не абрынецца беларуская эканоміка праз тыя забастоўкі, якія цяпер адбываюцца на беларускіх заводах і прадпрыемствах?

— Я веру ў Беларусь. І я веру ў тое, што ні Беларусь, ні беларуская эканоміка не паваляцца. Беларускі народ як носьбіт улады можа выкарыстоўваць тыя інструмэнты, якія ёсьць у яго распараджэньні для таго, каб абараніць сваё права на выбар улады.

І я заклікаю ўсіх да адказных крокаў. Усе павінны паважаць волю беларускага народу, адзінага носьбіта дзяржаўнай улады. Беларусы, вамі цяпер захапляецца сьвет, вашай вытрымкай, вашай інтэлігентнасьцю, вашым вяртаньнем да беларускай мовы, якая вельмі мілагучная і зразумелая для ўкраінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG