Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША выказала занепакоенасьць з нагоды адступленьня дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе


Кангрэс ЗША.
Кангрэс ЗША.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ЗША падчас абмеркаваньня шляхоў паляпшэньня аслабленых у выніку пандэміі каранавірусу сувязяў з трансатлянтычнымі саюзьнікамі выказалі занепакоенасьць з нагоды адступленьня дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе.

Кангрэсмэны Біл Кітынг (дэмакрат, Масачусэтс) і Дына Тайтус (дэмакрат, Нэвада), выступаючы ў падкамітэце замежных спраў Палаты прадстаўнікоў, заявілі, што лідэры былых камуністычных краін, уключаючы Польшчу і Вугоршчыну, выкарысталі пандэмію для кансалідацыі ўлады.

«Мы бачылі парушэньні правоў чалавека. Мы бачылі, як на журналістаў нападалі. Мы шмат што бачылі ва Ўсходняй Эўропе, і я баюся, што мы будзем мець справу з наступствамі адступленьня дэмакратыі, якое адбылося падчас пандэміі, цягам многіх гадоў», — сказала Тайтус на слуханьнях.

Тайтус таксама заявіла, што яна «асабліва занепакоеная» тым, што Ўкраіна мяняе сваю праграму рэформаў.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які перамог летась на выбарах, паабяцаўшы змагацца з карупцыяй і прыцягнуць замежныя інвэстыцыі, звольніў свой урад, які выступіў за рэформы, у сакавіку, праз 6 месяцаў пасьля пачатку яго працы. Кіраўнік цэнтральнага банку таксама пайшоў у адстаўку ў гэтым месяцы пасьля таго, як паскардзіўся на палітычны ціск.

Адказваючы на пытаньні, зьвязаныя з Украінай, Рэйчэл Элгус, былая чыноўніца, якая займалася палітыкай NATO ў Міністэрстве абароны, сказала, што Злучаныя Штаты могуць каардынаваць свае дзеяньні з Польшчай, краінамі Балтыі і іншымі краінамі, каб «інвэставаць там значную суму грошай».

Джэймс Карафана, супрацоўнік у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і вонкавай палітыкі ў Heritage Foundation, заявіў, што інвэстыцыі ЗША ў энэргетычную інфраструктуру ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе могуць ня толькі стымуляваць рэгіянальны эканамічны рост, але і павысіць энэргетычную бясьпеку перад абліччам расейскай агрэсіі.

Летась Злучаныя Штаты прынялі законапраект, які прадугледжвае выдзяленьне 1 мільярда даляраў на фінансаваньне праектаў у галіне энэргетычнай інфраструктуры ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Тым ня менш Карафана заявіў, што запуск расейскага газаправоду Паўночны паток – 2 у Нямеччыну разбурыць эканамічнае абгрунтаваньне некаторых з праектаў, якія цяпер абмяркоўваюцца.

Кангрэс разглядае магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцый супраць Паўночнага патоку – 2, які можа падвоіць экспарт расейскага газу ў Нямеччыну. Расея спрабуе завяршыць праект, які пабудаваны больш як на 90%.

Экспэрты кажуць, што пандэмія каранаваірусу абцяжарвае і без таго напружаныя дачыненьні ЗША і ЭЗ, і заклікаюць да пашырэньня трансатлянтычнага супрацоўніцтва. У тым ліку для пошуку лекаў ад вірусу, а таксама для распрацоўкі інтэграваных паставак мэдычнага абсталяваньня, якія дапамаглі б зьменшыць узаемную залежнасьць саюзьнікаў ад Кітаю.

У апошнія гады Злучаныя Штаты і Эўразьвяз ня раз спрачаліся ў многіх пытаньнях, у тым ліку аб фінансаваньні NATO, гандлі, зьменах клімату і палітыкі адносна Ірану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG