Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне «Левада-цэнтру»: у Расеі Пуціну давяраюць 23%


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну давяраюць 23 працэнты апытаных падчас апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня «Левада-цэнтру».

Ужывалася мэтодыка так званага «адкрытага пытаньня», калі людзей просяць саміх назваць палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якім яны давяраюць.

Год таму — улетку 2019 году — пра давер Пуціну казалі 40 адсоткаў, а ў 2017 годзе гэты паказьнік даходзіў да 59. Пры гэтым на пытаньне, ці ўхваляюць дзейнасьць Пуціна на пасадзе прэзыдэнта, станоўча адказалі 60% апытаных, адмоўна — 33. Паўгоду таму суадносіны былі 68 на 31.

Апошнія месяцы Пуціна крытыкавалі за ягоную рэакцыю на пандэмію каранавірусу. Выклікала пратэсты і галасаваньне за папраўкі ў канстытуцыю Расеі, якія дазваляюць яму застацца на пасадзе прэзыдэнта яшчэ на два тэрміны.

Наступнымі ў сьпісе палітыкаў, якія выклікаюць давер, паводле вэрсіі «Левада-цэнтру» ідуць прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі і міністар абароны Сяргей Шайгу — ім давяраюць па 10 адсоткаў. 3 адсоткі апытаных заявілі пра давер Сяргею Фургалу — былому губэрнатару Хабараўскага краю, арышт і адхіленьне якога на пачатку ліпеня справакавала масавыя пратэсты ў краі ды іншых рэгіёнах краіны.

У тым жа дасьледаваньні рэспандэнтам задалі традыцыйнае пытаньне, ці слушным кірункам рухаецца краіна. 42 адсоткі адказалі станоўча (замест 52 працэнтаў паўгоду таму), 40 — што краіна рухаецца няслушным шляхам. 18 працэнтаў не змаглі адказаць.

  • ВЦИОМ, іншая расейская сацыялягічная служба, якую лічаць больш ляяльнай уладам, таксама публікуе вынікі адказаў на «адкрытае пытаньне» пра давер палітыкам, і на чэрвень Пуціну давяраюць 28,6 адсоткаў. Летась, калі рэйтынг Пуціна па «адкрытай» мэтодыцы стаў падаць, ВЦИОМ зрабіў асноўнай «закрытую» мэтодыку, пры якой рэспандэнтам прапануюць выбраць з загадзя прапанаваных палітыкаў. Паводле гэтай мэтодыцы рэйтынг даверу да Пуціна — 66,2 працэнта. МЗС Расеі нават крытыкаваў заходнія СМІ, якія спасылаліся на зьвесткі ВЦИОМ, атрыманыя праз «адкрытую» мэтодыку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG