Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі судзяць беларуса як тэрарыста за ўдзел у баях супраць Украіны на Данбасе


Гарадзкі суд сталіцы Чэхіі Прагі пачаў разгляд справы грамадзяніна Беларусі, які, паводле абвінавачаньня, браў актыўны ўдзел у баях на ўсходзе Ўкраіны на баку сэпаратыстаў, што кваліфікуюць як «тэрарыстычнай напад», расказвае ўкраінская служба Свабоды.

41-гадовы Аляксей Фадзееў, які стала жыве ў Празе і якому ў выпадку прызнаньня вінаватым пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 12 да 20 гадоў, любую сваю віну адмаўляе і сьцьвярджае, што хацеў дапамагчы людзям «абараняцца ад украінскіх фашыстаў», паведамляюць чэскія навінавыя сайты.

Цяпер мужчына ўжо знаходзіцца ў зьняволеньні, асуджаны ў іншай крымінальнай справе. Слуханьні цяперашняй справы па сутнасьці павінны пачацца 29 ліпеня.

Як заяўляе абвінавачаньне, Фадзееў узяў удзел у вайне супраць Украіны "з намерам актыўна падтрымаць сэпаратысцкія групоўкі на ўсходзе Ўкраіны, якія дамагаюцца аддзяленьня ад Украіны і стварэньня самастойнага дзяржаўнага ўтварэньня, так званай «Данецкай народнай рэспублікі».

Па словах пракурораў, Фадзееў неаднаразова, зь лістапада 2014-га па травень 2016 году, выяжджаў з Чэхіі, каб выконваць разнастайныя ваенныя задачы ў шэрагах так званай «рэспубліканскай гвардыі ДНР». Але ён ня толькі займаўся патруляваньнем, але і актыўна ўдзельнічаў у баях супраць украінскіх войскаў, якія абараняюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, заявілі пракуроры.

Фадзееў празь перакладчыка заявіў у адказ, што ягонае знаходжаньне на Данбасе, у Данецку, маўляў, не было тэрарыстычным актам, таму што ён быў там, каб дапамагчы людзям, таму што, паводле яго, уладу ва Ўкраіне захапілі «фашысты», і ён бачыў у інтэрнэце відэазапісы, на якіх нібыта былі зафіксаваныя «зьверствы», якія адбываліся ва Ўкраіне. Таму ён адправіўся на акупаваную частку Данбасу з расейскага Растова-на-Доне, дзе атрымаў зброю і затым далучыўся да «рэспубліканскай гвардыі ДНР».

Ён таксама згадваў украінскую арганізацыю «Правы сэктар», якая, паводле яго, нападала на цывільнае насельніцтва. Але Фадзееў сьцьвярджаў, што не зьбіраўся ваяваць з украінскімі ўрадавымі войскамі і толькі ўдзельнічаў у патруляваньні, а страляў толькі на стрэльбішчы на трэніроўках. Ён таксама заяўляў, што ня ведаў, што дзейнасьць групоўкі «ДНР» супярэчыць Канстытуцыі Ўкраіны.

Акрамя таго, Аляксей Фадзееў паведаміў, што знаёмы з грамадзянінам Чэхіі, былым вайскоўцам Эрыкам Ешту, які таксама раней быў абвінавачаны ў тэрарызьме за яго ўдзел у баях супраць Украіны на Данбасе, але ў канцы быў асуджаны толькі ўмоўна за службу ў «замежных узброеных сілах» і пазбаўлены чэскага вайсковага званьня. Згодна са словамі Фадзеева, Ешту дапамагаў яму дабрацца ва Ўкраіну і затым сустракаўся зь ім у Данецку. Ешту быў выкліканы на цяперашні суд у якасьці сьведкі, але адмовіўся сьведчыць, бо гэтыя паказаньні маглі быць выкарыстаныя і супраць яго самога.

Гэта ў Чэхіі ня першы такі выпадак. Акрамя згаданага Эрыка Ешту, былога вайскоўца Ўзброеных сіл Чэхіі, таксама ўмоўны тэрмін за ўдзел у дзеяньнях расейскіх гібрыдных сіл на Данбасе супраць Украіны атрымаў грамадзянін Чэхіі Павел Кафка. Як заяўляў год таму амбасадар Украіны ў Чэхіі Яўген Перабійніс, Чэхія расьсьледуе магчымы ўдзел 20 сваіх грамадзян у канфлікце на Данбасе на баку расейскіх гібрыдных сіл.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG