Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе ад абстрэлу загінуў мэдык-беларус. Зяленскі ўзяў расьсьледаваньне пад свой кантроль


Мікола Ільін

Ад абстрэлу баевікоў загінуў вайсковы лекар Мікола Ільін, родам з Магілёва, грамадзянін Эстоніі.

На Данбасе ў раёне сяла Зайцава Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці незаконныя ўзброеныя фармаваньні «ДНР» абстралялі трох украінскіх вайскоўцаў, калі тыя накіраваліся ў шэрую зону, каб эвакуаваць цела байца, які падарваўся на міне.

Як паведамілі ў штабе Апэрацыі аб’яднаных сілаў, група эвакуацыі накіроўвалася на месца гібелі вайскоўца пасьля атрыманьня пацьверджаньня пра рэжым «Цішыня». Але да цела не дабраліся — баевікі адкрылі агонь спачатку са стралковай зброі, а потым з гранатамётаў і буйнакалібэрных кулямётаў.

Двое ўкраінскіх вайскоўцаў атрымалі раненьні, а мэдык загінуў. Перамовы аб іх эвакуацыі зь месца абстрэлу трываюць дагэтуль.

Пазьней стала вядома імя мэдыка, які загінуў. Гэта Мікола Ільін, грамадзянін Эстоніі беларускага паходжаньня.

Паводле інфармацыі Свабоды, украінскія валянтэры зьвязаліся з маці Міколы Ільіна. Найбліжэйшым часам яна мае прыехаць ва Ўкраіну.

Што вядома пра мэдыка, які загінуў

Мікола Ільін нарадзіўся ў Магілёве і жыў з маці ў цэнтры гораду. Быў адзіным дзіцем у сям’і.

У 2004 годзе ён прыяжджаў ва Ўкраіну ў часе Аранжавай Рэвалюцыі. Потым вярнуўся ў Беларусь, але ўжо праз 6 гадоў канчаткова зьехаў — бо яго ўсё часьцей перасьледавалі за выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга. Зьвяртаўся ва ўкраінскія міграцыйныя органы па статус уцекача, але яму адмовілі. Украінскія актывісты дапамаглі яму зьехаць у Эстонію, дзе ён атрымаў грамадзянства. У 2016 годзе вярнуўся ва Ўкраіну і паступіў на службу ў 137-ы асобны батальён марской пяхоты.

«Зь Міколам я пазнаёміўся ў Тактычным мэдычным цэнтры, дзе мы чатыры месяцы навучаліся. Я спачатку думаў, што ён амэрыканец, бо ў яго было такое вымаўленьне, ён узважваў кожнае слова. І быў апрануты ў амэрыканскае спэцыяльнае абмундзіраваньне», — расказаў Свабодзе сябар мэдыка-беларуса Паўло Валянтовіч — вэтэран добраахвотніцкага батальёну «Данбас», вайсковец-кантрактнік.

Паўло кажа, што перабрацца ў Эстонію Міколу Ільіну дапамаглі ўкраінскія валянтэры, і менавіта ў падзяку за гэта ён вырашыў вярнуцца ва Ўкраіну, калі пачалася вайна на Данбасе — каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.

Мікола Ільін, фота з Фэйсбуку
Мікола Ільін, фота з Фэйсбуку

«У Эстоніі ён працаваў і таксістам, і экскурсаводам. Ён вельмі добра ведаў эстонскую, ангельскую і беларускую мовы. Я нават яго прасіў размаўляць са мной па-беларуску, бо мне было цікава, як яна гучыць. І ён прасіў да яго зьвяртацца менавіта „Мікола“, па-беларуску. Марыў мне паказаць краявіды і Беларусі, і Эстоніі, якія ён вельмі любіў».

Паўло Валянтовіч узгадвае выдатныя камунікацыйныя здольнасьці Міколы і ўменьне патлумачыць і навучыць неабходным навыкам абароны.

«Пра сямʼю ён ніколі не расказваў. Але Беларусь вельмі любіў. Казаў, што ў яго ёсьць жаданьне, калі памрэ, то каб ягоны прах разьвеялі ў Беларусі, Эстоніі і Ўкраіне».

Рэакцыя прэзыдэнта Зяленскага

Расьсьледаваньне сытуацыі з абстрэлам групы эвакуацыі і гібелі мэдыка ўзяў пад асабісты кантроль прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. На ягонае даручэньне на месца выехалі галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Руслан Хамчак і намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Раман Машавец.

Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

«Гэта чарговы доказ цынізму, ілжывасьці і нялюдзкасьці баевікоў. Тут ня можа быць ніякага падвойнага трактаваньня. Ёсьць канкрэтнае наўмыснае злачынства — забойства, засада і паўторнае забойства. Усё гэта лішні раз пераконвае ў тым, што вайна працягваецца», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны перакананы, што вайна будзе працягвацца, пакуль зь іншага боку лініі фронту ёсьць зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сытуацыі і пакуль баевікі адкрываюць агонь пасьля пацьверджаньня рэжыму «цішыні» па белых касках і мэдыках.

Калі і дзе адбудзецца цырымонія разьвітаньня зь Міколам Ільіным, пакуль невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG