Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамены адбудуцца тады, калі «нацыяналісты» і «бабарыкінцы» паразумеюцца


Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 19 ліпеня, ілюстрацыйнае фота
Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 19 ліпеня, ілюстрацыйнае фота

Калі старая «апазыцыйная» меншасьць і новая «альтэрнатыўная» большасьць не паразумеюцца і не аб’яднаюцца — уладам будзе значна прасьцей задушыць грамадзкі пратэст.

Сьцісла:

  • Недавер паміж «апазыцыйнымі» і «альтэрнатыўнымі» — вынік адсутнасьці дыялёгу ў грамадзтве на працягу больш як дваццаці гадоў;
  • БЧБ-меншасьць матываваная да вулічнага супрацьстаяньня, а «альтэрнатыўная» большасьць мае ілюзію, што перамены могуць адбыцца “згодна з законам”;
  • «Тры штабы» не зьвяртаюцца да БЧБ-грамадзкасьці, бо не плянуюць браць на сябе адказнасьць за падзеі пасьля 9 жніўня;
  • Дыялёг між рознымі групамі грамадзтва пачаўся, хай сабе і ў экстрэмальных умовах.

«Без беларускай мовы і БЧБ-сымболікі — нам такія прэзыдэнты не патрэбны». «Ой, гэтыя БЧБ-сьцягі, яны ж апазыцыйная, за іх б’юць. А мы альтэрнатыўныя, мы хочам мірна, паводле закону зьмяніць уладу».

Вось прыблізна самыя аддаленыя адна ад адной пазыцыі людзей, якія прагнуць пераменаў.

Прычым першыя памыляюцца ў тым, што адбываецца выбар будучага прэзыдэнта. Насамрэч гаворка пра вяртаньне дэмакратыі і свабодных выбараў у прынцыпе. А другія памыляюцца ў магчымасьці мірнасьці і альтэрнатыўнасьці. Бо кожны, хто спрабуе выбраць другога прэзыдэнта замест першага, ужо ёсьць праціўнікам дзейнай улады.

Здавалася б, чарговыя лебедзь, рак і шчупак. Толькі на іншым узроўні. Раней спрэчкі вяліся сярод сьветапоглядна блізкіх БЧБ-прыхільнікаў. Вакол тэмы байкоту ці ўдзелу ў выбарах. Цяпер дадалася тэма нацыянальнай ідэі — зь ёю ці без.

«Мы зноў сябе дзелім і аслабляем!», — скажа хтосьці. Але я думаю, што гэта пазытыўная тэндэнцыя. Грамадзтва пачало дыскусію, якая мусіла адбыцца больш за дваццаць гадоў таму. Але была замарожаная, як і ўсе астатнія грамадзкія працэсы. Таму, пакуль не пачалося, трэба размаўляць, дыскутаваць, нават спрачацца (толькі без абразаў).

Бо досыць хутка і «апазыцыйныя», і «альтэрнатыўныя» могуць стаць ахвярамі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, якая яшчэ да канца не стварылася, а робіць першыя спробы фармаваньня. А ў тым, што ўлада прыме жорсткія меры супраць «бунтаўнікоў», мала сумневу.

Шмат хто зьвяртае ўвагу: «тры штабы», якія цяпер працуюць на Сьвятлану Ціханоўскую, ня ўлічваюць, што рэальна супрацьстаяць на вуліцы гвалту сыстэмы могуць толькі ідэйна матываваныя людзі. Гэта значыць, БЧБ-людзі. Такіх у грамадзтве меншасьць, але матываваная меншасьць пры хай сабе і пасіўнай падтрымцы аморфнай большасьці, — гэта сіла. А каб была падтрымка, патрэбна ўзаемапрызнаньне: «Мы такія розныя, але ўсё ж мы разам!»

Тое, што за тры тыдні да «выбараў» няма ніякага мэсэджу нацыянальна арыентаванай частцы грамадзтва, сьведчыць пра тое, што «тры штабы» адказнасьці за падзеі пасьля выбараў у плянах ня маюць. Матываваныя да вулічнага супрацьстаяньня ім не патрэбны. Таму пратэсты, пэўна, будуць стыхійныя, бессыстэмныя, а таму — задушаныя ўладай. Многія «альтэрнатыўныя» і «апазыцыйныя» пазнаёмяцца на “сутках”. І там змогуць абмеркаваць важнасьць беларускай мовы для станаўленьня свабоднага грамадзтва.

Хоць мой прагноз не аптымістычны, але падставы для аптымізму на аддаленую пэрспэктыву ёсьць. Меншая, але матываваная БЧБ-група грамадзянаў мусіць зразумець, што калі суайчыньнік не гаворыць па-беларуску і ня ведае, як пачынаецца верш «Пагоня», гэта не значыць, што ён гатовы крычаць «Пуцін, увядзі войскі!».

А з супрацьлеглага боку мусяць, нарэшце, зразумець, што ніхто не зьбіраецца ціснуць за няведаньне адрасоў БНР і мяккае «ч» у слове «шчыры». І што беларуская мова і дэмакратыя шмат для каго (не для ўсіх, але для многіх) сынонімы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG