Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя: як можна адзначыць нацыянальнае сьвята ў асаблівых умовах


Удзельніцы параду ў Францыі
Удзельніцы параду ў Францыі

У Францыі нацыянальнае сьвята 14 ліпеня –​ Дзень узяцьця Бастыліі​ – адзначаюць у асаблівых умовах з прычыны санітарных абмежаваньняў. Галоўнымі героямі сьвята стануць мэдыкі, як цывільныя, так і вайсковыя, а ганаровымі гасьцямі — міністры аховы здароўя краін-суседак, якія прымалі францускіх пацыентаў з COVID-19. 14 ліпеня ў Парыжы раніцай прайшоў авіяцыйны парад, а ўвечары салют ля Эйфелевай вежы можна будзе ўбачыць толькі здалёк.

Упершыню ад 1945 году ў дзень Нацыянальнага сьвята 14 ліпеня парыжане ня ўбачаць традыцыйнага вайсковага параду на Елісейскіх палях, паведамляе RFI. Ва ўмовах эпідэміі каранавірусу і санітарных абмежаваньняў праход войскаў у цэнтры францускай сталіцы было вырашана адмяніць.

Гадавіну ўзяцьця Бастыліі адзначаць урачыстай цырымоніяй на плошчы Згоды з удзелам каля 2000 чалавек. Закрытую для публікі імпрэзу французы змогуць убачыць толькі ў тэлевізійнай трансьляцыі.

Каго ўшаноўваюць у нацыянальнае сьвята

У дзень Нацыянальнага сьвята 14 ліпеня ў Францыі гэтым разам ушаноўваць будуць найперш тых, хто знаходзіўся на перадавой барацьбы з эпідэміяй у пэрыяд усеагульнага карантыну. Гэта мэдыкі, а таксама актывісты гуманітарных НДА і людзі тых прафэсіяў, якія не спынялі працу, забясьпечваючы жыцьцёвыя патрэбы краіны ў пэрыяд крызісу.

Ганаровыя госьці на трыбунах — гэта лекары і мэдсёстры, санітары і касіры, паштары і кур’еры, настаўнікі, муніцыпальныя службоўцы і прадпрымальнікі, якія засвоілі выпуск неабходнай краіне прадукцыі санітарнага і мэдычнага прызначэньня.

Ганаровымі замежнымі гасьцямі сьвята 14 ліпеня сталі вайсковыя падразьдзяленьні, а таксама міністры аховы здароўя Нямеччыны, Швэйцарыі, Люксэмбургу і Аўстрыі. У разгар эпідэміі каранавірусу гэтыя эўрапейскія краіны прынялі ў сваіх шпіталях францускіх пацыентаў з COVID-19.

Што традыцыйны вайсковы складнік сьвята?

Замест дэманстрацыі вайсковай моцы армія прадставіць усе свае магчымасьці, задзейнічаныя ў барацьбе з эпідэміяй. 25 сакавіка прэзыдэнт Эманюэль Макрон абвясьціў пра пачатак адмысловай апэрацыі Résilience («Устойлівасьць»), у рамках якой вайскоўцы прыйшлі на дапамогу цывільным уладам падчас санітарнага крызісу.

Салют увечары 14 ліпеня пройдзе ў Парыжы ў нязвыклых для гараджан умовах. На Марсавым полі, ля падножжа Эйфэлевай вежы, дзе ўвечары з нагоды нацыянальнага сьвята зьбіраецца ня менш як паўмільёна чалавек, будзе амаль пуста. Прэфэктура сталіцы абвясьціла аб закрыцьці для публікі ўсяго шырокага сэктару, у якім звычайна праходзяць масавыя народныя гуляньні ўвечары 14 ліпеня.​

Віншаваньне Лукашэнкі

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона з Нацыянальным сьвятам.

«Згодзен з вамі ў тым, што 75-я гадавіна заканчэньня Другой сусьветнай вайны зноў вяртае нас да вытокаў салідарнасьці ў сучаснай Эўропе. Супрацьстаяньне новым выклікам, адным зь якіх сёньня для ўсіх стала пандэмія каранавірусу, павінна яшчэ больш мабілізаваць сумесныя намаганьні на нашым кантынэньце», – гаворыцца ў віншаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG