Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Акудовіч: «Беларусы ня будуць ваяваць за незалежнасьць»


Валянцін Акудовіч

З Валянцінам Акудовічам мне заўсёды цікава гутарыць, незалежна ад таго, пагаджаюся зь ягонымі меркаваньнямі ці не. Так было і гэтым разам, калі мы завялі гутарку пра беларускую тоеснасьць, нацыянальную ідэю, нацыю і мову, ну і, як жа іначай, пра ролю Аляксандра Лукашэнкі ў беларускім наканаваньні.

Ніжэй, традыцыйна для падкастаў з сэрыі «Гутаркі зь Янам», я даю толькі фрагмэнты адказаў Валянціна Акудовіча на мае пытаньні, запрашаючы паслухаць нашу гутарку поўнасьцю ў аудыёфайле.

Што гартуе беларускую нацыю

«Гартуе беларускую нацыю дзяржава. І толькі дзяржава».

А мова?

«Для мяне Багушэвіч большы паэт, чым Купала. Апошні пісаў харошую паэзію, а Багушэвіч напісаў цудоўную краіну Беларусь. Толькі адзін яго знакаміты радок я моцна не люблю. А менавіта „Не пакідайце ж мовы нашай, каб ня ўмёрлі“. Падчас апошняга Адраджэньня гэтая максыма ператварылася ў базавы канцэпт: „Бяз мовы няма нацыі“. Што за глупота. Аўстрыйцы гавораць нямецкай мовай, швайцарцы на трох розных мовах адразу, на гішпанскай мове размаўляе цэлы лацінаамэрыканскі кантынэнт з мноствам нацый. Я ўжо не кажу пра англійскую мову, якой карыстаецца столькі нацый, што іх лічыць не пералічыць. Але ўсё гэта зусім не азначае, што мову ня трэба берагчы і мацаваць. Яшчэ як трэба. Толькі ў справе фармаваньня беларускай нацыі яна нам мала чым дапаможа. Прынамсі, на гэтым гістарычным этапе».

Ці будзе нацыя бяз мовы

«Давайце ўявім: ну, ня ўстане з каленяў беларуская мова. Дык што, ня будзе беларускай нацыі? Канешне, будзе! Яе сфармуе дзяржава. А вось калі дзяржавы ня будзе, тады пытаньне з нацыяй станецца вельмі сур’ёзным. Безь дзяржавы беларуская нацыя будзе пастаўленая пад пытаньне зноў, як яна была пастаўленая ў ранейшыя часы».

Ці хоча Расея далучыць Беларусь

«У гэтым ня можа быць ні каліўца сумневу. Але гэтаксама Расея хоча зноў далучыць да сябе Ўкраіну, Грузію, былыя савецкія краіны Азіі, Малдову, Прыбалтыку і нават ўсе эўрапейскія краіны былога сацыялістычнага лягеру. Рэч у тым, што мэнтальнасьць расейскага чалавека стагодзьдзямі і стагодзьдзямі фармавалася праз захоп чужых земляў. І хаця пасьля распаду СССР гэтых чужых земляў у Расеі добра паменела, але тая мэнтальнасьць захопніка засталася. І яна вярэдзіць, моцна вярэдзіць рускага чалавека. І не дае яму супакоіцца».

Ці будуць беларусы ваяваць за сваю незалежнасьць

«Самі зь сябе беларусы ў жыцьці ня будуць браць зброю і ісьці ваяваць за незалежнасьць, якую яны яшчэ ня надта пачуваюць як сваю каштоўнасьць, тым больш вялікую каштоўнасьць, за якую можна і жыцьцё аддаць».

Дык хто зьяўляецца гарантам незалежнасьці Беларусі?!

«Пакуль наш лёс, лёс нашай незалежнасьці, вельмі моцна, хай не абсалютна, але вельмі моцна зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам. На жаль ці на шчасьце — гэта ўжо іншае. Але па факце — гэта так».

Руская мова і нацыянальнасьць пісьменьніка

«Кожны літаратар мусіць сам вызначацца, зь якой літаратурай сябе тоесьніць. І калі літаратар піша, скажам, па-руску, а лічыць сябе беларускім пісьменьнікам, то гэта яго права так лічыць. Хаця не заўсёды падобнае магчыма. Ян Баршчэўскі з „Шляхціцам Завальнёй“ ужо даўно лічыцца клясыкам беларускай літаратуры, а кніга напісаная польскай мовай. Што праўда, Баршчэўскі наўрад ці быў бы супраць, каб мы яго лічылі сваім клясыкам».

Лукашэнка і нацыянальная ідэя

«Лукашэнка ад пачатку ахвяраваў нацыянальнай ідэяй, каб мець гарантыю пэрсанальнай улады праз падтрымку Расеі. Ня хоча ён губляць гэтую гарантыю і цяпер. Апошнім часам быў трохі паслабіў ціск на „нацыяналістаў“, дык адразу паўсталі праблемы зь яго пэрсанальнай уладай і нават зь незалежнасьцю краіны. Разам з тым, як ні стаўся да ягоных круцялёў, але менавіта за Лукашэнкам мы мелі больш як чвэрць стагодзьдзя дзяржаўнай незалежнасьці. І гэта рэальны факт, зь якім хоць каму трэба лічыцца».

Пра Колю як наступніка Лукашэнкі

«Калі ўпершыню пайшла пагалоска, што Лукашэнка пачынае рыхтаваць сына на царскі трон, я зарагатаў як дурань: ну што за глупота? Але за гэтыя гады Мікалай добра падрос і я ўжо не рагачу. Як ні скрушна тое ўсьведамляць, у нашай палітычнай сытуацыі Лукашэнка можа рэалізаваць гэтую вар’яцкую ідэю».

Пра рэлігію ў жыцьці беларусаў

«Мы даўно жывем у пострэлігійным космасе. Колькасьць вернікаў усюды скарачаецца зь неверагоднай хуткасьцю. У Эўропе храмы зачыняюцца адзін за адным. У Беларусі прыходы зусім маленькія, асабліва праваслаўныя. Таму цяпер сур’ёзна казаць пра ролю рэлігіі у сацыяльна-палітычным жыцьці ну ніяк не выпадае. У рэлігіі яшчэ доўгі век, але ўжо кароткая пэрспэктыва».

Што залічыцца Лукашэнку на Страшным судзе

«За чвэрць стагодзьдзя яго кіраваньня ў войнах не загінуў ніводны беларус. Раней ва ўсёй нашай гісторыі такога і блізу не было. Мяркую, на Страшным судзе гэта яму залічыцца».

* * *

Валянцін Акудовіч — філёзаф, літаратурны крытык, выкладчык, аўтар эсэ пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць і яе асаблівасьці. Сярод ягоных кніг: «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялёгі з Богам» (2006), «Код адсутнасьці. Асновы беларускай мэнтальнасьці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG