Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты дзяржаўнага радыё заявілі, што далучаюцца да страйку


14 жніўня ў Беларусі працягваюцца мірныя пратэсты і страйкі. Да іх далучыліся і прадстаўнікі дзяржаўных СМІ — Сталічнага тэлебачаньня, а таксама Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё.

Раней са зваротам да чытачоў выступіў калектыў найстарэйшай газэты «Звязда».

У двары Дому радыё на Чырвонай, 4, супрацоўнікі Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё запісалі відэазварот, у якім паведамілі, што далучаюцца да агульнанацыянальнага страйку. Яны заклікалі спыніць гвалт і правесьці сумленныя выбары.

Каманда адправіла запыт на імя галоўнага дырэктара Антона Васюкевіча і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. У ім супрацоўнікі просяць скарыстацца правам на страйк для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў і прад’яўляюць шэраг патрабаваньняў.

Па словах крыніцы Tut.by, да пратэстаў рыхтуюцца і некаторыя супрацоўнікі каманды БТ.

Цяпер журналісты дзяржаўных СМІ складаюць калектыўны зварот у Міністэрства інфармацыі. Яны заклікаюць спыніць напады і затрыманьні прадстаўнікоў СМІ і мірных дэманстрантаў, а таксама просяць не блякаваць інтэрнэт. Пад зваротам ужо падпісалася 600 чалавек.

Раней два дзясяткі супрацоўнікаў тэлецэнтру па адрасе Камуністычная, 6 выйшлі на пратэст. Там працуюць журналісты тэлеканалаў СТВ і АНТ.

За апошні час блізу трох дзясяткаў журналістаў дзяржаўных СМІ паведамілі, што звальняюцца.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG