Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па пяцьсот»? 58,5% работнікаў Беларусі маюць заробак да 1000 рублёў


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 58,5% работнікаў арганізацый атрымліваюць зарплату да 1000 рублёў, 14,5% зь іх маюць заробак менш за 500 рублёў, вынікае з дадзеных афіцыйнай статыстыкі па выніках траўня 2020 году.

Паводле статыстыкі,

  • 1,9% работнікаў маюць заробак да 300 рублёў,
  • 4,2% — ад 300,1 да 400 рублёў,
  • 8,4% — ад 400,1 да 500 рублёў,
  • 9,1% — ад 500,1 да 600 рублёў,
  • 18,3% — ад 600,1 да 800 рублёў,
  • 16,6% — ад 800,1 да 1000 рублёў,
  • 24,8% — ад 1000,1 да 1500 рублёў,
  • 9% — ад 1500,1 да 2000 рублёў,
  • 4,9% — ад 2000,1 да 3000 рублёў,
  • 1,8% — ад 3000,1 да 5000 рублёў,
  • 0,5% — ад 5000,1 да 7000 рублёў,
  • 0,3% — ад 7000,1 да 10 000 рублёў,
  • 0,2% — больш за 10 000 рублёў.

Гэты паказьнік публікуецца двойчы ў год — за травень і лістапад.

Мэдыянны заробак за травень склаў 893,9 рубля — зь лістапада ён вырас на 45,4 рубля. Праўда, калі пералічваць гэта ў даляры паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, травеньскі мэдыянны заробак склаў $368,3, а лістападаўскі — $412,75. Гэта значыць, што мэдыянны заробак за паўгода зьменшыўся на $44,45.

Для параўнаньня, сярэдні заробак у траўні склаў 1227,9 рубля.

Максымальны мэдыянны заробак атрымліваюць IT-спэцыялісты (3501,1 рубля), мінімальны — творчыя работнікі (570,7 рубля).

Мэдыянны заробак — тое, колькі атрымлівае (да адлічэньня падаткаў і збораў) сярэднестатыстычны працаўнік, умоўны чалавек «зь сярэдзіны рэйтынгу».

Аляксандар Лукашэнка абяцае заробкі «па пяцьсот» даляраў прынамсі з 2005 году, але большую частку часу ў апошнія 15 гадоў сярэдні заробак быў меншым за 500 даляраў.

У канцы ліпеня Лукашэнка падчас нарады з кіраўніцтвам эканамічнага блёку ўраду заявіў, што ў краіне агулам «дасягнулі той мінімум, які быў абяцаны з боку кіраўніцтва»: у траўні «ўсе вобласьці і Менск у сярэднім атрымалі заробак у тысячу і больш рублёў, толькі Магілёўская не дацягнула 7 рублёў да тысячы».

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў нядаўна запусьціў сайт, на якім прапануе ўсім беларусам рэгістраваць свае заробкі, каб паказаць, які рэальны заробак у беларусаў сёньня, «Каб зрабіць так, каб ні стары, ні новы прэзыдэнт не маглі працягваць такую палітыку падману наконт заробкаў у Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG