Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі: назіраюцца выразныя спробы вонкавага ўмяшаньня ў справы Беларусі


Aфіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава

Назіраюцца выразныя спробы вонкавага ўмяшаньня ў справы Беларусі, заявіла сёньня на брыфінгу афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Марыя Захарава адзначыла, што на фоне сытуацыі ў Беларусі МЗС Расеі адзначае беспрэцэдэнтны ціск, які чыняць асобныя замежныя партнэры на беларускія ўлады.

«Назіраюцца выразныя спробы вонкавага ўмяшаньня ў справы сувэрэннай дзяржавы з мэтай раскалоць грамадзтва і дэстабілізаваць сытуацыю», — падкрэсьліла Захарава.

Афіцыйная прадстаўніца расейскага замежнапалітычнага ведамства канстатавала, што ўжыцьцё гэткіх мэтадаў неаднаразова назіралася ў іншых краінах.

«Са свайго боку, заклікаем усіх да стрыманасьці і разважлівасьці», — сказала яна.

«Мы занепакоеныя інфармацыяй аб зьвязаных з парушэньнямі грамадзкага парадку інцыдэнтах на вуліцах шэрагу беларускіх гарадоў, якія мелі месца пасьля праведзеных прэзыдэнцкіх выбараў», — адзначыла Марыя Захарава.

Яна таксама пацьвердзіла зацікаўленасьць ва ўстойлівай унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі.

«Разьлічваем, што неўзабаве становішча ў краіне нармалізуецца і вернецца ў спакойнае рэчышча», — дадала афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі.

«Хацелася б падкрэсьліць, што Расея была і застаецца надзейным саюзьнікам і сябрам Беларусі і братняга беларускага народу, — сказала Марыя Захарава. — Упэўненая, што спробы ўнесьці разлад паміж намі асуджаныя на правал».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG