Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманаму з чаргі ў краму Symbal.by адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы супраць АМАПу


Кадр зь відэатрансьляцыі затрыманьняў ля Symbal.by, 23 чэрвеня

Сьледчы камітэт адказаў адмовай на просьбу Рафіка Кенгерлі, затрыманага 23 чэрвеня ў чарзе ў менскую краму Symbal.by, завесьці крымінальную справу супраць супрацоўнікаў АМАП «у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Рафік Кенгерлі сьцьвярджае, што 23 чэрвеня яго выхапілі з чаргі ў краму, адцягнулі за заплечнік, «пад рукі заламалі», пакінуўшы гематомы і драпіны, запхалі ў аўтазак.

Хлопец сьцьвярджае, што супрацоўнік АМАП Раман Пятровіч, які яго затрымліваў, даў яму аплявуху за пытаньне аб тым, што той робіць, калі даваў прысягу. У Савецкім РУУС Менску на Кенгерлі складаў пратакол Я. Каралёў — хлопец сьцьвярджае, той «абражаў, лаяўся, пагражаў», у тым ліку заяўляў, што затрыманаму падкінуць чужыя рэчы і «закрыюць за крадзеж». Супрацоўнік АМАП І. Цярпінскі, які сьведчыў супраць Кенгерлі ў судзе, ня браў удзелу ў затрыманьні, сьцьвярджае хлопец.

Некаторых затрыманых у той дзень каля крамы Symbal.by асудзілі 23 ліпеня за «парушэньне парадку масавых мерапрыемстваў» і «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню», шасьцярым прысудзілі штрафы ў 108 рублёў, аднаму з затрыманых, Ільлю Дземчанку, — 189 рублёў. Яшчэ трох затрыманых у той дзень (Аляксандра Райчонка, Анастасію Лобан і Аляксандра Галубкова) будуць судзіць раніцай 29 ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG