Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: жнівень


Ўінслаў Гомэр, «Новы раман» (1877)
Ўінслаў Гомэр, «Новы раман» (1877)

У завяршальным месяцы лета ў Беларусі магла быць — і будзе раней ці пазьней абавязкова! — галоўная кніжная падзея краіны. 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына выдаў першую друкаваную па-беларуску кнігу — перакладзены ім, пракамэнтаваны і аздоблены ўласнымі гравюрамі «Псалтыр». І не выпадкова тая эпахальная падзея супала са сьвятам Перамяненьня (Спаса). Ад гэтага дня пяць стагодзьдзяў таму кніжная культура Беларусі перамянілася назаўсёды. Таму 6 жніўня і ёсьць адзіна магчымай датай Сьвята нацыянальнага кнігадруку.

Але пакуль за галоўнае сьвята друку дзяржава ўважае дзень выданьня першай бальшавіцкай газэты, нацыянальны працэс стварэньня кнігі загнаны на пэрыфэрыю. І жнівеньскія сьціплыя пляны незалежных выдавецтваў толькі пацьвярджаюць відавочную аксіёму.

Літаратурны каляндар Свабоды чытайце ў першую суботу кожнага месяца.

Паэзія

Алеся Башарымава. «Расамаха». Менск, «Медысонт».

У гэтай кнізе няма ніводнага выпадковага слова і нават самы абазнаны чытач ня знойдзе ў ёй ніводнай зьбітай мэтафары ці знаёмага вобразу. Маленькі томік у шэсьцьдзесят старонак зьбіраўся доўга і любоўна, як зьбіраюцца кропелькі жнівеньскай расы з элітных ружаў у жвавы ручаёк за домам дбайнага садоўніка. Таму і кожны радок у ім — нечаканка, быццам знаходзісься недзе ў нетутэйшым сьвеце.

калі нараджаецца новы слон
ён хавае маму сваю над сабою
і робіцца самай шчырай заслонай
ад болю зямнога і дзікіх забойстваў
і толькі калі ў сланіхах чаргою
бязгучна праносяцца жудкія сны
малыя сланы адчуваюць чужое
і мамы маўчаць і нямеюць сыны

Імя аўтаркі знаёмае беларускаму чытачу ўжо даволі даўно па публікацыях у пэрыёдыках. Але сваю дэбютную кнігу Алеся Башарымава складала ці ня дзесяць гадоў, выцягваючы драбніцы з напісанага, як пэрлы з балотнай дрыгвы.

глядзі гэта дрыгва коціцца за мной
неабсяжная расамаха
у ёй пераварочваюцца глей і гной
бурбалкі балотнага паху
яна коціцца павольна
а я бягу
і ногі як спружыны
зьвіліся ў колцы
і хрыбет лазінай сагнуўся ў дугу
дрыгва можа каціцца бясконца
а я бягу
брыняюць камяні на маіх касьцях
я выбіваю стогны з зямлі што рыпіць і сьмягне
я бачу як калоціцца перада мной прасьцяг
які распусьціцца ў багне
мая простая дарога ўсё адно крук
шчэрыцца на ўласнае нутро — і нутром гырчыць
я бягу
я хапаю паветра невядома з чыіх рук
я бягу
і абдзіраю імклівасьць аб гальлё і карчы
мой бег, я сам — мы загайданая ладзьдзя
я бягу так доўга, што ўжо не перайсьці на крок
я чую пах зямлі
чую хрып у грудзях
я чую як сабе дарога
разгрызае нутро

Яна Нікіфарава. «Пяць стадый прыняцьця Яны Н.». Менск, «Галіяфы».


Гэта ўжо другая кніга маладой паэткі. Першая выйшла ў 2017-м, але тады зусім юная аўтарка не адважылася паставіць на вокладцы сваё імя і яе дэбютны зборнік «Падслуханае сьценамі шматпавярховак» зьявіўся ў сьвет пад мужчынскім псэўданімам. Цікава, што Яна Нікіфарава прысьвяціла сваю другую кнігу аўтару першай — Янку Каліноўскаму.

Тры гады паміж дзьвюма кнігамі — пэрыяд, які з закамплексаванага гарадзкога падлетка ператварыў аўтарку ў моцную і адукаваную асобу. Перад чытачом паўстае яркая і адораная паэтка новай, невядомай яшчэ літаратурнай генэрацыі.

Згубіўся ва ўласным
блытаным «я»;
не адбіўся
ад вараньня
спрэчных думак.
Шукаў паратунак
у горкім рабінавым смаку;
ані знаку,
ані воклічу;
поплеч
толькі галіны, галіны
ня ведаюць літасьці,
шапочуць лісьцямі
ўспамінаў.
і толькі пах арабінавы
запальвае нешта ў вачах.
І няма, няма страху —
толькі імкненьне
асэнсаваць
і ня зьбіцца са шляху.
Няма, няма страху —
толькі імкненьне.

Проза

Віталь Гедрановіч. «Чацьвертая здрада апостала Пятра». Менск, «Кнігазбор».


Сумны нацыянальны сьпіс аўтараў адной кнігі папоўніў Віталь Гедрановіч. Дацэнт катэдры фізыкі Наваполацкага політэхнічнага інстытуту, вядомы на Віцебшчыне грамадзка-палітычны дзеяч, пасьпяховы прадпрымальнік пасьля пяцідзесяці выявіўся не абы якім літаратарам. Ягоныя «Бліскавіцы памяці», «Помста бога Купалы», «Трасянка-ліцьвінскі перакладнік» зачаравалі сяброў і знаёмых. Пасьля ягонага леташняга раптоўнага зыходу ў іншы сьвет сям’я расшукала ў кампутары безьліч бліскучых абразкоў і глыбокіх разважных эсэў. Выбранае зь іх і склала першую і апошнюю кнігу Віталя Гедрановіча.

Драматургія

«Старагрэцкая драматургія». Менск, выдавец Зьміцер Колас.


Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід, Арыстафан, Мэнандар — імёны, якія вядомыя цывілізаванаму сьвету больш за дзьве тысячы гадоў. Вядомыя яны і беларусам. Яшчэ ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя Юльян Дрэйзін пераклаў са старагрэцкай «Антыгону» Сафокла, і «Бакханак» Эўрыпіда. Амаль праз сто гадоў моцна заглыбіўся ў п’есы стваральнікаў антычнага тэатру Лявон Баршчэўскі. Дзякуючы ягоным намаганьням упершыню па-беларуску і пабачыў сьвет збор старагрэцкіх паэтычных драмаў. Абсалютная бальшыня зь іх ніколі ня ставілася на сцэнах айчынных тэатраў. То, як кажуць, збор вам у рукі, шаноўныя рэжысэры! І — да прэм’ераў бесьсьмяротнае клясыкі на сучасных беларускіх сцэнах!

Дзіцячая літаратура

Уладзімер Някляеў, Кацярына Марціновіч. «Вядзьмедзева вунія». Менск, выдавец Раман Цымбераў.

Гэта гістарычны комікс. Аўтарскі дуэт выбітнага паэта і таленавітай мастачкі стварыў займальнае і зьмястоўнае чытво-відовішча, пра якое словамі не распавядзеш. Трэба набываць і чытаць-разглядаць. Пажадана ўсёй сям’ёй. Задавальненьне эстэтычна-пазнавальнае выдаўцы гарантуюць.

Джоан Роўлінг. «Гары Потэр і таемная заля». Пераклад з ангельскай Алены Пятровіч. Менск, выдавец Андрэй Янушкевіч.

Праз два тыдні ва ўсіх прыхільнікаў знакамітага ангельскага хлопчыка-чараўніка зьявіцца магчымасьць не прапусьціць беларускамоўную вэрсію кнігі пра ягоныя прыгоды і зрабіць папярэднюю замову на яе на сайце januskevic.by. Гэта будзе ўжо другая кніга са знакамітай сэрыі пра Гары Потэра, перакладзеная на беларускую мову. Першая, «Гары Потэр і філязофскі камень», выйшла летась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG