Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска з Паўднёвай Карэі пра пандэмію, адкрытую навуку і карантын на чужыне


Ганна Шмагун
Ганна Шмагун

Паўднёвая Карэя стала адной зь першых краінаў сьвету, дзе зафіксавалі ўсплёск каранавірусу, і адным з галоўных цэнтраў распаўсюду хваробы. Гэтая ж краіна стала прыкладам хуткай яе лякалізацыі. Тым ня менш, нядаўна паўднёвакарэйскія СМІ паведамілі, што ў Сэуле і яго ваколіцах пачалася новая хваля COVID-19.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Беларуска Ганна Шмагун вучыцца ў асьпірантуры ў Тэджоне — «паўднёвакарэйскай Сыліконавай даліне» — і працуе дасьледніцай у прэстыжным Карэйскім інстытуце навукі і тэхналёгіі (KISTI), які займаецца распрацоўкаю адкрытай навукі. Пандэмія нечакана дала яе досьледам новы кірунак.

Каранавірус выявіў, наколькі сьвет не падрыхтаваны да надзвычайных эпідэмічных сытуацыяў, і зрабіў відавочнай важнасьць адкрытай навукі. А гэта якраз тое, над чым працуе Ганна Шмагун. Пра свае дасьледаваньні і паўднёвакарэйскі досьвед яна расказала ў інтэрвію Свабодзе.

Традыцыйны паўднёвакарэйскі фэстываль
Традыцыйны паўднёвакарэйскі фэстываль

Карантын на чужыне

— Чаму адразу ня зьехала дадому? Вядома, маці клікала мяне ў Беларусь, хвалявалася, але пандэмія разьвівалася надзвычай хутка, і часу для манэўру не было. Да таго ж я павінна з панядзелка па пятніцу хадзіць у офіс навуковага інстытуту, дзе працую. А небясьпечна цяпер паўсюль...

Паўднёвакарэйскія студэнты і асьпіранты пасьля заняткаў працягваюць вучобу ў кавярнях. Раней я звычайна пасьля працоўнага дня ішла на трэніроўку тхэквандо, пасьля вячэрала дома, і потым ужо да ночы працавала ў інтэрнэт-кавярні. Але падчас пандэміі скараціла хаджэньне па вуліцах, у публічныя месцы, і амаль цалкам перамясьцілася ў сьцены інстытуту.

На трэніроўцы па тхэквандо. Ганна — другая справа
На трэніроўцы па тхэквандо. Ганна — другая справа

Сярод цяжкасьцяў, зьвязаных з пандэміяй, канкрэтна для мяне:

— невядома, калі змагу наведаць Беларусь (на сёньня абавязковы строгі двухтыднёвы карантын для тых, хто вярнуўся ў Карэю з-за мяжы);

— міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, у якіх мне трэба ўдзельнічаць, пераходзяць на Zoom-фармат, што не спрыяе разьвіцьцю прафэсійных сувязяў;

— цяжка сядзець у межах адной дзяржавы. Да пандэміі шмат даводзілася падарожнічаць і весьці актыўнае жыцьцё. Цяпер, калі я з вамі гавару, я павінна была выступаць з дакладам на канфэрэнцыі ў Нідэрляндах.

Чаму менавіта Паўднёвая Карэя

— Мае навуковыя інтарэсы ўключаюць лічбавую трансфармацыю дзяржаўнага кіраваньня, навукі і грамадзтва. Кажучы спрошчана, гэта пераход на лічбавыя тэхналёгіі ва ўзаемадзеяньні людзей зь дзяржавай, укараненьне сучасных тэхналёгіяў у навуковую камунікацыю, працу органаў улады. Паўднёвая Карэя — сярод вядучых краінаў сьвету ў гэтай галіне, і гэтым яна мяне прывабіла.

Два гады таму я ўпершыню прыехала сюды на паўгадавую навуковую стажыроўку. Потым паступіла ў асьпірантуру і адначасна працую дасьледніцай у Карэйскім інстытуце навукі і тэхналёгіі (Korean Institute of Science and Technology). Гэта дзяржаўны навуковы інстытут, які займаецца сыстэматызацыяй навукова-тэхнічнай інфармацыі і потым прадстаўляе яе для шырокага доступу, каардынуе разьвіцьцё адкрытай навукі.

Каля інстытуцкага будынку гуляюць качкі
Каля інстытуцкага будынку гуляюць качкі

Што такое «адкрытая навука»

  • Гэта максымальная адкрытасьць на кожным этапе дасьледаваньня і прадстаўленьне неабмежаванага доступу, напрыклад, да навуковых дадзеных і вынікаў досьледаў.
  • Гэта супрацоўніцтва паміж дасьледчыкамі з розных дысцыплінаў, дзяржаўнымі ўстановамі, прадстаўнікамі бізнэсу і г.д.
  • Гэта таксама ўдзел грамадзкасьці ў навуковым працэсе і папулярызацыя навукі, так званая «грамадзянская навука» (citizen science).

— Патлумачу на прыкладзе. На пачатку сучаснай пандэміі Кітай не забясьпечыў усясьветную навуковую супольнасьць своечасовай і дакладнай інфармацыяй пра новы каранавірус. А падчас надзвычайнай эпідэмічнай сытуацыі посьпех залежыць ад таго, наколькі хутка можна вызначыць усе характарыстыкі невядомага вірусу і зьвязаныя зь ім паталёгіі.

Сакура ў Тэджоне
Сакура ў Тэджоне

Як пандэмія паўплывала на кірунак досьледаў

— У пэрыяд COVID-19 сьвет прызнаў важнасьць адкрытай навукі для барацьбы з пандэміяй. Шмат дзе стварылі адкрытыя базы доступу да зьвестак пра геном, бялковыя структуры вірусу ды іншых навуковых зьвестак. Вядучыя міжнародныя навуковыя часопісы далі бясплатны доступ да часткі артыкулаў пра каранавірус.

З другога боку — пандэмія выявіла, наколькі сьвет не падрыхтаваны да надзвычайных эпідэмічных сытуацыяў.

  • Па-першае, да пандэміі далёка ня ўсе краіны мелі сыстэматызаваныя базы навуковай інфармацыі ў адкрытым доступе (такую інфраструктуру немагчыма збудаваць за кароткі час у крызісных сытуацыях).
  • Па-другое, калі краіны і мелі пэўныя навуковыя інфармацыйныя сыстэмы, паміж імі часта існавала тэхнічная несумяшчальнасьць для хуткага абмену інфармацыяй.
  • Па-трэцяе, краіны не былі гатовыя да спрашчэньня складаных бюракратычных працэдур у галіне навукі (напрыклад, як дасьледнікам вельмі хутка атрымаць фінансаваньне на навуковы праект, падзяліцца прамежкавымі вынікамі досьледаў).
  • Па-чацьвертае, не былі прадуманыя каналы, як даносіць да звычайных людзей навукова падмацаваную і крытычна важную інфармацыю пра вірус.

І шмат якія ініцыятывы адкрытай навукі, распачатыя падчас пандэміі (напрыклад, адкрыты доступ да важных навуковых публікацыяў) — хутчэй, часовая рэакцыя, а не пасьлядоўная палітыка.

Такім чынам, я вывучаю цяпер, якой павінна быць у ідэале адкрытая навука і як яна павінна паводзіць сябе ў надзвычайных сытуацыях кшталту эпідэміяў.

Выступ на канфэрэнцыі
Выступ на канфэрэнцыі

Пандэмія перамагае бюракратыю

— Падчас пандэміі навукоўцы залежаць ад рашэньняў і палітыкі ўладаў, каб атрымаць доступ да навуковай, клінічнай і адміністрацыйнай інфармацыі. Прыклад Паўднёвай Карэі — паказальны.

Тут адкрытая навука падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні ў сэнсе ліквідацыі бар’ераў на шляху навуковых досьледаў. Паўднёвая Карэя запусьціла праект #opendata4Covid19, які дае дасьледнікам доступ да ананімізаваных клінічных дадзеных пацыентаў, інфікаваных каранавірусам (вынікі зробленых у Карэі тэстаў на COVID-19, дадзеныя, зьвязаныя з мэдычнымі паслугамі, і інш.). Гэта адзіны ў сьвеце праект такога кшталту.

Рызыка адкрытай інфармацыі

— У ідэале шырокае адкрыцьцё дадзеных не павінна парушаць прыватнасьці чалавека. Аднак Паўднёвая Карэя — прыклад таго, як у надзвычайнай сытуацыі інтарэсы грамадзкай аховы здароўя могуць атрымаць прыярытэт.

Так выглядае паведамленьне пра перамяшчэньне інфікаванага, якое прыходзіць на смс
Так выглядае паведамленьне пра перамяшчэньне інфікаванага, якое прыходзіць на смс


У якасьці выключэньня Карэя адкрыла прыватныя дадзеныя аб перамяшчэньні пацьверджаных або патэнцыйна інфікаваных асобаў. GPS-інфармацыя зьбіраецца з мабільных тэлефонаў, і кожны жыхар атрымлівае смс пра маршрут руху інфікаванага за апошнія дні па гадзінах, каб старацца пазьбягаць гэтых месцаў. Такія сыгналы небясьпекі прыходзяць на мой тэлефон пастаянна.

Гэтыя надзвычайныя захады былі зробленыя нягледзячы на тое, што Закон аб абароне асабістай інфармацыі Паўднёвай Карэі прызнаны адным з самых строгіх у сьвеце. Ён настолькі строгі, што шмат стартапаў зьяжджалі ў краіны Эўразьвязу ці ЗША, бо цяжка было выконваць патрабаваньні такога заканадаўства.

Забаўная ілюстрацыя да тутэйшага культу прыватнасьці. Усе смартфоны ў Паўднёвай Карэі прадаюцца з убудаванай функцыяй для камэры — калі ты робіш здымак ці відэа, гук шчаўчка затвору нельга адключыць. Гэта каб людзі ведалі, што ты іх здымаеш.

На пачатку пандэміі празь недахоп масак па іх зьбіраліся чэргі
На пачатку пандэміі празь недахоп масак па іх зьбіраліся чэргі

Але ў часе такой катастрофы, як COVID, частковае адмаўленьне ад прыватнасьці лічыцца часовым сацыяльным кампрамісам. У Паўднёвай Карэі спачатку ішлі гарачыя дыскусіі, аднак грамадзкасьць суцешылі тым, што інфармацыя ананімізаваная, асобу нельга ідэнтыфікаваць, зьвесткі выкарыстоўваюцца толькі ў эпідэміялягічных мэтах і зьнішчаюцца пасьля завяршэньня расьсьледаваньня.

Паўднёвакарэйцы маюць давер да ўраду і супрацоўнічаюць зь ім, асабліва ў крызіснай сытуацыі — гэта частка нацыянальнага мэнталітэту.

Як паўднёвакарэйскі характар і звычкі ўплываюць на барацьбу з пандэміяй

— Увогуле, паўднёвыя карэйцы вельмі дысцыплінаваныя (я б нават сказала, занадта). Як правіла, яны старанна выконваюць усе інструкцыі ўладаў. Яны законапаслухмяныя, прытрымліваюцца загадаў начальства, для іх важныя фармальнасьці, грамадзкая думка. Напрыклад, гэта тычыцца абавязковага нашэньня масак.

У чаканьні цягніка на вакзале. Маскі і сацыяльная дыстанцыя
У чаканьні цягніка на вакзале. Маскі і сацыяльная дыстанцыя

Яны вельмі стрыманыя ў дэманстрацыі сваіх эмоцыяў. Нават поціск рукі — ня вельмі распаўсюджаны жэст пры дзелавых сустрэчах.

У Паўднёвай Карэі не было надта жорсткіх карантынных захадаў — напрыклад, установы грамадзкага харчаваньня ніколі не зачыняліся. Але Карэя — калектывісцкае грамадзтва: тут ёсьць традыцыя пры сумеснай трапэзе ў рэстарацыях ці дома есьці пэўныя стравы з адной талеркі. Таму ў інструкцыях аб мерах бясьпекі падчас пандэміі, якія прыходзяць на тэлефон, гаворыцца і пра тое, што трэба выкарыстоўваць асабістыя талеркі.

Трэба таксама адзначыць карэйскі працагалізм, асабліва ў крызіс. Адпачынак у іх у сярэднім 10 дзён на год, працоўны дзень не лімітаваны. Павінна сказаць: калі я працую побач зь імі — гэта заражае, і ў мяне самой павялічваецца працаздольнасьць. З другога боку, як на мяне, прыярытэт прафэсійнай кар’еры тут аж празьмерны, і, як вынік, нацыя шчасьлівых людзей — гэта не пра Карэю.

Панарама Тэджону
Панарама Тэджону

Карэйцы пра беларускі шлях пандэміі

— Паўднёвыя карэйцы, хто ў тэме, ня могуць паверыць, як такое можа быць. Напрыклад, вельмі дзівіліся навінам пра адзіны футбольны чэмпіянат на плянэце, які адбываўся падчас пандэміі ў Беларусі.

У Беларусі каранавірус зьявіўся значна пазьней, чым у Паўднёвай Карэі і шмат якіх іншых краінах, то бок было значна больш часу падрыхтавацца. Таксама шчыльнасьць насельніцтва ў Карэі большая, што для вірусу спрыяльна. Але, паводле афіцыйных зьвестак, на сёньня колькасьць інфікаваных у Беларусі амаль у 5 разоў перавышае колькасьць выпадкаў у Паўднёвай Карэі (у Беларусі — 64 003, у Карэі — 13 244), колькасьць сьмерцяў у Беларусі — 436, у Карэі — 285.

Шанцы «адкрытай навукі» ў Беларусі

— Адкрытая навука — гэта ўжо глябальны трэнд, асабліва пасьля пандэміі. Для таго каб весьці навуковыя стасункі зь іншымі краінамі, Беларусь павінна будзе разьвіваць гэтую галіну. Напрыклад, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях РБ, БелІСА (Беларускі інстытут сыстэмнага аналізу) і НАН пачалі наладжваць супрацоўніцтва з KISTI, які каардынуе разьвіцьцё адкрытай навукі ў Паўднёвай Карэі.

Большасьць навуковых досьледаў фінансуецца дзяржавай, таму ў ідэале адкрытая навука — гэта нацыянальныя ініцыятывы зьверху (заканадаўства, тэхналёгіі і г.д.). У Беларусі пакуль няма спрыяльных умоваў і наладжаных сэрвісаў. Дый інфраструктура адкрытай навукі — гэта дадатковыя фінансавыя выдаткі.

Унівэрсытэцкая бібліятэка ў Тэджоне
Унівэрсытэцкая бібліятэка ў Тэджоне

Ёсьць таксама прыклады, калі краіны пачыналі з ініцыятываў зьнізу — на ўзроўні ўнівэрсытэцкіх бібліятэк ці навуковых груп стваралі адкрытыя базы зьвестак. Таксама ніхто не перашкаджае беларускім навукоўцам публікаваць на ангельскай мове прэпрынты сваіх артыкулаў на міжнародных сайтах (bioRxiv.org, chemrxiv.org, ArXiv.org і інш.), каб камунікаваць з навукоўцамі зь іншых краін. Хуткі абмен папярэднімі вынікамі дасьледаваньня ў форме прэпрынтаў стаў вельмі папулярным, асабліва ў часе пандэміі. Я ведаю, што некаторыя беларускія дасьледнікі, якія займаюцца пытаньнямі каранавірусу, публікавалі прэпрынты на міжнародных сайтах.

То бок стварэньне адкрытай навукі ў Беларусі залежыць і ад саміх беларускіх навукоўцаў. Аднак досьвед іншых краін паказвае, што шмат хто ставіцца да свайго досьледу як да асабістай уласнасьці. Пры браку фінансавай падтрымкі і заахвочваньняў далёка ня кожны будзе дзяліцца інфармацыяй на альтруістычных асновах.

Горад Чхонджу, дзе Ганна жыла першыя паўгода ў Паўднёвай Карэі
Горад Чхонджу, дзе Ганна жыла першыя паўгода ў Паўднёвай Карэі

Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах

— Галасаваць я дакладна ня буду. Галасаваньне, як і навука, павінна быць адкрытае, празрыстае. Пакуль гэтага няма, і няма кандыдата, які б выклікаў давер.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG