Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не даюць памяшканьняў пад «народныя сходы» перад выбарамі


Незарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і арганізатар народных сходаў Сяргей Сьмірноў
Незарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і арганізатар народных сходаў Сяргей Сьмірноў

Арганізатарам «народных сходаў» пачалі адмаўляць у такой магчымасьці, прадугледжанай артыкулам 45 Выбарчага кодэксу.

З ідэяй «народных сходаў» раней выступіў прадпрымальнік з-пад Менску Сяргей Сьмірноў — чалец ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыкі. Ён выказаў гатовасьць дзяліцца сваімі напрацоўкамі — як і куды зьвяртацца, каб гэта не палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам. Але пасьля некалькіх шматлюдных сустрэч улады вырашылі спыніць ініцыятыву.

«Ідуць на прамое парушэньне закону, — кажа Сяргей Сьмірноў у камэнтары для Свабоды. — Яны баяцца, што народ Беларусі зможа спакойна і адкрыта ў сваіх райцэнтрах і аграгарадках у рамках закону выказаць думку пра тое, што адбываецца ў краіне».

У Плешчаніцах для сходу не знайшлі памяшканьня

Ён расказаў, што 3 жніўня выбарніца Марыя Крывашэева падала заяву ў тэрытарыяльную выбарчую камісію Лагойскага раёну на правядзеньне перадвыбарнага сходу у пасёлку Плешчаніцы. Спачатку паперу адмаўляліся прымаць, бо «ня бачылі падставаў, бо ніколі раней такога не было». Урэшце зарэгістравалі, але ў памяшканьні адмовілі.

Старшыня камісіі Лагойскага раёну па выбарах Аляксандар Суцько заявіў, што «памяшканьні, якія можна выкарыстоўваць для падобных сходаў, занятыя на ўвесь час ва ўсім раёне». Пры гэтым ніякіх зьвестак, якія гэта пацьвярджалі б, ня даў.

Марыя Крывашэева пакуль разважае, ці варта зьвяртацца ў міліцыю з заявай аб парушэнні яе правоў — прызнаецца, што баіцца за магчымыя наступствы.

«Сыстэма моцная, зьнітаваная кругавой парукай, і ёй ня пісаныя ніякія законы, — гаворыць Сяргей Сьмірноў. — Дзяржава лёгка зможа зламаць простага чалавека — пакуль ён адзін. Але праблема сыстэмы ў тым, што Марыя не адна. Ёй на дапамогу прыйшлі тыя, каму ня ўсё роўна. У тым ліку юрысты і СМІ. Калі сытуацыя стане вядомая ўсёй краіне, праваахоўныя органы вымушаныя будуць даць ацэнку».

У Радашкавічах памяшканьні толькі для «сваіх» ​

Другі выпадак тычыцца пасёлку Радашкавічы. Таксама 3 жніўня выбарнік зьвярнуўся ў тэрытарыяльную выбарную камісію Маладэчанскага раёну з просьбай узгадніць перадвыбарчы сход у мясцовым клюбе. У памяшканьні адмовілі, «бо ёсьць іншыя заявы».

«Спробы заняць памяшканьні для „сваіх“, гэтаксама як занялі парк Дружбы народаў 6 жніўня пад канцэрт да Дня чыгуначных войскаў замест мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай, шытыя белымі ніткамі. Ня хопіць уладзе рэсурсаў зачыніць тысячы клюбаў, дамоў культуры, актавых заляў па ўсёй краіне. Калі мы толькі каштуем на смак свае правы, яны намагаюцца гэта спыніць. Але без парушэньня закону не атрымліваецца», — канстатуе Сяргей Сьмірноў.

Па яго словах, нават там, дзе пайшлі насустрач арганізатарам «народных сходаў», адчуваўся прэсінг. Так, тэрытарыяльная выбарчая камісія Баранавіцкага раёну адвяла ўдзельнікам залю Палацу культуры. Але прадстаўнікі вэртыкалі пастаянна нагадвалі пра «неадпаведнасьць пытаньняў», якія ўздымаюцца людзьмі. Адна з чальцоў камісіі паспрабавала наогул закрыць сход, таму што гэта «не пляцоўка для навучаньня назіральнікаў».

«Перад уладнымі прадстаўнікамі стаіць дылема: або забясьпечыць патрэбныя лічбы і трапіць пад артыкул 192 КК, або зрабіць выбары сумленнымі з рызыкай трапіць пад санкцыі зьверху. Цяжкі выбар. І я разумею іхныя эмоцыі. Але спадзяюся, што выбар будзе зроблены правільны», — падсумаваў Сяргей Сьмірноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG