Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля перамогі Майдану «беркутаўцы» ўцякалі ў Беларусь, Расею і Крым. Як да гэтага ставяцца ва Ўкраіне


Архіўнае фота. «Беркутаўцы» нападаюць на дэманстрантаў падчас антыўрадавай акцыі пратэсту ў цэнтры Кіева, 22 студзеня 2014 году

Свабода разьбіралася, як былыя «беркутаўцы» маглі трапіць на службу ў спэцыяльныя падразьдзяленьні беларускіх сілавых структур і што адбылося ва Ўкраіне з рэпрэсіўнай сыстэмай пасьля зьмены ўлады ў 2014 годзе, калі прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк у Расею.

Мянчук Аляксандар Куўшынаў 15 ліпеня прыехаў да Цэнтральнай выбарчай камісіі, каб асабіста падаць скаргу на нерэгістрацыю кандыдатаў на прэзыдэнта. Калі ЦВК спыніла прыём скаргаў, ён на ровары накіраваўся дадому, але ня змог праехаць праз ланцуг АМАПаўцаў — яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна.

Затрыманьне Аляксандра Куўшынава
Затрыманьне Аляксандра Куўшынава

Затрыманьне Аляксандра Куўшынава трапіла ў фотааб’ектыў Tut.by. Па фатаздымках сярод АМАПаўцаў ідэнтыфікавалі меркавана былога супрацоўніка ўкраінскага «Беркуту», якога падазраюць у злачынствах супраць актывістаў Рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне ў 2013–2014 гадах.

Цяперашнія АМАПаўцы — учорашнія беркутаўцы зь Мікалаева

Яшчэ тры гады таму міжнародны валянтэрскі праект «InformNapalm» абнародаваў інфармацыю пра мінімум трох былых супрацоўнікаў батальёну «Беркут» упраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ў Мікалаеўскай вобласьці, якія пасьля зьмены ўлады ўцяклі з Украіны ў Беларусь і служаць там у міліцыі.

Расьсьледавальнікі назвалі імёны Мікалая Стагарняка, Сяргея Гаўрыляка і Сяргея Панасенкі. Усе яны родам зь Мікалаеўскай вобласьці.

Сяргея Панасенку карыстальнікі інтэрнэту якраз і ідэнтыфікавалі на здымках 15 ліпеня, калі затрымлівалі менчука Аляксандра Куўшынава. У сваім рапарце ён пераблытаў адрас затрыманьня раварыста, таму суд накіраваў справу на дапрацоўку. Потым Сяргей Панасенка прызнаўся, што проста памыліўся з адрасам затрыманьня.

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Свабодзе паведамілі, што інфармацыя аб асобах, якія служаць у спэцпадраздзяленьнях, зьяўляецца закрытай.

Мікалаеўская вобласьць — эпіцэнтар сілавых падзеяў

Ва Ўкраіне мікалаеўскі «Беркут» меў рэпутацыю аднаго з найбольш жорсткіх спэцпадразьдзяленьняў. Ягоныя роты ў часе масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах ахоўвалі адміністратыўныя будынкі дзяржаўных органаў улады ў Кіеве, рэзыдэнцыю Віктара Януковіча ў Межыгор’і. Да таго часу яны адзначыліся жорсткім разгонам футбольных заўзятараў і сілавой дапамогай у фальсыфікацыі вынікаў выбараў.

«У 2012 годзе яны вельмі агрэсіўна паказалі сябе на 132-й акрузе (у Першамайску Мікалаеўскай вобласьці), тады былі выяўленыя фальсыфікацыі на карысьць Партыі рэгіёнаў, і ЦВК не прызнала вынікі выбараў. Тады я ўпершыню зафіксаваў пабоі, бо яны паводзілі сябе проста па-зьверску падчас пераліку галасоў», — расказаў Свабодзе Вадзім Мерыкаў, які ў 2013–2014 годзе быў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны, а пазьней старшынём Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

У 2013 годзе сілавое падразьдзяленьне мікалаеўскай міліцыі задзейнічалі для стрыманьня жыхароў мястэчка Ўрадзіеўка, якія паўсталі супраць міліцэйскага гвалту.

Паводле парлямэнцкай сьледчай камісіі, у часе падзеяў 2013–2014 гадоў у Кіеў дзеля здушэньня пратэсту камандзіравалі 70 байцоў мікалаеўскага «Беркуту». У той час Вадзім Мерыкаў неаднойчы сустракаўся з кіраўніцтвам абласной міліцыі, каб пераканаць адклікаць мікалаеўскіх спэцназаўцаў з кіеўскага Майдану.

Вадзім Мерыкаў размаўляе зь мікалаеўскімі «беркутаўцамі» ў Кіеве, 20 лютага 2014 году:

«Найбольш агрэсіўнымі тады былі супрацоўнікі крымскага, мікалаеўскага, данецкага і харкаўскага „Беркуту“. Але зь мікалаеўскімі мы спрабавалі тады дамовіцца, бо некаторых ведалі — нехта зь імі вучыўся, нехта жыў па суседзтве. Размаўлялі зь імі праз тэлефон, але потым ім забаранілі кантактаваць нават са сваякамі, і яны нам скардзіліся на гэта.

Расказвалі, што іх заахвочвалі наяўнымі грашыма. Тады ўсё часьцей у размовах яны пачалі выкарыстоўваць словы „фашызм“ і „падрыхтоўка перавароту“ — менавіта тыя словы, пад якімі потым расейскія войскі зайшлі ва Ўкраіну. Гэта была прапаганда, якая вялася доўгія гады і ў праваахоўных органах, і ва Ўзброеных сілах Украіны. І ў войску было шмат здраднікаў, многія не хацелі браць зброю ў рукі і абараняць Украіну».

«Беркутаўцы» ўцякалі групамі

Вадзім Мерыкаў кажа, што пасьля Рэвалюцыі годнасьці былыя супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня «Беркут» уцякалі зь Мікалаева і Адэсы цэлымі групамі — «як сябравалі, так і ўцякалі».

Вадзім Мерыкаў
Вадзім Мерыкаў

«Зь неафіцыйнай інфармацыі я ведаю, што было некалькі груп. Адна зь іх выехала ў Беларусь — там былі афіцэры і нават, калі не памыляюся, намесьнік камандзіра (мікалаеўскай) роты. Другая група зьехала ў Крым, а трэцяя — у Расею. Дзе яны цяпер — гэта мусіць высьвятляць украінская спэцслужба», — сказаў Вадзім Мерыкаў.

Ён ня змог узгадаць прозьвішчы мікалаеўскіх праваахоўнікаў, якіх нібыта ідэнтыфікавалі ў Беларусі.

Іншая крыніца паведаміла Свабодзе, што першапраходцам у Менску стаў Анатоль Гарбуноў — ён пераехаў у Менск да сваякоў і там уладкаваўся на працу ў беларускую міліцыю. Потым якраз ён і перацягнуў у Беларусь як мінімум трох сваіх былых падначаленых.

Анатоль Гарбуноў — зьлева. Фота мікалаеўскага спартовага выданьня «НикСпорт»
Анатоль Гарбуноў — зьлева. Фота мікалаеўскага спартовага выданьня «НикСпорт»

21 супрацоўніка абвясьцілі ў міжнародны вышук

У жніўні 2014 году Вайсковая пракуратура Ўкраіны заяўляла пра намер арыштаваць 20 экс-супрацоўнікаў «Беркуту» паводле падазрэньня ў расстрэлах удзельнікаў акцый пратэсту ў Кіеве. Але гэтага не адбылося, і ўсе яны ўцяклі. Пазьней, у часе судовых слуханьняў справы аб злачынствах на Майдане прагучала інфармацыя пра тое, што 13 зь іх атрымалі расейскае грамадзянства, яшчэ 2 — від на жыхарства ў Расеі. Усяго Ўкраіна абвясьціла ў міжнародны вышук 21 былога супрацоўніка праваахоўных органаў.

Адвакат Віталь Тытыч: у справе аб расстрэлах фігуруюць каля 150 праваахоўнікаў
Адвакат Віталь Тытыч: у справе аб расстрэлах фігуруюць каля 150 праваахоўнікаў

Як паведаміў Свабодзе адзін з адвакатаў сваякоў герояў Нябеснай сотні Віталь Тытыч, у судовых слуханьнях ніколі не агучвалася інфармацыя, што Генэральная пракуратура зьвярталася да Беларусі, каб высьветліць месца знаходжаньня падазраваных у злачынствах супраць Майдану.

«У вышук абвяшчаюць толькі тых, хто падазраецца або абвінавачваецца ў крымінальных правапарушэньнях», — сказаў ён.

Паводле Віталя Тытыча, у крымінальнай справе аб злачынствах супраць Майдану фігуруюць каля 150 былых праваахоўнікаў.

У 2014 годзе, пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча ў Расею і зьмены ўлады ва Ўкраіне, спэцыяльнае падразьдзяленьне «Беркут» расфармавалі.

«Пасьля 2014 году ў паліцыі Мікалаеўскай вобласьці засталася мінімальная колькасьць тых, хто служыў у „Беркуце“. Большая частка звольнілася або не прайшла потым атэстацыю. Максымум 5 адсоткаў засталося з таго „Беркуту“. У сакавіку 2014 году некаторыя хлопцы добраахвотна пайшлі на Данбас абараняць Украіну. Такіх было няшмат, але былі — яны годна змагаліся і ў добраахвотніцкіх батальёнах, і ў шэрагах Узброеных сілаў», — дадаў Вадзім Мерыкаў.

Ня ўсе праваахоўнікі трапілі пад люстрацыю

У верасьні 2014 году Вярхоўная Рада ўхваліла закон аб ачышчэньні ўлады, але гэты працэс амаль не закрануў спэцыяльныя падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных спраў і Службы бясьпекі Ўкраіны.

«Люстрацыйную праверку можна правесьці толькі ў тым выпадку, калі гэтыя асобы працуюць на адказных пасадах ва Ўкраіне. Закон аб ачышчэньні ўлады быў патрэбны ў 2014 годзе ў сувязі з тым, што з краіны зьбеглі ўсе кіраўнікі — прэзыдэнт, генэральны пракурор, міністар унутраных спраў, кіраўнікі Службы бясьпекі, Службы зьнешняй выведкі, Адміністрацыі прэзыдэнта, прэмʼер, віцэ-прэмʼеры... Каб пераправерыць іхных падначаленых, і выкарысталі такі палітычна-юрыдычны мэханізм. Але гэта яшчэ не люстрацыя», — сказала Свабодзе кіраўніца Грамадзкага люстрацыйнага камітэту Тацяна Казачэнка.

Тацяна Казачэнка кіравала ва Ўкраіне люстрацыйным працэсам пасьля зьмены ўлады ў 2014 годзе
Тацяна Казачэнка кіравала ва Ўкраіне люстрацыйным працэсам пасьля зьмены ўлады ў 2014 годзе

З 2014 да 2016 году яна ўзначальвала дэпартамэнт Міністэрства юстыцыі ў пытаньнях люстрацыі.

Тацяна Казачэнка перакананая, што праведзеная ва Ўкраіне люстрацыя — адзін з элемэнтаў ачышчэньня ўлады, але гэты мэханізм ня будзе мець сэнсу без далейшых рэформаў.

«Цяпер вельмі шмат людзей зацікаўленыя ў зьнішчэньні гэтага закону, аднаўленьні сваёй рэпутацыі і вяртаньні на страчаныя пасады, бо яны не ўяўляюць свайго жыцьця інакш», — кажа Казачэнка.

Сёньня ў люстрацыйным сьпісе 878 асобаў. Згодна з законам функцыянальная люстрацыя закранае праваахоўнікаў у тых выпадках, калі яны спрыялі дзеяньням, накіраваным на парушэньне правоў і свабодаў грамадзян у часе Рэвалюцыі годнасьці, або самі ўчынялі такія дзеяньні.

«Але ў гэтым сьпісе няма ніводнага супрацоўніка „Беркуту“, і праваахоўнікаў там вельмі мала. Фактычна — гэта супрацоўнікі ДАІ (цяпер патрульныя паліцэйскія), якія незаконна складалі адміністрацыйныя пратаколы аб парушэньнях правіл дарожнага руху ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцый. Іншых асобаў у функцыянальнай люстрацыі няма. Яна спрацавала адносна найвышэйшых адказных асобаў, якія знаходзіліся больш як год на пасадах», — патлумачыла Тацяна Казачэнка.

Доказаў датычнасьці да злачынстваў пакуль няма

Як сказаў Свабодзе адвакат Віталь Тытыч, сярод падазраваных ці абвінавачаных у злачынствах супраць удзельнікаў акцый пратэсту ў Кіеве няма ніводнага прадстаўніка мікалаеўскага «Беркуту». Тое самае кажуць і сьледчыя — ім незнаёмыя прозьвішчы, абнародаваныя ў СМІ.

Пасьля Рэвалюцыі годнасьці кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Украіны настойліва пераконвала, што мікалаеўскі «Беркут» у Кіеве толькі ахоўваў грамадзкі парадак. Але пры гэтым некалькі яго супрацоўнікаў былі параненыя.

Адвакат Ігар Варфаламееў, які абараняе ў судовым працэсе колішніх супрацоўнікаў «Беркуту», абвінавачаных у расстрэлах грамадзян 20 лютага 2014 году, паведаміў, што сярод ягоных кліентаў няма мікалаеўскіх праваахоўнікаў.

«Я ўпершыню чую пра такі факт. Сярод грамадзян, якіх я суправаджаю юрыдычна, такіх асобаў няма».

Праваабаронцы і экспэрты перакананыя, што мікалаеўскія «беркутаўцы» маглі ўладкавацца на працу ў беларускую міліцыю толькі пасьля таго, як атрымалі грамадзянства Беларусі. Нават не выключаюць, што паводле скарочанай працэдуры. Але беларускі бок павінен быць зацікаўлены, каб людзі, якіх падазраюць у датычнасьці да парушэньняў правоў чалавека ва Ўкраіне, не знаходзіліся на дзяржаўнай службе ў Беларусі.

«Іхны ўкраінскі досьвед ня проста недэмакратычны. Ён не адпавядае прынцыпам прававой дзяржавы», — падкрэсьліла Тацяна Казачэнка.

Паводле яе, былыя супрацоўнікі спэцыяльных падразьдзяленьняў Украіны хаваюцца ў іншых краінах, бо дакладна ведаюць, што насамрэч адбывалася на Майдане Незалежнасьці на пачатку 2014 году.

«20 лютага 2014 году цягам толькі адной гадзіны з 9 да 10 раніцы на цэнтральнай плошчы Кіева зь дзяржаўнай зброі, якая належала падразьдзяленьням „Беркуту“, застрэлілі 29 актывістаў.

І мы зараз ставім пытаньне, чаму „беркутаўцы“ жывуць у іншых краінах? Яны ж дакладна ведаюць, дзе яны знаходзіліся ў той момант, што яны самі ўчынялі ці бачылі, хто і як учыняў! Таму адказ адзін: ратуюцца, хаваюцца, пазьбягаюць адказнасьці. І шукаюць тыя краіны, дзе мова, побыт і сыстэма заканадаўства падобныя да тых, якія былі ва Ўкраіне да 2014 году», — кажа Тацяна Казачэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG