Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ўсё ведалі даўно». Кітайская доктарка-вірусоляг абвінаваціла Кітай ва ўтойваньні праўды пра COVID


Кітайскі паліцыянт на плошчы Цяньаньмэнь у Пэкіне на тле партрэта Мао Цзэдуна. Люты 2002 г.
Кітайскі паліцыянт на плошчы Цяньаньмэнь у Пэкіне на тле партрэта Мао Цзэдуна. Люты 2002 г.

Кітайская дасьледчыца-вірусоляг, якая ўцякла ў ЗША з Ганконгу, абвінаваціла ўлады КНР ва ўтойваньні фактаў пра распаўсюд новага каранавірусу.

Доктар Янь Лімэн расказала амэрыканскім журналістам, што, на яе думку, Пэкін ведаў пра COVID-19 задоўга да таго, як вырашыў паведаміць пра новую хваробу астатняму сьвету. Жанчына сьцьвярджае, што яе кіраўнікі ў Кітаі ігнаравалі дасьледаваньні каранавірусу, якія яна праводзіла і якія, на яе думку, маглі б выратаваць сотні тысяч жыцьцяў, піша журналіст Аляксандар Госьцеў.

Гісторыя Янь Лімэн, якая здолела тайна пакінуць Кітай яшчэ ў канцы сёлетняга красавіка, зноў прыцягнула да сябе шмат увагі пасьля выхаду ў брытанскай газэце Sunday Mirror інтэрвію са Стывэнам Бэнанам, былым памочнікам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Бэнан заявіў, што з КНР у апошні час зьбегла мноства лекараў-вірусолягаў, у тым ліку тых, якія працавалі ў знакамітай лябараторыі ў горадзе Ухань. Паводле яго, яны пачалі супрацоўнічаць са спэцслужбамі ЗША і Вялікай Брытаніі і расказваюць жахлівыя рэчы.

Стывэн Бэнан
Стывэн Бэнан

Стывэн Бэнан падкрэсьліў, што ў ЗША з уцекачамі з КНР працуюць супрацоўнікі ФБР, якія спрабуюць мэтадам апытаньняў і супастаўленьняў стварыць дакладную карціну — як, калі і пры якіх абставінах у Кітаі зьявіўся вірус SARS-CoV-2 і ці мог ён сапраўды пратачыцца ў навакольны сьвет зь вірусалягічнай лябараторыі ва Ўхані, а не прыйсьці з прыроднага асяродзьдзя, напрыклад з аднаго зь мясцовых так званых «мокрых рынкаў», дзе гандлююць дзікімі жывёламі на забой.

Паводле інфармацыі Бэнана, гэтыя лекары, уцекачы на Захад, пачынаючы яшчэ зь лютага апавядаюць, што лябараторыя знаходзіцца ў «вельмі дрэнным стане» і «захады бясьпекі выконваюцца там жудасна».

«Гэтыя людзі ўсё яшчэ не гатовыя мець зносіны з журналістамі. Але так, у нас ёсьць лекары з розных кітайскіх шпіталяў і лябараторыяў, з Уханя ды іншых гарадоў, якія прывялі доказы вінаватасьці Камуністычнай партыі Кітаю (КПК) адразу ў некалькіх пунктах: і ў халатнасьці, і, галоўнае, ва ўтойваньні небясьпекі. Мяркую, што, калі гэтыя факты абнародуюць, многія з нас будуць шакаваныя», — заявіў Стывэн Бэнан.

Адна з такіх лекараў — Янь Лімэн, якая спэцыялізавалася ў сфэры вірусалёгіі і імуналёгіі ў Ганконскай школе грамадзкай аховы здароўя пры мясцовым унівэрсытэце. У адрозьненьне ад пераважнай большасьці сваіх былых калег, яна адважылася пагаварыць з журналістамі. У інтэрвію тэлеканалу Fox News і іншым амэрыканскім СМІ яна расказвае, як за некалькі гадзінаў да таго, як села 28 красавіка на рэйс ганконскай авіякампаніі Cathay Pacific, каб вылецець у Лос-Анджэлес, яна экстрана рыхтавала свае ўцёкі, пакавала адзіную кайстру і прабіралася міма датчыкаў руху і відэакамэраў ва ўнівэрсытэцкім кампусе. Яна ведала, што калі б яе злавілі, то напэўна кінулі б у турму, або яна стала б адной са зьніклых бязь вестак.

Янь Лімэн упэўнена заяўляе, што, на яе думку, кітайскі ўрад ведаў пра новы каранавірус задоўга да таго, як вырашыў расказаць аб зьяўленьні новай хваробы астатнім дзяржавам. Яна таксама дадае, што яе навуковыя кіраўнікі ў КНР, многія зь якіх вядомыя ў мэдычным сьвеце як вядучыя экспэрты ў сваёй галіне, ігнаравалі дасьледаваньні, якія яна праводзіла на пачатковым этапе пандэміі.

На думку Янь Лімэн, яны парушылі прафэсійны і этычны кодэкс. Але ў яе калегаў былі на тое прычыны, а менавіта страх за сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх сямейнікаў. Янь Лімэн кажа, што ўпэўненая ў тым, што і сама яна знаходзіцца ў велізарнай небясьпецы, нават на амэрыканскай зямлі і пад абаронай ФБР. Яна таксама баіцца, што ніколі ня зможа вярнуцца дадому і больш ніколі не пабачыць ні сваю сямʼю, ні сяброў.

Янь Лімэн, паводле яе, была адной зь першых у сьвеце навукоўцаў, якія вывучылі новы каранавірус. У канцы сьнежня 2019 году яе навуковы кіраўнік, начальнік лябараторыі Ганконскага ўнівэрсытэту, якую патрануе САЗ, доктар Леа Пун папрасіў яе, як яна кажа, вывучыць падазроныя і ўсё больш частыя выпадкі захворваньняў, якія нагадвалі сымптомамі дзеяньне вірусаў групы SARS, у мацерыковым Кітаі: «Але ўрад КНР і КПК адмовілася дазволіць замежным экспэртам, у тым ліку ў Ганконгу, праводзіць дасьледаваньні ў самім Кітаі. Таму я зьвярнулася да сваіх сяброў, каб атрымаць больш інфармацыі».

У жанчыны была шырокая сетка прафэсійных кантактаў у розных мэдычных установах мацерыковага Кітаю, дзе яна вырасла і вучылася ў розных ВНУ. Янь Лімэн кажа, што менавіта з гэтай прычыны яе папрасілі правесьці такога кшталту дасьледаваньне, асабліва з улікам таго, што яе каманда ведала, што яны не атрымаюць праўдзівай інфармацыі ад уладаў. Адзін зь яе сяброў, навуковец з Цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў у Кітаі, ведаў пра выпадкі гэтых захворваньняў зь першых рук, і, па яе словах, 31 сьнежня расказаў Янь аб перадачы новай хваробы ад чалавека чалавеку, гэта значыць задоўга да таго, як Кітай і САЗ прызналі, што такое магчыма.

Ухань, травень 2020
Ухань, травень 2020

Паводле Янь Лімэн, яна паведаміла пра гэта начальніку: «Ён толькі кіўнуў у адказ і загадаў мне працягваць працаваць», — пацьвярджае яна. Празь некалькі дзён, 9 студзеня 2020-га, САЗ зрабіў наступную заяву: «На думку кітайскіх уладаў, вірус можа выклікаць цяжкую хваробу ў некаторых пацыентаў, але ня можа лёгка перадавацца ад чалавека да чалавека».

Шматлікія лекары і навукоўцы па ўсім Кітаі, як кажа Янь Лімэн, актыўна абмяркоўвалі новы вірус — да таго часу, пакуль не заўважылі рэзкую зьмену агульнага тону начальства і чыноўнікаў КПК: «Як быццам выключылі гук. Нашы калегі з Уханя, які пасьля стаў эпіцэнтрам успышкі COVID-19, перасталі з намі размаўляць, а ўсіх астатніх, і нас, строга папярэдзілі, каб мы не пыталіся іх ні пра якія падрабязнасьці. Некаторыя лекары перашэптваліся: «Мы ня можам гаварыць пра гэта, але нам трэба насіць маскі».

Затым, згодна зь яе крыніцамі, колькасьць выпадкаў перадачы вірусу ад чалавека да чалавека ва ўсёй КНР стала расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі, і Янь вырашылася самастойна цішком шукаць адказы: «Было шмат, вельмі шмат пацыентаў, якія не атрымлівалі своечасова ні лячэньня, ні нават дыягназу. Лекары ў шпіталях былі прыгнечаныя і напалоханыя».

Яна апавядае, што зноў паведаміла аб сваіх высновах кіраўніку 16 студзеня — і менавіта тады ён нібыта загадаў ёй маўчаць і быць вельмі асьцярожнай. «Ён папярэджваў мяне некалькі разоў: „Не пераступайце забароненай рысы. У нас будуць праблемы, мы можам проста прапасьці“».

Чарга на здачу аналізаў на антыцелы да новага каравірусу ў Пэкіне - пасьля новай успышкі эпідэміі ў горадзе. 30 чэрвеня 2020
Чарга на здачу аналізаў на антыцелы да новага каравірусу ў Пэкіне - пасьля новай успышкі эпідэміі ў горадзе. 30 чэрвеня 2020

Янь Лімэн у інтэрвію Fox News гаворыць, што адчувае сябе абавязанай расказаць праўду сьвету, нягледзячы на магчымыя наступствы. Яна здолела зьвязацца зь вядомым ганконскім блогерам Лю Дэ, які з жыве ў ЗША. Пасьля таго, як яна падзялілася зь ім падазрэньнямі, ён заявіў Янь, што ёй трэба тэрмінова зьяжджаць, магчыма, у Злучаныя Штаты, дзе ёй не давядзецца ўвесь час азірацца праз плячо. Толькі тады яна будзе ў бясьпецы і зможа гаварыць пра ўсё адкрыта, дадаў ён. Квіток на рэйс у ЗША яна здолела купіць 27 красавіка. Ужо на наступны дзень Янь Лімэн сядзела ў самалёце.

У той час як Янь, прайшоўшы праз шматлікія допыты ў ФБР, спрабавала неяк уладкавацца ў ЗША, яе сябры і сямʼя ў КНР, паводле яе, сутыкнуліся з сапраўдным пеклам. У прыватнасьці, агенты кітайскіх спэцслужбаў у яе родным горадзе разграмілі яе маленькую кватэру і груба дапытвалі яе бацькоў. Калі яна зьвязалася з маці і бацькам, яны пачалі маліць яе вярнуцца дадому, кажучы, што яна ня ведае, што робіць, і папрасілі яе здацца і адмовіцца ад усякага супрацьстаяньня з уладамі. А Ўнівэрсытэт Ганконгу выдаліў яе старонку са свайго сайту і закрыў ёй доступ да працоўнай пошты.

Прадстаўнік унівэрсытэту заявіў, што Янь Лімэн больш не зьяўляецца іх супрацоўніцай, і адмовіся адказваць на ўсе іншыя пытаньні — толькі дадаў, што не раскрывае асабістай інфармацыі пра яе «з павагі да нашых цяперашніх і былых супрацоўнікаў». «Доктар Янь Лімэн ніколі не займалася ніякімі дасьледаваньнямі перадачы COVID-19 ад чалавека да чалавека ў сьнежні 2019 — студзені 2020 году», — таксама гаворыцца на сайце Ўнівэрсытэту Ганконгу.

Паліцыянты каля рынку ў Пэкіне
Паліцыянты каля рынку ў Пэкіне

Сьведчаньні і абвінавачваньні Янь Лімэн у адрас Пэкіну не адзіныя. Раней, у сярэдзіне траўня, вядомы кітайскі эпідэміёляг і пульманоляг Чжун Наньшань расказаў у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CNN пра тое самае — як менавіта кітайскія ўлады, і асабліва гарадзкая адміністрацыя Уханя, утойвалі дадзеныя аб маштабах і небясьпецы эпідэміі COVID-19. Менавіта гэты навуковец у 2003 годзе быў адным зь першых лекараў у КНР, хто выявіў каранавірус SARS-CoV, які выклікаў усплёск «атыповай пнэўманіі». Тады ён стаў сусьветнай знакамітасьцю — за абвяржэньне афіцыйных заяваў Пэкіну, што захворваньне не ўяўляла амаль ніякай небясьпекі. Заходнія СМІ называлі Чжун Наньшаня «героем SARS» за яго дзейнасьць падчас эпідэміі «атыповай пнэўманіі».

Як у сярэдзіне траўня расказвалі журналісты CNN, у сярэдзіне студзеня 2020 году Чжун Наньшань прыехаў ва Ўхань — і менавіта ён і заявіў на ўвесь сьвет, што новы каранавірус SARS-CoV-2 усё ж перадаецца ад чалавека да чалавека. У гэты час Пэкін афіцыйна ўсё яшчэ паўтараў, што ніякіх доказаў гэтаму няма, і называў чарговую эпідэмію «кантраляванай». Паводле лекара, у яго ўзьніклі падазрэньні пасьля таго, як афіцыйная колькасьць захварэлых ва Ўхані (41 чалавек) не зьмянялася на працягу 10 дзён, у той час як ужо зьяўляліся зьвесткі аб заражаных людзях за межамі КНР: «У той час мясцовыя ўлады не хацелі казаць праўды. У самым пачатку яны маўчалі, і тады я адважыўся сказаць, што, магчыма, у нас хварэе значна большая колькасьць людзей».

А ў пачатку чэрвеня пра тое, як улады КНР, відавочна, доўгі час вадзілі за нос Сусьветную арганізацыю аховы здароўя, расказалі журналісты міжнароднага агенцтва навінаў Associated Press. Яны таксама нагадалі, як на працягу ўсяго студзеня САЗ публічна хваліла Кітай за тое, што яна назвала «хуткай рэакцыяй на зьяўленьне новага каранавірусу». САЗ неаднаразова дзякавала кітайскаму ўраду за тое, што ён «неадкладна» падзяліўся генэтычнымі дадзенымі SARS-CoV-2, і адзначыла, што прыхільнасьць Пэкіну прынцыпам адкрытасьці была «вельмі ўражлівай і нават не паддаецца апісаньню словамі». Аднак за кулісамі засталася зусім іншая гісторыя: як пісала Associated Press, на самой справе, нягледзячы на ўсе аплядысмэнты, Кітай, напрыклад, фактычна апублікаваў генэтычную карту, або геном, новага каранавірусу больш як праз тыдзень пасьля таго, як тры яго розныя ўрадавыя лябараторыі цалкам расшыфравалі гэтую інфармацыю.

Галоўнай прычынай зноў быў жорсткі кантроль над рухам любых дадзеных такога кшталту з боку КПК, пра што сьведчаць сёньня дзясяткі новых інтэрвію і апублікаваных унутраных дакумэнтаў. І менавіта ў той момант падрабязныя зьвесткі аб усіх выпадках інфікаваньня новым каранавірусам маглі б у разы зьнізіць сьмяротнасьць пацыентаў па ўсім сьвеце і запаволіць хуткасьць распаўсюджваньня COVID-19 — разам з паскарэньнем глябальных распрацовак неабходных тэстаў, лекаў і вакцынаў.


Арыгінал артыкулу на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG