Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акудовіч пра нацыянальны сэнс беларускай рэвалюцыі


Валянцін Акудовіч

Тое, што адбываецца ў Беларусі — паўстаньне нацыі ці паглыбленьне яе расколу? Колькі беларушчыны ў Ціханоўскіх, Бабарыку і Цапкалу? Пра што сьведчыць лёзунг «Хабараўск — Беларусь з табой»?

На гэтыя і іншыя пытаньні адказвае філёзаф Валянцін Акудовіч.

— Сёлетняя выбарчая кампанія, чэргі падпісацца за Ціханоўскую і Бабарыку, шматлікія мітынгі за Ціханоўскую, зьвесткі пра галасаваньне за Ціханоўскую, нарэшце, цяперашнія драматычныя падзеі на вуліцах беларускіх гарадоў — на думку некаторых гэта паўстаньне нацыі. Але ці так гэта? Беларус-амапавец і беларус-пратэстовец б’юцца да крыві — якое тут нацыянальнае адзінства? А хіба гэта не паглыбленьне расколу?

— Прыгадаю характарыстыку нацыі слынным Эрнстам Рэнанам: «Сутнасьць нацыі ня толькі ў тым, што ўсе індывіды маюць паміж сабой шмат агульнага. Але і ў тым, што яны супольна забылі. Ніводзін француз пэўна ня ведае, ці быў ён бургунцам, аланам ці вэстготам. Але кожны француз мусіць забыць разьню ў Барталамееўскую ноч». Гэта я да чаго? У кожнай нацыі безьліч крывавых гісторыяў, дзе адна частка нацыі змагалася з другой з самых розных падставаў — рэлігійных, палітычных, нават культурных. І праз гэтыя падзелы, сутыкненьні нацыі рабіліся больш моцнымі. Нацыя ўтрымлівае вялікі жыватворны эліксір, яна загойвае раны. І ўсё гэта раней ці пазьней забываецца.

— Гэтая кампанія спарадзіла звышпапулярны мэм «Саша3%». Маўляў, за Лукашэнку толькі паднявольныя амапаўцы. Гэта так, на Ваш погляд?

— Відавочна, што гэта ня так. Хаця я інтуіцыйна пэўны, што перамагла Ціханоўская. Але гэта ня чыстая перамога і рэч ня толькі ў амапаўцах. Аднак вынаходнік гэтага мэму меў, безумоўна, літаратурны талент. Інакш бы ён не знайшоў слова, якое б завабіла мноства людзей. Адзін вядомы палітоляг сказаў: Які ідыёт паверыць, што ў Лукашэнкі 3%? На што я раззлавана буркнуў: Які палітоляг убачыць тут сацыялёгію, а не гратэскную мэтафару? І Ціханоўскія, і Бабарыка, і Цапкала — настолькі таленавітая каманда, што яны не маглі прайграць. Мітынгі Ціханоўскай былі неверагодна прыгожымі і страшэнна добрымі.

— На пачатку нулявых Вы напісалі знакамітае эсэ «Бяз нас». Цяпер, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі, вы не адчулі, што цяпер ужо «з вамі»?

— Гэтае сьпехам напісанае эсэ дзіўным чынам жыве ўжо столькі дзесяцігодзьдзяў. Але я даўно яго перажыў. Размова там ішла пра даволі невялікі корпус нацыянальна- заангажаваных людзей і астатнюю Беларусь, якая жыве іншымі і самымі рознымі турботамі, зусім не зьвяртаючы ўвагі на нас, нацыянальна-ангажаваных. Разрыў быў сапраўды неверагодны, але пакрысе ён стаў зьмяншацца. Зараз я гэтага разрыву ўвогульле ня бачу. А што да мяне, то Беларусь ужо даўно анталягічна адна цэлая. А асобныя выпадкі ня маюць значэньня.

— Героі сёлетняй кампаніі — Ціханоўскія, Бабарыка, Цапкала — у якой ступені яны носьбіты беларушчыны? І ці не адбываецца пераасэнсаваньне самога паняцьця? Скажам, адказ Зянона Пазьняка прынамсі пра Бабарыку і Цапкалу — не, гэта людзі для беларушчыны чужыя.

— Для мяне гэтыя людзі — радасная нечаканасьць, асабліва Віктар Бабарыка. Мне вельмі палюбілася і Сьвятлана Ціханоўская. У мяне містычнае адчуваньне, што невыпадкова такія яскравыя людзі сабраліся тут і цяпер. А што да пытаньне пра іх беларускасьць, то мне нават няёмка на яго адказваць. Яно зусім зь іншай эпохі, з эпохі Пазьняка. Але пытаньне пераасэнсаваньня беларушчыны надзвычай важнае. Калі ў сучасны дыскурс трапляюць словы з папярэдніх эпохаў — нацыя, нацыяналізм, і робяцца спробы іх адстойваць і за іх трымацца — гэта трымацца за пустату.

— Многія зьвярнулі ўвагу, што пратэстоўцы сёлета спрэс называюць амапаўцаў, якія іх зьбіваюць, у іх страляюць — «фашыстамі» і «карнікамі». Не чэкісты, не сталіністы, а менавіта фашысты. Чаму? Пра што гэта сьведчыць?

— Адказ тут просты. Фашысты, дакладней, нацысты спалілі безьліч беларускіх вёсак, шмат — зь людзьмі. І шмат якіх іншых бедаў нарабілі — на дзесяцігодзьдзі. Гэтая памяць замацавалася і ў школьнай гісторыяграфіі. Там усё спрошчана, але разам з тым і праўдзіва. Таму гэта засталося ў народнай памяці. Памятаю знакамітыя Дзяды на Маскоўскіх могілках у 1988 годзе. АМАП бʼе дручкамі народ. І што мы пачалі скандаваць абсалютна стыхійна? Фа-шыс-ты! І мы тады прарваліся. І пайшлі за Пазьняком, тады бліскучым Пазьняком.

— Заўважыў, і ня толькі я, плякат на адным з мітынгаў Ціханоўскай: «Хабараўск — Беларусь з табой». Ці не пацьверджаньне гэта (і многія іншыя элемэнты сёлетняй кампаніі) вашай колішняй тэзы «Расея — не на ўсход Беларусі, а ўсход Беларусі»?

— У сваёй тэзе я тады, здаецца, так далёка не сягаў — ажно да Хабараўску. Але і сапраўды, зараз мае знаёмцы, мае пляменьнікі турбуюцца за лёс Хабараўску, як быццам гэта, скажам, Віцебск. Так, расейскасьці ў нас унутры шмат. І ад яе, калі б і хацеў, няма куды падзецца — царкава, тэлевізар, школа, мова. Нас ратуе тое, што насустрач Усходу, унутры нашай тканцы, рухаецца Захад. І пачынае займаць дамінантнае месца. Чаму мы пачынаем хвалявацца за дэмакратычную Расею? Расея спрэс імпэрская, горшая за нас — і раптам там зьяўляецца Хабараўск, які адстойвае свае правы. І гэтая Расея нам так падабаецца, што мы міжволі хвалюемся за лёс Хабараўску.

— Некаторыя расейскія экспэрты кажуць, што калі беларускія пратэсты будуць перамагаць, то вельмі вялікая імавернасьць, што Расея ўвядзе войскі на дапамогу Лукашэнкі. Ці не атрымліваецца, што выбар — паміж захаваньнем рэжыму і замежнай агрэсіяй, як гэта было ва Ўкраіне? І што варта выбраць?

— Калі яшчэ не аформіўся саюз з Расеяй, я на кожным рагу паўтараў, што гэта саюз трусіка з удавам. Расея — наш адвечны кашмар. І яна ў такой ролі застанецца, пакуль будзе імпэрыяй. Тут нічога не паробіш. Вэрсіяў шмат, можна іх абмяркоўваць, але лёс, на жаль, ня ў нашых руках, а ў руках Расеі і таго сусьветнага кантэксту, у які мы ўпісаныя. Магчыма, гэты кантэкст вялікіх дзяржаваў трохі яе прытрымае ў яе бясконцай празе да тэрытарыяльнай экспансіі.

Лёс нам паслаў дыктатара. Свой дыктатар — гэта ўжо нямала. Што ў яго ўсе гэтыя гады атрымліваецца — хітрыкамі, падманам, подласьцю трымаць мяжу Беларусі такой, якой ён яе трымаў. Зло часам бывае і прадуктыўным. На шалях — што лепш: тое, што ён столькі гадоў трымаў незалежнасьць Беларусі, ці каб ён сышоў, і невядома, які б лёс яе чакаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG