Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрымалі больш за 70 чалавек за акцыі салідарнасьці з пратэстам у Хабараўску


У розных гарадах Расеі праходзяць акцыі салідарнасьці з жыхарамі Хабараўску, якія пратэстуюць супраць арышту былога губэрнатара Сяргея Фургала. Затрыманыя больш як 70 чалавек.

У Хабараўску ўвечары 2 жніўня прайшла чарговая акцыя. Як паведамляе Сибирь.Реалии, на шэсьце па цэнтры горада выйшлі некалькі соцень чалавек. Шэсьце завяршылася традыцыйным мітынгам на плошчы Леніна.

У калёне ішлі некалькі чалавек у блакітных бэрэтах паветрана-дэсантных войскаў. 2 жніўня ў Расеі, як і ў Беларусі, адзначаецца дзень ПДВ (у Берасьці былыя дэсантнікі бралі ўдзел у сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай)

Хабараўскія вэтэраны ПДВ падчас акцыі зьвярнуліся да іншых вэтэранаў баявых дзеяньняў і спэцназу з просьбай падтрымаць пратэстоўцаў.

Як паведамляе «Настоящее время», у суботу ў розных гарадах Расеі ў розных фарматах прайшлі акцыі салідарнасьці з пратэстантамі Хабараўску пад агульным лёзунгам «Пакармі галубоў! Падтрымаем Хабараўск!». Больш як 70 чалавек былі затрыманыя.

У Пецярбургу, паводле дадзеных выданьня «Фонтанка», былі затрыманыя ня менш за дзесяць чалавек.

У Маскве некалькі чалавек сабраліся ў Навапушкінскім сквэры. Паліцыя практычна адразу пачала жорсткія затрыманьні.

У сталіцы Буратыі Ўлан-Удэ на плошчы ўсталявалі адкрыты мікрафон, каля якога ўзьнікла чарга: людзі крытыкавалі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі і дзеяньні ўладаў падчас эпідэміі каранавірусу.

Праз паўтары гадзіны пасьля пачатку сэрыя адзіночных пікетаў у Новасыбірску перарасла ў несанкцыянаваны мітынг. Каля помніка Леніну на цэнтральнай плошчы сабралася прыкладна сто чалавек. Людзі скандавалі «Прачынайцеся, горад, у Расеі бяда!», «Пуцін, вярні Фургала дадому», «Пуціна ў адстаўку!». Паліцыя ня ўмешвалася.

Акцыі і пікеты таксама прайшлі ва Ўладзівастоку, Казані, Екацярынбурзе, Чэлябінску, Краснадары і іншых гарадах РФ — на кожную прыйшлі па некалькі дзясяткаў чалавек, асобных актывістаў затрымлівалі.

Губэрнатар Хабараўскага краю Сяргей Фургал быў затрыманы раніцай 9 ліпеня і адпраўлены ў Маскву. Яго вінавацяць у арганізацыі забойстваў прадпрымальнікаў 15 гадоў таму. Фургал віны не прызнае. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя ў палітычнай падаплёцы крымінальнага перасьледу кіраўніка краю, зьвязваюць гэта зь ягонай папулярнасьцю і стратай уплыву ў рэгіёне прапуцінскай «Адзінай Расеі». На выбарах у 2018 годзе Фургал, вылучаны ЛДПР, перамог губэрнатара ад уладнай партыі Вячаслава Шпорта.

Мітынгі і шэсьці працягваюцца ў Хабараўску і рэгіёнах Расеі больш за 20 дзён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG