Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі падазраванага ў забойстве лідэра баевікоў «ДНР» Захарчанкі


Аляксандар Захарчанка, архіўнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву УНН аб затрыманьні былога супрацоўніка праваахоўных органаў Анрдэя Байдалы (мянушка «Швэд»), якога баевікі «ДНР» падазравалі ў забойстве свайго лідэра Аляксандра Захарчанкі.

Ва Ўкраіне Байдалу падазраюць у «незаконным выкарыстаньні зброі і баепрыпасаў групай асобаў», яго зьмясьцілі пад варту.

З украінскага боку пра падазрэньні ў забойстве Захарчанкі афіцыйна не гавораць — раней СБУ заяўляла, што прычынай забойства Захарчанкі маглі стаць «крымінальныя разборкі» або ліквідацыя сіламі Расейскай Фэдэрацыі.

Захарчанка загінуў 31 жніўня 2018 году ў выніку выбуху ў рэстарацыі «Сэпар» у Данецку. Аляксандру Захарчанку было 42 гады. Падчас прарасейскіх выступленьняў на ўсходзе Ўкраіны ён кіраваў данецкім аддзяленьнем харкаўскага байцоўскага клюбу «Апора». 16 красавіка 2014 ён узначаліў групу, якая заняла будынак гарадзкой адміністрацыі Данецку. У лістападзе 2014 года Захарчанка стаў кіраўніком так званай «ДНР» па выніках арганізаваных сэпаратыстамі «выбараў». Ягоны подпіс стаіць пад менскімі пагадненьнямі аб мірным урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе. Сам ён неаднаразова заяўляў, што гатовы «дайсьці да Кіева».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG