Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі „Газпром“ ад яго адмовіцца, Гасподзь зь імі». Лукашэнка абмеркаваў зь Ермаковай будучыню «Белгазпрамбанку»


Аляксандар Лукашэнка і Надзея Ермакова

Аляксандар Лукашэнка 1 жніўня абмеркаваў з кіраўніцай часовай адміністрацыі «Белгазпрамбанку» Надзеяй Ермаковай сытуацыю ў банку, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка падзякавай Ермаковай, што «ў цяжкі момант адгукнулася і фактычна выратавала банк і працоўны калектыў», і парасіў яе, «каб парадак быў у банку», бо «банк губіць нельга».

«Гэта банк, які, калі „Газпром“ ад яго адмовіцца, Гасподзь зь імі. Працоўны калектыў ёсьць, навыкі ёсьць, магчымасьці будуць. Мы Нацыянальным банкам будзем падтрымліваць гэты банк: там жа нашы людзі і нашы прадпрыемствы. Так, трапілі ў складаную сытуацыю з прычыны гэтых карупцыйных праяваў, але ў нас ёсьць вопыт утрыманьня ня проста на плаву банкаў, але і нармальнага іх функцыянаваньня», — сказаў ён.

Лукашэнка дадаў, што, як даклаў яму Старшыня Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, цяпер у «Белгазпрамбанку» няма катастрофы, сытуацыю «ўдалося стабілізаваць», і пабаяцаў зрабіць усё, каб людзі, якія ўклалі свае грошы, і нашы прадпрыемствы нічога ня страцілі.

«Асобай зацікаўленасьці газпрамаўскай я ня бачу, хаця, калі мы размаўлялі з прэзыдэнтам Расеі, ён мне таксама рэкамэндаваў: кажа, што банк можа працаваць, ня бедныя ў яго ўласьнікі — даслоўна. Таму, калі табе патрэбен гэты банк, ён мне сказаў, значыць, паспрабуйце папрацаваць так, каб гэты банк працаваў. Я кажу: мы толькі за, мы супраць ня будзем, але ён павінен працаваць па нашых законах», — распавёў Лукашэнка.

Як распавяла журналістам Надзея Ермакова, пакуль «Газпром» не ідзе на кантакт, паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1». Паводле яе, перад часовай адміністрацыяй стаіць задача забясьпечыць стабільную працу банка, захаваць працоўны калектыў і застацца на тых жа высокіх пазыцыях, якія былі раней.

Амаль 20 гадоў «Белгазпрамбанкам» кіраваў Віктар Бабарыка. Траўні ён сышоў з банку і заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. У чэрвені Бабарыку затрымалі па абвінавачваньні ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасьці.

15 чэрвеня Нацбанк Беларусі ўвёў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай, якая да 2014 году кіравала «Беларусбанкам» і «Нацбанкам». «Газпром» назваў дзеяньні Нацбанку па зьмене кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» супрацьзаконнымі.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG