Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ляцелі транзытам». Крэмль чакае, што затрыманых у Беларусі расейцаў вызваляць


Уладзімер Пуцін і Дзьмітрый Пяскоў
Уладзімер Пуцін і Дзьмітрый Пяскоў

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што да гэтага часу не была прадстаўлена інфармацыя, якая абгрунтоўвае затрыманьне расейскіх грамадзян, паведамляе ТАСС.

Крэмль чакае, што затрыманых у Беларусі ў ноч на 29 ліпеня расейцаў неўзабаве адпусьцяць на волю. Пра гэта журналістам заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.

Паводле яго, да гэтага часу не была прадстаўлена інфармацыя, якая абгрунтоўвае затрыманьне расейскіх грамадзян.

«Але мы спадзяёмся і нават перакананыя, што ў самы бліжэйшы час нашы беларускія калегі разьбяруцца з гэтым інцыдэнтам і адпусьцяць расейскіх грамадзян», — сказаў Пяскоў.

Ён удакладніў, што затрыманыя не рабілі нічога супрацьзаконнага, а іх знаходжаньне ў рэспубліцы ніяк не зьвязана зь беларускімі справамі.

«Цяпер мы ўжо з высокай доляй упэўненасьці можам сказаць, што гэтыя расейскія грамадзяне прыехалі праездам у Беларусь, яны павінны былі ляцець транзытам у іншую краіну, іх знаходжаньне ніяк не зьвязана з самой Беларусьсю ці зь беларускімі справамі», — сказаў прадстаўнік Крамля, адзначыўшы, што гэтыя расейцы — супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства, яны спазьніліся на самалёт і чакалі вылету, «у іх былі білеты ў Стамбул».

«Яны ня мелі пры сабе нічога супрацьзаконнага і не рабілі ніякіх супрацьзаконных дзеяньняў», — падкрэсьліў Пяскоў.

Паводле яго, Крэмль вельмі занепакоены адсутнасьцю консульскага доступу да затрыманых.

Пяскоў лічыць, што затрыманьне расейскіх грамадзян у Беларусі не зусім адпавядае саюзьніцкім адносінам Масквы і Менску.

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі ПВК «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG