Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастах пачалі судзіць актывіста штабу Ціханоўскай. Што ня так з судом


Аляксандар Мілюк
Аляксандар Мілюк

Суд над Аляксандрам Мілюком, які зьняў правакацыю супраць сябе на відэа, пачаўся ў судзе Мастоўскага раёну 3 жніўня.

Хто такі Аляксандар Мілюк?

Аляксандру Мілюку 34 гады, жанаты, мае трох сыноў ад 3 да 12 гадоў. Працуе зваршчыкам у Мастоўскім ПМК. Раней судзімы за махлярства, судзімасьць пагашаная. Сёлета зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.

Што адбывалася раней?

Гісторыя Мілюка пачалася месяц таму і складаецца зь некалькіх частак.

3 ліпеня ён ішоў дадому з малым сынам. На вуліцы да яго прычапіўся незнаёмец, абражаў, прасіў грошай. Мілюк пачаў здымаць правакацыю на відэа. Побач спыніліся супрацоўнікі ДАІ, выклікалі міліцыю, сказалі абодвум мужчынам праехаць у РАУС для разбору. Мілюк меўся быць ці сьведкам, ці пацярпелым. Але ён адмаўляўся ехаць з малым сынам. Урэшце ягоная жонка прыехала і забрала дзіця, а Аляксандра завезьлі ў пастарунак. Міліцыянты казалі яму, што хочуць скласьці на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.

Аляксандар абдымае жонку перад судовым паседжаньнем. У суд ён прыйшоў з рэчамі на выпадак арышту
Аляксандар абдымае жонку перад судовым паседжаньнем. У суд ён прыйшоў з рэчамі на выпадак арышту

6 ліпеня стала вядома, што Мілюка шпіталізавалі з каранавірусам. Яшчэ трэцяга ліпеня яму стала блага, ён пачаў задыхацца, падскочыў ціск і паднялася тэмпэратура.

8 ліпеня міліцыянты паведамілі, што Мілюк не затрыманы, а арыштам за дробнае хуліганства пакаралі ягонага апанэнта. Пазьней стане вядомае ягонае імя — Валянцін Жураўлёў.

15 ліпеня Мілюк атрымаў пастанову пракуратуры ад 7 ліпеня, зь якой вынікае, што падрыхтоўку адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Мілюка за дробнае хуліганства прыпынілі, справу адновяць, калі зьнікнуць «падставы для прыпыненьня».

У той жа дзень да Мілюка на самаізаляцыі прыйшлі міліцыянты і паведамілі, што ў дачыненьні да яго вядзецца праверка паводле крымінальнага артыкула 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Правялі агляд жытла. Аказалася, што на Мілюка напісалі заявы міліцыянты Мастоўскага РАУС Аляксей Літаш і Яўген Кудрашоў, нібыта ён іх абразіў падчас вулічнага канфлікту 3 ліпеня. У Мілюка забралі мабільны тэлефон.

Трэцяга жніўня пачаўся суд за дробнае хуліганства ў дачыненьні да Мілюка. Паводле пратаколу, 3 ліпеня Мілюк у горадзе Масты чапляўся да грамадзян, нецэнзурна лаяўся, чым выказаў непавагу да грамадзтва.

Што ня так?

1. На суд прыйшлі супрацоўнікі райвыканкаму

На разгляд справы прыйшлі ўсяго каля 30 чалавек: сваякі Мілюка, актывісты з Мастоў і Горадні. Асобнай групай пад будынкам суду стаялі людзі, у якіх мастаўляне пазналі работнікаў райвыканкаму. Пра тое, што чыноўнікі маюць заняць усе месцы ў залі, актывісты казалі яшчэ напярэдадні. Праўда, на паседжаньне прапусьцілі толькі 20 чалавек.

Перад будынкам суду асобна трымаліся групы актывістаў і меркаваных чыноўнікаў
Перад будынкам суду асобна трымаліся групы актывістаў і меркаваных чыноўнікаў

2. Справу разглядаў судзьдзя зь іншага раёну

Справу Мілюка разглядаў судзьдзя суду Шчучынскага раёну Дзьмітры Цівунчык, які раней працаваў у Горадні. Сьведкамі выступілі супрацоўнікі ДАІ Віталь Пляскач і Драбіновіч, а таксама ідэоляг Мастоўскага райвыканкаму Сяргей Дзяйкала.

3. Невядома, як пацярпелы трапіў у суд

Калі першыя ўдзельнікі пасьля перапынку на абед увайшлі ў судовую залю, там на першай лаве ўжо сядзеў пацярпелы Валянцін Жураўлёў. Як ён трапіў у будынак, невядома. На абед суд зачыняецца. Перад уваходам яго не было. У суд пускалі спачатку паводле сьпісу толькі ўдзельнікаў працэсу.

Пацярпелы Валянцін Жураўлёў на першай лаве трэці зьлева
Пацярпелы Валянцін Жураўлёў на першай лаве трэці зьлева

4. Пацярпелы ня ўзяў з сабой пашпарт

Калі судзьдзя паспрабаваў пацьвердзіць асобу Жураўлёва, аказалася, што той ня мае пашпарта.

«Дык я ж ня ведаў, што трэба», — апраўдваўся ён.

Каб пацьвердзіць ягоную асобу, судзьдзя абвясьціў перапынак.

Падчас перапынку ў Жураўлёва запыталіся, як ён трапіў у суд бяз пашпарта. Ён не адказаў.

«Вам што, пагаварыць больш няма пра што?.. Што вы, рот мне хочаце закрыць, ці што? Сядзіце, слухайце... Зараз самалёт замоўлю, палячу ў Пескі (вёска ў Мастоўскім раёне, дзе Жураўлёў пражывае. — РС) па пашпарт», — абурыўся ён, калі ў залі пачалі яго абмяркоўваць.

На суд прыйшлі каля 30 чалавек, пусьцілі ня ўсіх
На суд прыйшлі каля 30 чалавек, пусьцілі ня ўсіх

Высьветлілася, што Жураўлёў — грамадзянін Расеі, працуе ў Маскве, мае від на жыхарства ў Беларусі. Зь ягоных словаў, Мілюк вельмі падобны да ягонага знаёмага, які вінен быў яму грошы, таму Жураўлёў і прычапіўся да яго. Потым канфлікт абвастрыўся, бо Мілюк пачаў здымаць відэа. На думку Жураўлёва, той «паставіў яго ў небясьпечнае становішча», бо разьмясьціў ролік у інтэрнэце.

Па вэрсіі Жураўлёва, ён прыехаў зь вёскі ў горад маршруткай на сьвяткаваньне Дня Рэспублікі, гуляў па горадзе і выпадкова наткнуўся на Мілюка. Па вэрсіі Мілюка, ён убачыў, як за ім сочыць цёмна-сіняя машына, а потым ад яе да яго накіраваўся тады яшчэ незнаёмец Жураўлёў. Мілюк мяркуе, што яго перасьледуюць за палітычную дзейнасьць.

5. Пацярпелы ўжо адседзеў 15 сутак за той канфлікт

На судзе Жураўлёў пацьвердзіў, што ўжо адседзеў 15 сутак за дробнае хуліганства, «бо зьвязаўся з гэтым чалавекам» — Мілюком.

6. Незразумела, калі ідэоляг даваў паказаньні

Адвакат Мілюка ўдакладніла ў сьведкі Сяргея Дзяйкалы, які працуе ідэолягам у райвыканкаме, як ён аказаўся сьведкам. Той патлумачыў, што ішоў па горадзе ў Дзень Незалежнасьці і бачыў здалёк канфлікт. Потым расказаў пра гэта на працы, і яго «папрасілі быць сьведкам». Ён некалькі разоў паўтарыў, што расказаў пра гэта калегам не раней за 6 ліпеня, калі пасьля выходных пачаўся працоўны тыдзень. Аднак пратакол яго апытаньня склалі 3 ліпеня. На просьбу судзьдзі патлумачыць гэта Дзяйкала маўчаў.

7. Сьведка здалёк пазнаў твар, але ня бачыў, ці біліся мужчыны

Дзяйкала расказаў, што назіраў за канфліктам за 150 мэтраў цераз дарогу. Зь ягоных словаў, ён аднойчы бачыў Мілюка ў райвыканкаме і таму пазнаў яго. Аднак сьведка блытаўся ў паказаньнях, ці біліся Мілюк з Жураўлёвым, ці махалі рукамі, ці рабілі нешта іншае. Ён ня здолеў патлумачыць суду, як ён праз дрэвы здалёк мог распазнаць твар Мілюка, аднак ня ўбачыў рухаў мужчын. На відэа вулічнага канфлікту, які праглядалі ў судзе, судзьдзя ня змог убачыць, дзе стаяў сьведка Дзяйкала.

Сьведкі Пляскач і Драбіновіч на другой лаве каля сьцяны
Сьведкі Пляскач і Драбіновіч на другой лаве каля сьцяны

Сьведкі з ДАІ Пляскач і Драбіновіч таксама блыталіся, ці біліся мужчыны, ці махалі рукамі, або бойкі не было ўвогуле. У некаторых момантах іхныя паказаньні адрозьніваліся ад тых, што яны давалі месяц таму.

У судзе абвясьцілі перапынак да 6 жніўня
У судзе абвясьцілі перапынак да 6 жніўня

У судзе абвясьцілі перапынак. На наступным паседжаньні, 6 жніўня, па хадайніцтве Мілюка плянуюць апытаць у прысутнасьці маці і псыхоляга малога сына Мілюка, які прысутнічаў пры канфлікце. Таксама плянуецца допыт міліцыянта Яўгена Кудрашова.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG